У краінах СНД 23 і 24 кастрычніка прайшла міждзяржаўная апэрацыя «Вышук», паведамляе газэта МУС Беларусі «На страже». Падчас гэтай апэрацыі шукалі абвінавачаных, зьніклых бязь вестак, людзей, якія хаваюцца ад крымінальнага перасьледу альбо ўхіляюцца ад адбыцьця пакараньня, а таксама адказчыкаў па грамадзянскіх эканамічных справах.
Агулам на тэрыторыі краінаў СНД затрымалі больш за 300 чалавек, абвешчаных у вышук у Беларусі. Прычым амаль палову зь іх (больш за 140) затрымалі ў Расеі.
Так, сярод іншага, у Маскве затрымалі дырэктарку менскага турыстычнага агенцтва, якую падазраюць у махлярстве з турыстычнымі паслугамі. Пацярпелымі па яе справе праходзяць больш за 30 чалавек. Жанчыне інкрымінуюць завалоданьне больш як 140 тысячамі рублёў, паведамляе газэта.
Таксама падчас апэрацыі «Вышук» выявілі месцазнаходжаньне больш як 100 зьніклых бязь вестак, амаль 500 адказчыкаў і даўжнікоў.
У Беларусі затрымалі больш за 70 чалавек і выявілі месцазнаходжаньне пяцярых зьніклых бязь вестак, якіх шукалі іншыя дзяржавы.
- Праваабаронцам вядома пра дзясяткі выпадкаў, калі беларусаў, якіх перасьледавалі з палітычных матываў, затрымлівалі ў Расеі і экстрадавалі ў Беларусь, нягледзячы на пагрозу катаваньняў і забароны Эўрапейскага суду. Таксама вядомыя выпадкі затрыманьня беларусаў і ў іншых краінах СНД.
- Летась у красавіку кіраўнік беларускага МУС Іван Кубракоў казаў, што амаль 30% людзей, абвешчаных у вышук беларускай міліцыяй, хаваюцца на тэрыторыі Расеі.
Форум