Заходні акруговы суд Сэула задаволіў запыт Упраўленьня расьсьледаваньні карупцыі супраць адказных дзяржаўных асобаў (CIO) аб выдачы ордэра на затрыманьне Юн Сок Ёля і на вобшук прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі ў цэнтры сталіцы краіны.
Як паведаміла выданьне Yonhap, гэта першы выпадак, калі ордэр выдалі на затрыманьне дзейнага прэзыдэнта.
Запыт на ордэр падалі пасьля таго, як Юн Сок Ёль праігнараваў усе тры выклікі на допыт у сувязі з кароткатэрміновым увядзеньнем ваеннага становішча.
Каманда яго адвакатаў заявіла, што ня можа прыняць ордэр на затрыманьне і назвала яго «незаконным і несапраўдным», паколькі ён быў выданы на запыт сьледчага органу, які ня мае эфэктыўнай юрысдыкцыі. Сваю заяву яны абнародавалі ў адмысловым прэс-рэлізе.
Аднак, як піша выданьне Yonhap, пры выдачы ордэру суд адхіліў прэтэнзіі Юн Сок Ёля аб тым, што CIO ня мае юрысдыкцыі расьсьледаваць справы аб мяцяжы, таму запыт на ордэр быў незаконным.
Згодна з паўднёвакарэйскім заканадаўствам, Юн Сок Ёль мае прэзыдэнцкі імунітэт па большасьці артыкулаў крымінальнага перасьледу, але гэтая норма не датычыць выпадкаў, калі палітыка абвінавачваюць у мяцяжы або дзяржаўнай здрадзе.
Прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль 3 сьнежня абвесьціў у краіне надзвычайнае ваеннае становішча, назваў апазыцыю «антыдзяржаўнай сілай» і заявіў, што дзейнічае, каб абараніць краіну ад «пагроз» з боку Паўночнай Карэі, але пры гэтым ніякіх падрабязнасьцяў не ўдакладніў. Вайскоўцы пасьля гэтага заявілі, што дзейнасьць парлямэнту і палітычных партый будзе забароненая і зрабілі спробу ўвайсьці ў будынак парлямэнту.
Пасьля галасаваньня ў парлямэнце за рэзалюцыю з патрабаваньнем скасаваць ваеннае становішча вайскоўцы выйшлі з парлямэнту. Ноччу 4 сьнежня паводле мясцовага часу Юн Сок Ёль заявіў аб скасаваньні ваеннага становішча, які быў абвешчаны ўпершыню з 1980 году.
Пракуратура расьсьледуе справу аб дзяржаўнай здрадзе і злоўжываньні ўладай з боку дзейнага прэзыдэнта Юн Сок Ёля. У сувязі з крымінальнай справай яму забаранілі выезд з краіны.
Юн Сок Ёль раней адхіліў абвінавачаньні ў мяцяжы і сказаў, што ўвядзеньне ваеннага становішча было «глыбока ўзважаным палітычным рашэньнем».
14 сьнежня парлямэнт Паўднёвай Карэі прагаласаваў за адхіленьне Юн Сок Ёля ад пасады прэзыдэнта краіны. 16 сьнежня Канстытуцыйны суд Паўднёвай Карэі пачаў разгляд справы аб імпічмэнце.
Канстытуцыйны суд павінен прыняць канчатковае рашэньне аб іміпічмэнце або прызнаць яго неканстытуцыйным. На ўхваленьне рашэньня суд мае каля паўгода.
Форум