МУС Нямеччыны вывучыла сытуацыю з пашпартамі беларускіх грамадзян і зрабіла выснову, што мясцовыя органы могуць лічыць немэтазгодным патрабаваньне замены беларускага пашпарта, калі можна даказаць факт палітычнага перасьледу ў Беларусі, адказала прэс-служба міністэрства на пытаньне DW.
МУС папрасіла адпаведныя органы разглядаць магчымасьць выдачы нямецкага праязнога дакумэнта беларусам.
Каб атрымаць такі дакумэнт, грамадзяне Беларусі мусяць зьвярнуцца з заявай у мясцовыя органы. Неабходна будзе падрабязна выкласьці прычыны, зь якіх небясьпечна вяртацца ў Беларусь, і, магчыма, падаць доказы.
- Зь верасьня 2023 году грамадзяне Беларусі ня могуць абмяняць або прадоўжыць свае пашпарты ў амбасадах і консульствах за мяжой, для гэтага трэба асабіста прыехаць у Беларусь. Праваабаронцы падкрэсьліваюць, што гэтае патрабаваньне накіраванае на перасьлед грамадзянаў краіны, якія выступаюць супраць рэжыму Лукашэнкі і былі вымушаныя зьехаць зь Беларусі пад пагрозай крымінальнай справы.