У Вашынгтоне беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская ўручыла мэдалі Францішка Скарыны вядомай дасьледніцы беларускай эміграцыі Натальлі Гардзіенцы і іншым амэрыканскім беларусам.
Натальля Гардзіенка ў сваіх сацыяльных сетках адзначыла, што мэдалём Скарыны ўганараваны таксама дасьледнік Лявон Юрэвіч і некалькі іншых беларусаў Амэрыкі.
Натальля Гардзінка — дасьледніца гісторыі эміграцыі, сябра ўправы Беларускага Інстытуту навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку. Аўтарка і ўкладальніца шэрагу кніг пра гісторыю беларускай эміграцыі. Лявон Юрэвіч — архівіст, дасьледнік эміграцыі. Летась у беластоцкім выдавецтве «Камунікат» выйшла ілюстраванае выданьне, складзенае імі — «Кніга могілак. Беларускія пахаваньні ў сьвеце».
Матэрыялы двое вядомых беларускіх навукоўцаў зьбіралі з дапамогай іншых людзей каля 30 гадоў. Яны аб’езьдзілі могілкі суродзічаў у Аўстраліі, Нямеччыне, Вялікай Брытаніі, Італіі, Францыі, ЗША, Канадзе і іншых краінах. Гэта першы альбом-даведнік пра пахаваньні беларусаў за мяжой. У выданьні некалькі дзясяткаў фатаздымкаў.
Хто яшчэ ўзнагароджаны
Мэдаль «За плённую працу на карысьць Беларусі» атрымалі:
- Алеся Кіпель — беларуска-амэрыканская грамадзкая дзяячка, юрыстка — за шчырую адданасьць беларускай справе, прамоцыю ідэй вольнай і незалежнай Беларусі ў ЗША;
- Алеся Сёмуха-Грынберг — беларуская грамадзкая дзяячка, спонсарка шматлікіх гуманітарных і культурніцкіх праектаў — за крэатыўную дзейнасьць па захаваньні і прамоцыі беларускай мовы і літаратуры ў ЗША і ў Беларусі;
- Ірына Красоўская — грамадзкая дзяячка, праваабаронца — за шматгадовую праваабарончую дзейнасьць і асабісты ўнёсак у ліквідацыю зьнікненьняў людзей у Беларусі і ва ўсім сьвеце.
Форум