Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кангрэс ЗША ўнесьлі законапраект у падтрымку беларускіх уцекачоў


У праекце закону згадваецца магчымасьць прызнаньня пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў і статусу часовай абароны беларускім уцекачам.

Сэнатар Бэнджамэн Кардын унёс у Сэнат ЗША законапраект, які прадугледжвае меры падтрымкі для грамадзян Беларусі і Расеі, вымушаных пакінуць свае краіны з прычыны палітычных рэпрэсіяў.

Адразу некалькі разьдзелаў законапраекту S.5116 BRIDGE Act з назвай Belarus and Russia Investments in Democratic Governance during Exile Act прысьвечаныя дапамозе беларусам і расейцам, якія знаходзяцца ў выгнаньні.

  • Законапраект прадугледжвае, што ЗША будуць прызнаваць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты прыдатнымі для паездак у Злучаныя Штаты і ставіць візы ў такія дакумэнты.
  • Прапануецца прызнаць грамадзян Беларусі асобамі «бяздомнага грамадзянства» — гэта значыць людзьмі, якія ня могуць падацца на візу на радзіме. Гэта дасьць грамадзянам Беларусі права падавацца на амэрыканскія іміграцыйныя і неіміграцыйныя візы ў ЗША і любых іншых краінах або краінах паводле зацьверджанага сьпісу.
  • Таксама прапануецца даць беларусам статус часовай абароны (TPS) — гэта статус, які прысвойваецца чалавеку па запыце і дае яму права жыць і працаваць у ЗША.
  • Акрамя гэтага, дакумэнт прадугледжвае, што ЗША заклікаюць Эўракамісію даць грамадзянам Беларусі ў выгнаньні юрыдычныя дакумэнты для зьдзяйсьненьня міжнародных паездак.

На сайце Кангрэсу сказана, што законапраект S.5116 быў унесены ў Сэнат ЗША 19 верасьня 2024 году, пасьля гэтага яго двойчы прачыталі і перадалі ў Камітэт замежных справаў, які можа прыняць рашэньне аб яго вынясеньні на паседжаньне Сэнату. У выпадку зацьвярджэньня праекту верхняй палатай амэрыканскага Кангрэсу ён таксама павінен будзе прайсьці ўсе этапы разгляду ў Палаце прадстаўнікоў.

«Я ўдзячная сэнатару Бэну Кардыну, старшыню камітэту Сэнату ЗША, за падтрымку беларусаў», — адрэагавала на законапраект Сьвятлана Ціханоўская.

Яна адзначыла, што сустракалася з Бэнам Кардыным некалькі разоў і ведае, «як ён асабіста перажывае за Беларусь і беларусаў».

«Сэнатар Кардын зьяўляецца нашым вялікім сябрам і саюзьнікам. Ён вялікую ўвагу надае пытаньню вызваленьня беларускіх палітвязьняў, падтрымкі беларусаў у выгнаньні. Нядаўна ён накіраваў ліст амэрыканскаму ўраду з заклікам прыкласьці намаганьні дзеля вызваленьня нашых людзей з турмаў. Таксама зь ягонай ініцыятывы ў Кангрэсе прадстаўлены закон, які павінен істотна аблегчыць умовы для беларусаў у выгнаньні», — дадала Ціханоўская.

  • У верасьні 2023 году Аляксандар Лукашэнка сваім указам забараніў амбасадам і консульствам за мяжой выдаваць новыя пашпарты беларусам. Згодна з указам, грамадзянін Беларусі, які жыве за мяжой, цяпер можа атрымаць пашпарт толькі ў Беларусі — у «органах унутраных спраў па месцы апошняй рэгістрацыі па месцы жыхарства».
  • Беларускія дэмакратычныя сілы і праваабарончыя арганізацыі, Эўразьвяз і ЗША, асудзілі новы ўказ Лукашэнкі, накіраваны, на іх думку, на ўшчамленьне правоў вымушаных эмігрантаў.
  • Пасьля рашэньня беларускіх уладаў не выдаваць беларускія пашпарты за мяжой актуальным стала пытаньне пашпарта замежнага грамадзяніна. Гэта трэвэл-дакумэнт, які выдаецца на падставе часовага дазволу на жыхарства на час тэрміну яго дзеяньня. Пасьля адпаведных заклікаў беларускіх дэмакратычных сілаў шэраг краін Эўразьвязу пачалі выдаваць такія дакумэнты беларусам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG