«Падаецца, першы пашпарт дзіцяці будзе польскі»
Надзея* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) зьехала зь Беларусі ў 2021 годзе. Яна працавала ў арганізацыі, якая дапамагала сілавікам, што перайшлі на бок пратэстоўцаў. Цяпер ёй небясьпечна вяртацца ў Беларусь.
Надзея знаходзіцца ў Варшаве. Яна мае польскія карані і сталы дазвол на жыхарства ў Польшчы. Тэрмін дзеяньня ейнага пашпарта скончыцца сёлета ў траўні. Летась у лістападзе ў Надзеі нарадзілася дзіця. Неўзабаве яму споўніцца тры месяцы. Але дакумэнтаў малое ня мае.
«У Польшчы робяць даведку аб вяртаньні на радзіму, каб паехаць і там зрабіць дакумэнты дзіцяці», — расказвае беларуска.
Ад пачатку 2024 году зьявілася магчымасьць зрабіць дзіцяці, народжанаму ў Польшчы, праязны дакумэнт іншаземца. Ён замяняе пашпарт у падарожжах. Раней гэта было немагчыма.
«Праязны дакумэнт дзейнічае толькі адзін год. Таму, калі яго атрымаеш, бывае, адразу трэба падаваць заяву на новы», — расказвае пра адзін са спосабаў легалізацыі Надзея.
Яшчэ адзін спосаб легалізаваць дзіця — атрымаць польскае грамадзянства для маці, а на падставе яго — для дзіцяці. Надзея ўжо здала іспыт з польскай мовы, чакае вынікі. Мяркуе, што калі ўсё пойдзе добра, то зможа атрымаць польскі пашпарт сёлета ўвосень.
«Мне падаецца, што першы пашпарт, які атрымае дзіця, будзе польскім. Беларускі зрабіць мы ня можам», — кажа яна.
Жыцьцё бяз пашпарта ў дзіцяці выклікае складанасьці, бо сям’я ня можа выехаць з Польшчы. Да нараджэньня дзіцяці пара шмат вандравала.
«Мне вельмі б хацелася паехаць да мора, бо гэта добра для малога дзіцяці. Безь яго мы не паедзем. Яму толькі будзе тры месяцы», — кажа маці.
Таксама яна мяркуе, што праблемы зьявяцца, калі дзіця спатрэбіцца аддаваць у садок, а пашпарта ў яго яшчэ ня будзе.
Празь некалькі месяцаў перастане дзейнічаць і пашпарт Надзеі.
«Тады цяжка будзе ўзяць крэдыт, адкрыць свой бізнэс, зьмяніць працу, бо там патрэбны пашпарт. Я цяпер у дэкрэце зь дзіцем. Але празь 9 месяцаў я вяртаюся на працу. І калі я захачу памяняць працу, я ня ведаю, як гэта будзе магчыма бяз пашпарта», — разважае яна.
«Калі пашпарт Новай Беларусі не прызнаюць, усё роўна зраблю сабе»
Васілю* (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) 35 гадоў. Зьехаў зь Беларусі напрыканцы 2020 году. Спачатку ва Ўкраіну, потым у 2021 годзе ў Польшчу. Цяпер жыве на Падляшшы, працуе ў будаўніцтве. Мяркуе, што ў Беларусь вяртацца яму небясьпечна. Тэрмін ягонага пашпарта скончыўся ў 2023 годзе.
«Калі давялося зьяжджаць зь Беларусі, то пашпарт для мяне быў найвышэйшым прыярытэтам, бо іншых папер проста не было. Яго я браў з сабой у першую чаргу», — кажа беларус.
У Польшчы Васіль атрымаў міжнародную абарону. Праз тры месяцы на падставе яе — часовы дазвол на жыхарства ў Польшчы на 2 гады.
«Цяпер увесь час маю пры сабе „карту побыту“ (дазвол на жыхарства. — РС). Калі скончыцца гэтая карта, пайду рабіць наступную. У паліцыі мне казалі, што калі атрымаў дазвол на жыхарства ў Польшчы, то дзейны пашпарт ужо не патрэбны, асабліва калі гэта пашпарт Беларусі альбо Расеі», — кажа Васіль.
Са словаў суразмоўцы, цяпер ён вырашае пытаньні з дазволам на жыхарства. У банку, дзе ў яго адкрыты рахунак, замянілі зьвесткі неабходнага дакумэнта з пашпарта на «карту побыту».
«Прынамсі пакуль што пашпарт не патрэбны», — падсумоўвае Васіль.
Да таго ж ён хоча зрабіць сабе пашпарт Новай Беларусі, калі яго прызнаюць афіцыйным дакумэнтам.
«Калі пашпарт Новай Беларусі не прызнаюць, усё роўна зраблю сабе. Некаторыя баяцца, што зьвесткі могуць трапіць у рукі сілавікоў, а мне ўсё адно. Я і так у вышуку», — кажа Васіль.
«Убачылі жэнэўскія пашпарты і запыталіся, ці ёсьць іншыя»
Станіслава* (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) працавала ў Беларусі эканамістам. Зьехала ў верасьні 2020 году. Цяпер жыве ў Літве. Атрымлівае другую вышэйшую адукацыю ў літоўскім унівэрсытэце.
Ейны пашпарт перастаў дзейнічаць для паездак за мяжу ў траўні 2023 году, бо яму больш за 10 гадоў. У 2022 годзе беларуска атрымала міжнародную абарону і зрабіла праязны дакумэнт іншаземца. Беларускім пашпартам з таго часу не карысталася.
Значных складанасьцяў праз адсутнасьць беларускага дакумэнту пры паездках за мяжу не адчула. Аднойчы падчас вандроўкі яе праверылі нямецкія паліцэйскія.
«Убачылі жэнэўскія пашпарты. Запыталіся, ці ёсьць іншыя. Мы адказалі, што ёсьць, але яны нават не глядзелі ў іх. Банкаўскія супрацоўнікі таксама ведаюць, што гэта за дакумэнт, як ён дзейнічае», — расказвае суразмоўца.
Па яе словах, пры палётах часам здараюцца непаразуменьні.
«Ня ўсе супрацоўнікі аэрапорту ведаюць, што гэта за дакумэнт, як да яго ставіцца. Бываюць замінкі пры пасадцы, пры рэгістрацыі. Але калі дапамогі папрасіць у старшых супрацоўнікаў, то ніякіх праблем не ўзьнікае», — тлумачыць Станіслава.
У 2026 годзе дзеяньне ейнага жэнэўскага пашпарта скончыцца.
«Тады мы будзем глядзець, што дома адбываецца. Або будзем вяртацца, або будзем працягваць дзеяньне жэнэўскага пашпарта. Грамадзянства Літвы мы можам атрымаць толькі праз 10 год», — кажа яна.
«Або мне вернуць літоўскія дакумэнты, або я еду ў турму»
У беларуса Мацьвея Бяляя склалася такая сытуацыя, што ён ня можа ні легальна наняць жытло, ні працаваць, ні выехаць за мяжу. Адзіны законны шлях для яго пакуль — гэта вярнуцца ў Беларусь і сесьці ў турму. У 2020 годзе ён працаваў каардынатарам у штабе кандыдата ў прэзыдэнты Сяргея Чэрачня, а ў 2010 годзе — у Андрэя Саньнікава.
Мацьвей расказвае, што ў 2021 годзе абвінавачваўся па «народным» артыкуле ў Беларусі, бо спрабаваў вывесіць бел-чырвона-белы сьцяг на менскім Доме ўраду. Сядзеў у жодзінскім СІЗА. Потым уцёк з-пад сьледзтва. Значыцца ў базе расейскага вышуку.
Праз Расею і Польшчу прыехаў у Літву. Там у 2022 годзе атрымаў пяцігадовы дазвол на жыхарства і статус уцекача. Зарэгістраваўся індывідуальным прадпрымальнікам у сфэры будаўніцтва.
У 2023 годзе Бяляя ў Літве абвінавацілі ў тым, што ён кінуў зьніч з гаручай сумесьсю на тэрыторыю беларускай амбасады ў Вільні. Беларус сваёй віны не прызнаў. Паўгода правёў у літоўскім ізалятары. Урэшце суд прызнаў яго вінаватым. Час у ізалятары залічылі за адбытае пакараньне. Беларуса пазбавілі статусу ўцекача.
Як расказвае суразмоўца, у сьнежні 2023 году літоўскі суд пастанавіў дэпартаваць яго зь Літвы ў Беларусь 7 лютага 2024 году. Аднак пакуль прымусовай дэпартацыі не адбылося.
Мацьвей дапускае, што на рашэньне літоўскіх уладаў паўплывала таксама ягоная былая жонка. Яна была палкоўнікам Сьледчага камітэту Беларусі, звольнілася ў 2020 годзе. У пары ёсьць сын.
Дзе Бяляй цяпер, ён ня хоча называць дзеля сваёй бясьпекі. Тэрмін дзеяньня ягонага пашпарта скончыўся ў верасьні 2023 году, тэрмін дзеяньня літоўскага дазволу на жыхарства — 7 лютага 2024 году.
«Я не магу цяпер нікуды паехаць, выехаць. Ніяк нельга перасекчы мяжу, няма дзейнага дакумэнту», — кажа Мацьвей.
У лютым беларус спрабаваў наняць нумар у гатэлі па старым пашпарце, аднак яго не прынялі. Тады яшчэ дзейнічаў літоўскі дазвол на жыхарства, па якім беларуса і засялілі. Цяпер ён жыве ў знаёмага, які здаў яму пакой.
Мацьвей дадае, што ня можа легальна працаваць. Дзейнасьць сваёй фірмы ў Літве ён прыпыніў. Жыве за кошт зьберажэньняў. Безь беларускага пашпарта ён ня можа ўзяць машыну ў каршэрынгу. Да таго ж яму нельга памяняць правы кіраваньня ў Эўразьвязе. У польскім банку, дзе ён тры гады таму адкрыў рахунак, яму адмовілі ўсталяваць банкаўскую аплікацыю на тэлефон. Прычынай таксама назвалі пратэрмінаваны дакумэнт.
«Калі сутыкаесься з памежнікамі, паліцыяй або іншымі дзяржаўнымі службамі, ніяк ня вырашыш. Ня дзейнічае дакумэнт. Вельмі спадзяюся, што пашпарт Новай Беларусі мяне б выратаваў. У мяне няма іншых шанцаў! Або мне вернуць літоўскія дакумэнты, або я еду ў турму. Консульства можа даць толькі белы аркуш для вяртаньня ў Беларусь», — кажа Мацьвей.
Да 8 сакавіка Бяляй плянуе падаць скаргу ў Эўрапейскі суд па правах чалавека.
"Я спадзяюся, што Эўрапейскі суд верне мне дакумэнты. Аднак яны могуць прымаць рашэньне да 2 гадоў: можа быць за 3 месяцы, за год, за два. І ўвесь гэты час я мушу жыць без дакумэнтаў. Калі яны адмовяць, то ўсё — у Беларусь. Калі я выйграю, то мне, можа, адновяць літоўскія дакумэнты".