Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія праваабаронцы заклікалі не дапусьціць экстрадыцыі ў Беларусь з Расеі яшчэ аднаго ўдзельніка пратэстаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На сайце Маскоўскай Хэльсынскай групы апублікавалі ліст да генэральнага пракурора і старшыні ўраду Расейскай Фэдэрацыі з заклікам спыніць выдачу Дзьмітрыя Падлобнікава Менску.

Праваабаронцы пішуць, што яго плянуюць выдаць ужо сёньня, 28 сьнежня, нягледзячы на скаргі самога затрыманага і ягонай маці, пазыцыю Эўрапейскага суду правоў чалавека ў аналягічных справах і з парушэньнем працэдураў.

«Няма сумневаў, што дома Дзьмітрыю пагражаюць катаваньні і што яго не чакае справядлівы судовы разбор, — гаворыцца ў заяве. — Мы абсалютна ўпэўненыя, што экстрадыцыя Дзьмітрыя Падлобнікава ідзе ўразрэз зь міжнародным абавязаньнем Расеі не высылаць і не вяртаць асобаў, якім пагражае на радзіме палітычна матываваны перасьлед і катаваньні».

Праваабаронцы заклікаюць пракуратуру РФ як орган, адказны за ажыцьцяўленне экстрадыцыяў, і ўрад РФ як орган, які дае справаздачу перад міжнароднымі інстытутамі аб выкананьні Расеяй абавязаньняў у галіне правоў чалавека, тэрмінова прыпыніць выдачу Дзьмітрыя Падлобнікава Беларусі і даць яму магчымасьць абскардзіць рашэньне аб выдачы ў парадку, вызначаным заканадаўствам Расеі.

25-гадовы Дзьмітры Падлобнікаў выходзіў на акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў у Жлобіне. Яго затрымалі 9 жніўня 2020 году, пратрымалі тры дні ў Петрыкаўскім РАУС і адпусьцілі на волю. Пазьней ён выехаў на працу ў Расею, аднак у траўні 2021 году быў затрыманы там на запыт рэжыму Лукашэнкі. Дзьмітры чакаў пастановы аб экстрадыцыі ў СІЗА Каломны, нядаўна яго перавезьлі ў адзін з маскоўскіх СІЗА.

Паводле расейскіх праваабаронцаў, Падлобнікава перасьледуюць за ўдзел у мірным мітынгу, у віну яму ставяць «прычыненьне маральнай шкоды супрацоўніку міліцыі групай асобаў», а доказам служыць раздрукоўка праслухоўваньня тэлефонных размоваў яго знаёмых.

Ад жніўня 2020 году ў Расеі арыштавалі прынамсі два дзясяткі беларусаў у справах, зьвязаных з пратэстамі супраць рэжыму Лукашэнкі. Некаторых ужо выслалі на радзіму, іншых чакае экстрадыцыя ці дэпартацыя. Масква рэдка адмаўляе Менску і дазваляе затрыманьні на сваёй тэрыторыі беларускім сілавікам. Журналісты выявілі экстрадыцыйныя справы, пра якія ня ведаюць нават праваабаронцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG