Грамадзяніну Польшчы засталося сядзець яшчэ пяць месяцаў, паводле прысуджанага пакараньня. Ён працуе ў калёніі на швейнай вытворчасьці — вынікае з інтэрвію на дзяржаўным тэлеканале.
У кадры Ежы выглядае стомленым і схуднелым.
У Горадні ў Ежы Жывалеўскага засталіся жонка і сын, а маці жыве ў Польшчы.
У інтэрвію прапагандыстам вязень сказаў, што пасьля тэрміну імаверна будзе дэпартаваны ў Польшчу, хаця хацеў бы застацца ў Беларусі.
Гэта другое запар відэа з польскім зьняволеным на прапагандысцкіх каналах. Раней апублікавалі відэа, на якім іншы асуджаны грамадзянін Польшчы Томаш Бэрэза неаднаразова просіць польскія ўлады паспрыяць ягонаму вызваленьню.
Ежы Жывалеўскага ў лютым 2023 году асудзілі паводле арт. 358-1 КК («Агентурная дзейнасьць») на 4 гады калёніі. Летась Жывалеўскага прапагандысты называлі «кантрабандыстам», які нібыта быў завербаваны пад псэўданімам «Пасейдон» на польскай мяжы. Пры гэтым праваабаронцы заўважылі, што на форме паляка нашытая белая, а ня жоўтая бірка, што тады сьведчыла пра тое, што яго ня дічаць «схільным да экстрэмісцкай дзейнасьці», як многіх іншых палітзьняволеных.
Жыхара Кобрыні і грамадзяніна Польшчы Томаша Бярозу асудзілі ў чэрвені 2023 году паводле арт. 358 КК («Шпіянаж») і арт. 358-1 КК («Агентурная дзейнасьць») на 14 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Вядома, што ён мае жонку-беларуску з Кобрыньскага раёну.
Абедзьве справы супраць палякаў праходзілі ў закрытым рэжыме, таму дагэтуль невядомыя іх падрабязнасьці.
Форум