Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр апазыцыі ў Нямеччыне запатрабаваў тэрмінова вырашыць пытаньне аб даверы ўраду


Оляф Шольц і Фрыдрых Мэрц
Оляф Шольц і Фрыдрых Мэрц

На сустрэчы з канцлерам Нямеччыны Оляфам Шольцам лідэр апазыцыйнага Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу Фрыдрых Мэрц абвінаваціў кіраўніка нямецкага ўраду ў стварэньні палітычнай нестабільнасьці і заклікаў вынесьці пытаньне аб даверы на галасаваньне бундэстагу ў бліжэйшыя дні, піша DW са спасылкай на агенцтва dpa.

Пасьля распаду кіроўнай урадавай кааліцыі ў Нямеччыне старшыня Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу (ХДС) Фрыдрых Мэрц патрабуе як мага хутчэй вынесьці пытаньне аб даверы канцлеру Оляфу Шольцу на галасаваньне бундэстагу.

У сваю чаргу Шольц настойвае на выкананьні тэрмінаў вотуму, якія ён агучыў напярэдадні ўвечары: галасаваньне аб даверы ўраду ў нямецкім парлямэнце, паводле яго, павінна адбыцца ў студзені 2025 году, а ў выпадку абвяшчэньня недаверу — новыя выбары пройдуць у сакавіку.

Паведамляецца, што ўчора прайшла сустрэча Шольца і Мэрца, яна працягвалася менш за паўгадзіны і скончылася бяз вынікаў. Лідэр ХДС прапанаваў канцлеру абмеркаваць законапраекты, якія той мае намер правесьці праз бундэстаг у бліжэйшыя тыдні, толькі пры ўмове, што ён паставіць пытаньне аб вотуме даверу ў бундэстагу ўжо ў бліжэйшыя дні, а ня ў студзені, як ён плянуе. Шольц адпрэчыў гэтую прапанову.

Мэрц: тупіковую сытуацыю нельга расьцягваць на месяцы

Падчас кароткай сустрэчы размова ішла «пра палітычную нестабільнасьць, у якую Оляф Шольц завёў Нямеччыну», зазначыў суразмоўца dpa з колаў ХДС. Мэрц данёс да канцлера пазыцыю блёка ХДС/ХСС аб тым, што тупіковую сытуацыю нельга расьцягваць на некалькі месяцаў, а Нямеччыне неабходны ўрад, здольны дзейнічаць ва ўнутранай і зьнешняй палітыцы.

Раней у той жа дзень Мэрц назваў магчымым правядзеньне датэрміновых выбараў ужо ў другой палове студзеня 2025 году, а ягоная фракцыя ў бундэстагу аднагалосным рашэньнем заклікала Шольца паставіць на галасаваьнне пытаньне аб даверы яго ўраду не пазьней за пачатак наступнага тыдня.

Лінднэр, які выйшаў з кіроўнай кааліцыі, заклікаў да хуткіх выбараў

Да найхутчэйшага правядзеньня датэрміновых выбараў заклікае і старшыня Свабоднай дэмакратычнай партыі (СвДП) Нямеччыны Крысьціян Лінднэр, якога Шольц напярэдадні ўвечары звольніў з пасады міністра фінансаў, што прывяло да развалу кааліцыі.

«Правільным для нашай краіны было б неадкладнае галасаваньне аб вотуме даверу і новыя выбары», — заявіў ён. Грамадзянам неабходна даць магчымасьць «самім прыняць асноўныя рашэньні аб сваёй будучыні», цытуе яго словы AFP.

Лінднэр назваў плян Шольца правесьці выбары толькі ў сакавіку «ня вельмі адказным» з пункту гледжаньня дзяржаўнай палітыкі.

Прэзыдэнт Нямеччыны гатовы да роспуску бундэстагу

Прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер у прынцыпе гатовы да галасаваньня ў бундэстагу па пытаньні аб даверы ўраду канцлера Оляфа Шольца, паведаміла агенцтва Reuters 7 лістапада.

Штайнмаер выступіў у прэзыдэнцкім палацы Бельвю ў Бэрліне. Як фэдэральны прэзыдэнт ён павінен будзе прыняць рашэньне аб роспуску бундэстагу. Паводле Штайнмаера, ён зацікаўлены ў тым, каб у Нямеччыне быў стабільны ўрад.

Прэзыдэнт заклікаў да здаровага сэнсу і адказнасьці ў сувязі з развалам «сьветлафорнай кааліцыі», якая кіравала ў Нямеччыне, якая складалася з Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны, Свабоднай дэмакратычнай партыі і «Саюзу-90» / «Зялёных».

«Я чакаю, што ўсе адказныя асобы будуць адпавядаць маштабам выклікаў», — заявіў Штайнмаер.

Цяпер «час ня для тактычных выкрутаў і звадаў, а для розуму і адказнасьці», адзначыў прэзыдэнт Нямеччыны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG