«Найчасьцей гэта адбываецца на Данбасе — у баях у Данецкай і Луганскай абласьцях», — сказаў Свабодзе Аляксей Ганчарэнка, спасылаючыся на свае крыніцы ў спэцыяльных службах Украіны.
У той жа час, дэпутат ня мае інфармацыі аб колькасьці палонных беларусаў, якія трапілі ва ўкраінскі палон.
Раней у сваім Telegram-канале ён паведамляў, што сярод палонных ёсьць «дастаткова блізкія да Лукашэнкі і ягонай сыстэмы людзі», якія «ужо пачалі даваць паказаньні пра ўсё тое, што адбываецца ў Беларусі». Аляксей Ганчарэнка мяркуе, што такія сьведчаньні могуць быць уключаныя ў матэрыялы будучага трыбуналу над Лукашэнкам.
Што вядома пра палонных беларусаў
Свабодзе вядома, што на цяпер ва ўкраінскім палоне знаходзяцца знаходзяцца прынамсі пяць грамадзян Беларусі, прозьвішчы якіх вядомыя.
Сяргей Шустаў, нарадзіўся 12 студзеня 1981 году. Як вынікала зь ягонага аповеду, яго сем разоў судзілі за крадзяжы, апошні раз ён, імаверна, сядзеў у Расеі і з калёніі яго забралі ў расейскае войска. У палон беларус трапіш пад Тарэцкам у Данецкай вобласьці празь сем дзён пасьля таго, як пачаў ваяваць.
Андрэй Лапатнёў зь Віцебску меў праблемы з законам праз наркотыкі, і, каб пазьбегнуць перасьледу, вырашыў зьехаць праз Расею ў Польшчу. У Маскве яго затрымалі і прымусілі падпісаць кантракт зь Міністэрствам абароны Расеі. 2 красавіка 2024 году ён падпісаў кантракт на службу ў 123-й мотастралковай брыгадзе і напісаў заяву на расейскае грамадзянства. У пачатку сакавіка ён трапіў ва ўкраінскі палон таксама ў Данецкай вобласьці.
Яўген Камянькоў з Бабруйску нарадзіўся 17 сакавіка 1999 году. Падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Расеі ў канцы красавіка 2024 году, знаходзячыся ў расейскім «спэцпрыёмніку», трапіў ва ўкраінскі палон вясной 2024-га. У ліпені 2022 году ў Беларусі яго абвяшчалі ў вышук, пасьля таго як ён разам з 13-гадовым падлеткам уцёк зь берасьцейскага манастыра «Афанасія» у Расею.
Артур Яфрэмаў паходзіць з Касьцюковічаў Магілёўскай вобласьці, мае чатыры судзімасьці за крадзяжы. Апошні раз быў затрыманы ў Расеі. Трапіў ва ўкраінскі палон у сьнежні 2024 году імаверна пад Купянскам Харкаўскай вобласьці.
Дзьмітры Ананчык зь Менску, нарадзіўся ў 2000 годзе. Да вайны працаваў у лягістычных і будаўнічых кампаніях. Мае сярэднюю тэхнічную адукацыю па спэцыяльнасьці «токар-сьлесар». Падпісаў кантракт з расейскай арміяй у сьнежні 2024-га і амаль адразу пасьля гэтага трапіў ва ўкраінскі палон у Луганскай вобласьці.
Сваякі яшчэ трох грамадзян Беларусі, якія пайшлі ваяваць на баку Расеі, заявілі аб іхным зьнікненьні бязь вестак. Гэта Яўген Ільін, Міхаіл Шалгун і Андрэй Кулага. Яшчэ адзін беларус — Ігар Хасанаў, якога шукалі сваякі, пазьней знайшоўся з раненьнем у адным з шпіталяў у акупаванай частцы Луганскай вобласьці.
Адметна, што расейскае камандаваньне звычайна ўключае грамадзян Расеі, якія зьніклі з месца баявых дзеяньняў у сьпісы тых, хто самавольна пакінуў вайсковую частку. Але беларусаў, як стала вядома Свабодзе, пакуль у такім пераліку няма. Няма іх і ў сьпісах на абмен.
Што кажуць ва ўкраінскім праекце, які займаецца палоннымі
Ва ўкраінскім дзяржаўным праекце «Хачу знайсьці», які займаецца зборам інфармацыі аб ваеннапалонных, зьніклых бязь вестак і загінулых расейскіх вайскоўцаў, Свабодзе паведамілі, што пакуль ня маюць зьведзенай інфармацыі аб колькасьці палонных беларусаў і заявак грамадзян Беларусі аб пошуку сваіх блізкіх, якія пайшлі ваяваць на баку Расеі.
Сёлета толькі ў сакавіку ў праект зьвярнуліся больш за 10 тысяч чалавек, якія шукаюць сваіх блізкіх, якія ваявалі ў расейскай арміі і зьніклі бязь вестак. Гэта найбольшая колькасьць з студзеня 2024 году, калі праект толькі пачаў дзейнічаць.
«У сакавіку кожны дзень у праект прыходзілі больш за 320 заявак ад людзей, чые сваякі пайшлі на вайну ва Ўкраіну і зьніклі», — паведамілі ў праекце. Найбольш заявак аб «зьнікненьнях» на пакроўскім кірунку (Данецкая вобласьць).
Дзесяць дзён таму яшчэ адзін украінскі праект «Хачу жыць» апублікаваў прозьвішчы больш за 600 грамадзян Казахстану, якіх Расея падманам завэрбавала на службу ў сваім войску.
10 красавіка стала вядома пра 360 грамадзянах Кіргізстану, якіх прымусілі падпісаць кантракт з расейскай арміяй. Большасьць — пасьля рэйдаў сілавікоў па выяўленьні нелегальных мігрантаў.
Паводле ўкраінскага боку, вялікая колькасьць наймітаў можа быць таксама з Узбэкістану і Таджыкістану.
Міністэрства замежных спраў Украіны неаднаразова заклікала замежных грамадзян любым спосабам пазьбягаць службы ў расейскай арміі, а ў выпадку адпраўкі на фронт зьвяртацца ў праект «Хачу жыць».
Форум