«Сябры, у сувязі з апошнімі навінамі мы прынялі вельмі цяжкае, балючае рашэньне — прыпыніць працу нашага праекту», — з гэтага пачынаецца зварот «Палітвязынкі» да чытачоў, апублікаваны ў інстаграме.
Старонку пакінуць як архіў.
«У ёй — сьлед нашай агульнай барацьбы, нашага каханьня, нашай надзеі. І мы па-ранейшаму верым, што аднойчы тут зьявіцца допіс з галоўнай навіной — аб вызваленьні ўсіх палітычных вязьняў.
І зараз мы хочам зьвярнуцца да наймацнейшых — да сваякоў палітвязьняў беларусаў і беларусак. Калі ласка, не маўчыце. Вазьміце лёсы сваіх блізкіх у свае рукі. Ніхто — ні палітыкі, ні дыпляматы — ня зробяць кроку, пакуль вы іх да гэтага не падштурхняце. Ваш голас — гэта сьвятло, здольнае прарваць цемру».
Арганізатары праекту «Палітвязынка» адзначылі, што «бясконца ўдзячныя кожнаму і кожнай», хто быў зь імі.
«Беражыце сябе. Ня трацьце веру. Зь любоўю і бясконцай падзякай — Палітвязынка», — так завяршаецца зварот кампаніі да грамадзкасьці.
Што такое «Палітвязынка»?
Ініцыятыва «Палітвязынка» — мэдыйны праект, прысьвечаны палітзьняволеным беларускам, які стварыла журналістка Яўгенія Доўгая. Ужо некалькі гадоў «Палітвязынка» расказвае гісторыі палітзьняволеных жанчын. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», на 20 лістапада за кратамі знаходзіліся 164 палітзьняволеныя жанчыны, праваабаронцам было вядома пра 495 былых палітзьняволеных жанчын.
У 2024 годзе на «Палітвязынцы» выйшла больш за 300 матэрыялаў пра палітзьняволеных жанчын, ініцыятыва дапамагла больш як 170 жанчынам і іхным родным.
У музэі Бэрлінскага муру «Палітвязынка» адкрыла выставу пра палітзьняволеных жанчын. У жніўні Яўгенія Доўгая разам з паплечніцай Настай Захарэвіч атрымалі з рук Сьвятланы Ціханоўскай узнагароду за руплівасьць і настойлівасьць у падтрыманьні жанчын у няволі.
Ініцыятыва ставіла пытаньне вызваленьня палітвязьняў на міжнародным узроўні. У рамках гэтай місіі актывісткі «Палітвязынкі» сустракаліся з прадстаўнікамі Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, уладаў Францыі, Нямеччыны, Ізраілю і Польшчы.
Напярэдадні КДБ прызнаў ініцыятыву «экстрэмісцкім фармаваньнем».
Форум