Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыктатура пакінула сьляды ў нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў, — вынікі апытаньня


Беларускае Купальле, ілюстрацыйнае фота
Беларускае Купальле, ілюстрацыйнае фота

Беларуская аналітычная майстэрня пад кіраўніцтвам прафэсара Андрэя Вардамацкага правяла якасны аналіз асаблівасьцяў разуменьня нацыянальнай ідэнтычнасьці.

Вынікі дасьледаваньня прэзэнтавалі 30 верасьня ў Варшаве, паведамляе тэлеканал «Белсат». Пераказваем асноўнае.

Для дасьледаваньня выбралі мэтад глыбінных інтэрвію: сацыёлягі правялі 15 размоваў з рэспандэнтамі, некаторыя зь якіх доўжыліся па тры гадзіны. Рэспандэнтаў знайшлі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, рознага полу і ўзросту і розных палітычных арыентацыяў.

На падставе вынікаў апытаньня беларусаў пра нацыянальныя каштоўнасьці сацыёлягі прыйшлі да высновы, што ў бітве за нацыянальную ідэнтычнасць беларусаў змагаюцца «расейскі Фелікс супраць беларускага Фэнікса». Як патлумачыў Андрэй Вардамацкі, «Фэнікс беларушчыны» не мастацкі вобраз, а ягонае разуменьне сутнасьці беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці як сацыяльнага фэномэну: «Колькі разоў спрабавалі яе зруйнаваць? — пытае Вардамацкі пра нацыянальную ідэнтычнасьць беларусаў. — Калі гэта адбывалася, яна не руйнавалася».

Паводле сацыёляга, цяпер ідуць два супрацьлеглыя працэсы. На паверхні афіцыйная частка, напрыклад у адукацыі зьніжаюць колькасьць гадзін выкладаньня беларускай мовы і памяншаюць колькасьць беларускамоўных клясаў. Але паралельна людзі, напрыклад, шырэй ужываюць ці вывучаюць беларускую мову — незалежна ад дзяржавы.

Агулам беларуская мова для беларусаў — далёка не галоўны складнік ідэнтычнасьці. Рэспандэнты зусім не пагаджаліся з тэзай «не размаўляеш па-беларуску — не беларус». Няведаньне роднай мовы адчуваецца як недахоп, рэспандэнты фармулююць патрэбу ў валоданьні беларускай мовай, але ёсьць у іх і прагматычны нэгатыў («будзеш вучыцца па-беларуску — нікуды не паедзеш»), а таксама боязь перад тым, што калісьці быццам бы «была спроба радыкальнай беларусізацыі», «хацелі забараніць расейскую мову», таму «людзі адвярнуліся ад гэтага».

У масавай свядомасьці няма адзінства ў тым, ці ёсьць наогул унікальнасьць і адметнасьць беларускай нацыі, расказвае Вардамацкі. Найперш называюць эмпатыю, адсутнасьць жорсткасьці і радыкалізму, а таксама адсутнасьць патрэбы ў загадах зьверху, каб нешта зрабіць. Беларусаў таксама яднае разуменьне дабрабыту як каштоўнасьці. Падзеі апошніх гадоў паднялі вышэй міралюбства і эмпатыю як рысы нацыянальнага характару, адзначае Вардамацкі. Раней жа ў адказах пра нацыянальны характар дамінавалі працавітасьць, законапаслухмянасьць і талерантнасьць.

Дыктатура пакінула сьляды ў нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў, адзначае сацыёляг і прыводзіць прыклад, калі ён чуў ад людзей наступныя фармулёўкі: «Свабода — гэта калі ідзеш па вуліцы з тэлефонам і не баісься гэтага»; «У школе нас вучылі беларускай мове так, што мы павінны былі яе саромецца».

У беларусаў, паводле Вардамацкага, назіраецца рэдкая зьява: бісымбалізм. Абодва сьцягі — нацыянальны і дзяржаўны — прызнаюцца беларусамі за свае. І пра бел-чырвона-белы, і пра чырвона-зялёны беларусы гавораць прыемныя рэчы. Пры тым праўладныя беларусы цалкам могуць сказаць, што «БЧБ калябаранты нейкія ў Піцеры намалявалі».

Абодва бакі кажуць, што любяць сваю краіну і лічаць сябе беларусамі, але напаўняюць гэта рознымі сэнсамі. У праўладных людзей лейтматывы — перакладваньне адказнасьці наверх («няхай спэцыяльныя людзі ў гэтым разьбіраюцца», «мяне ўсё задавальняе», «улада працуе, усё добра»). Прыхільнікі пераменаў маюць псыхалягічную патрэбу ў прыняцьці рашэньняў.

Ёсьць розныя погляды на тое, хто такія беларусы. Сярод адказаў быў нават варыянт «тыя, хто ня зьехаў». Агулам з адказаў рэспандэнтаў вынікае, што можна хадзіць у беларускую школу і не лічыць сябе беларусам, а можна выехаць за мяжу і «там сьніць сябе ў родных мясьцінах» — і пачаць у сьне ж размаўляць па-беларуску. Некаторыя прызнаваліся, што ў дзяцінстве лічылі сябе «расейцамі», а цягам жыцьця ідэнтычнасьць трансфармавалася ў беларускую.

Нацыянальная ідэнтычнасьць далёка не заўсёды стаіць высока ў герархіі каштоўнасьцяў беларусаў: калі пытаньне пра існаваньне дзяржавы, дык яна стаіць вышэй, а калі размова пра асабістае жыцьцё — ніжэй, бо вышэй сям’я, каханьне. Вардамацкі лічыць, што геаграфічнае становішча паміж Усходам і Захадам — прычына хісткасьці беларускай ідэнтычнасьці.

На пытаньне сацыёлягаў, ці можа Беларусь выжыць самастойна, без «дапамогі моцнага суседа», людзі адказвалі, што геаграфічнае становішча Беларусі — «божы падарунак», гарант выжываньня ў фінансавым сэнсе. Некаторыя ж лічаць, што безумоўнага сувэрэнітэту ў сучасным сьвеце не дасягнуць.

У асобным тэлефонным апытаньні дасьледчыкі прасілі рэспандэнтаў назваць штосьці, што найперш зьвязвае беларусаў зь людзьмі сваёй нацыянальнасьці. Адказы былі наступныя:

  • 22% адказалі, што «месца нараджэньня, радзіма»,
  • 13% — што «мэнталітэт і рысы характару»,
  • па 7% — «жыцьцё ў адной краіне» і «гістарычная мінуўшчына»,
  • па 6% — «паходжаньне як нацыянальнасьць бацькоў» і «зямля, тэрыторыя»,
  • па 5% — што «дзяржава», «нацыянальная культура» і «традыцыі»,
  • 4% — «мова».

Вардамацкі лічыць, што калі беларуская ідэнтычнасьць будзе разьвівацца, дык па шляху ад тэрытарыяльнай праз тэрытарыяльна-мэнтальную ў мэнтальна-факталягічную. Гэта значыць, ад «мы беларусы, бо жывём у Беларусі» да «мы беларусы, бо Быкаў, Каліноўскі, бітва пад Воршай».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG