«Я, карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць яго з абраньнем на пасаду прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі, — сказаў Уладзімір Пуцін. — Як я ўжо раней казаў, мы будзем працаваць зь любым кіраўніком дзяржавы, якому акажа давер амэрыканскі народ. Так будзе сапраўды і на практыцы».
Пуцін сказаў, што пачуў у словах Дональда Трампа імкненьне аднавіць адносіны з Расеяй і «садзейнічаць завяршэньню ўкраінскага крызісу». Пасьля гэтага прэзыдэнт Расеі сьцьвярджальна адказаў на пытаньне, ці гатовы ён да размовы з новаабраным прэзыдэнтам ЗША, калі той яму патэлефануе да інаўгурацыі. «Гатовы, гатовы», — сказаў Пуцін.
«Я не лічу ганебным і са свайго боку яму патэлефанаваць. Проста не раблю гэтага, таму што кіраўнікі заходніх дзяржаў зь нейкага этапу, ледзь ня кожны тыдзень мне тэлефанавалі, а потым раптам перасталі. Не жадаюць, ну і ня трэба. Мы як бачыце, жывыя-здаровыя», — дадаў ён.
Гаворачы пра званкі заходніх палітыкаў, Пуцін, імаверна, меў на ўвазе пэрыяд перад пачаткам поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну і адразу пасьля яго.
Разважаючы пра асобу Дональда Трампа, Пуцін адзначыў, што той «на першым тэрміне (на пасадзе прэзыдэнта ЗША — рэд.) баяўся зрабіць лішні крок, сказаць лішняе слова», але як ён будзе паводзіць сябе падчас другога прэзыдэнцкага тэрміну, «пакуль не вядома». Таксама Пуцін адзначыў, што ўразіўся паводзінамі Трампа падчас замахаў на яго. «Чалавек праяўляе сябе ў экстраардынарных умовах. І ён праявіў сябе, на мой погляд, вельмі правільна, мужна, як мужчына», — заявіў Пуцін.
- Да гэтага Пуцін публічна не выказваўся пра перамогу Трампа на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША. Ягоны прэс-сакратар Дзьмітры Пяскоў раней сказаў, што ня ведае, ці хоча Пуцін павіншаваць абранага прэзыдэнта ЗША. «Усё ж давайце не забываць, што гаворка ідзе пра несяброўскую краіну, якая наўпрост і ўскосна ўцягнутая ў вайну супраць нашай дзяржавы», — дадаў Пяскоў.
- Выданьне «Вёрстка» са спасылкай на крыніцы, блізкія да Крамля, і крыніцы ў расейскім парлямэнце сьцьвярджае, што Пуцін яшчэ раней перадаў віншаваньне Трампу зь перамогай на выбарах «праз знаёмых». Пяскоў гэта адмаўляе, у штабе Трампа гэтую інфармацыю не камэнтавалі.
- Аляксандар Лукашэнка, як і шэраг лідэраў іншых дзяржаваў, яшчэ 6 лістапада павіншаваў Трампа зь перамогай на выбарах.
Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША 2024 году
- За перамогу змагаліся два палітыкі: былы прэзыдэнт, 78-гадовы Дональд Трамп, кандыдат ад Рэспубліканскай партыі, і віцэ-прэзыдэнтка, 60-гадовая Камала Гарыс, кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі. Па выніках выбараў Дональд Трамп забясьпечыў сабе вяртаньне ў Белы дом.
- Дональд Трамп балятаваўся на пасаду трэці раз. У 2020 годзе ён прайграў Джо Байдэну.
- Трамп стаў другім прэзыдэнтам у гісторыі, які выйграў выбары пасьля перапынку ў кадэнцыях. Адзіным прэзыдэнтам, які дасягнуў гэтага, быў Гровэр Кліўлэнд, яшчэ ў канцы XIX стагодзьдзя.
- Камала Гарыс замяніла Джо Байдэна на выбарах ад Дэмакратычнай партыі. Гэта адбылося пасьля ягонага кепскага выступу на дэбатах з Дональдам Трампам, які падкрэсьліў, што ёсьць прычыны для занепакоенасьці ягоным узростам.
- Гарыс падкрэсьлена падтрымлівала права на аборты пасьля рашэньня Вярхоўнага суду ў 2022 годзе, якое спыніла канстытуцыйнае права на аборты. Гарыс назвала Трампа «пагрозай для дэмакратыі», адзначыўшы ягоную ролю ў нападзе 6 студзеня на Капітолій ЗША і яго адмову прызнаць пройгрыш Байдэну ў 2020 годзе.
- Трамп жа заявіў, што на другім магчымым тэрміне ён зробіць больш для паляпшэньня эканомікі, спыніць хвалю мігрантаў і будзе больш жорсткім у адносінах да супернікаў ЗША, такіх як Кітай.
- Гарыс заявіла, што будзе працягваць палітыку Байдэна ў дапамозе Ўкраіне. Трамп паставіў пад сумнеў падтрымку Ўкраіны, заявіўшы, што Эўропа павінна несьці асноўную частку цяжару падтрымкі Кіева ў змаганьні супраць расейскага ўварваньня.
- Свабода аналізавала, чаму вынік выбараў у ЗША залежыць ад «хісткіх штатаў». Усяго такіх штатаў сем: Пэнсыльванія, Мічыган, Вісконсін, Арызона, Нэвада, Джорджыя і Паўночная Караліна. У 38 штатах адна і тая ж партыя атрымлівае большасьць галасоў на кожных прэзыдэнцкіх выбарах з пачатку XXI стагодзьдзя, часта зь вялікай перавагай. Толькі 12 штатаў «зьмянялі перавагі» хаця б раз з 2000 году.
- У некаторых штатах адна партыя дамінуе яшчэ даўжэй, напрыклад у Мінэсоце з 1976 году большасьць галасоў стабільна атрымлівае кандыдат ад дэмакратаў, а ў Тэхасе з 1980 году перамагае рэспубліканец.
- Таксама ў лістападаўскай кампаніі 2024 году перавыбіраецца траціна Сэнату і ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў.
- Сэнат зацьвярджае на пасадах прызначэнцаў прэзыдэнта, у тым ліку судзьдзяў усіх узроўняў, і ратыфікуе міжнародныя пагадненьні. Кожны штат прадстаўляюць два сэнатары — усяго іх сто, тэрмін паўнамоцтваў — шэсьць гадоў. Барацьба ідзе за 34 месцы са 100 наяўных.
- Палата прадстаўнікоў традыцыйна адыгрывае ключавую ролю ў працы над бюджэтам ЗША і сфэрай падаткаў, а таксама мае права ініцыяваць працэдуру імпічмэнту фэдэральным службовым асобам, уключаючы прэзыдэнта. Цяпер у Палаце засядаюць 435 кангрэсмэнаў, тэрмін кадэнцыі якіх складае два гады. Яны прадстаўляюць 50 штатаў, а таксама Фэдэральную акругу Калюмбія (мае дарадчы голас) і пяць тэрыторый ЗША.
Форум