Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дубавец: Супраць беларускасьці змагаюцца не беларусы, а «расейцы са знакам якасьці»


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Дэпутат Вадзім Гігін заявіў, што атрымлівае шмат зваротаў грамадзян, якія просяць зьмяніць назву вуліцы Кастуся Каліноўскага ў Менску. Прапагандыст спадзяецца, што хутка гэта і адбудзецца.

Днямі сквэру на вуліцы Каліноўскага ў сталіцы далі назву Яблыневы. Гэта адбылося таксама ў рамках змаганьня з Каліноўскім.

Як далёка могуць зайсьці ўлады сваімі антыбеларускімі акцыямі і якім будзе рэальны вынік іх дзейнасьці? Пра гэта ў этэры Свабоды разважае пісьменьнік і публіцыст Сяргей Дубавец.

«Я не магу даць веры ў тое, што беларусы масава просяць перайменаваць вуліцу Каліноўскага. Нэгатыўныя ацэнкі Каліноўскага зьявіліся некалькі год таму. Увесь час, колькі мы сябе памятаем, гэта быў нацыянальны герой нумар адзін. З чаго б яму раптам зьмяніцца на кагосьці іншага? Вуліца Каліноўскага называецца гэтым імем ужо больш за 60 гадоў. Там вырасьлі тры, як мінімум, пакаленьні беларусаў. Яна даволі доўгая, больш за тры кілямэтры жывой забудовы, і гэта значыць, што такая вялікая колькасьць менчукоў зьвязвае зь ёю ня толькі каардынацыю рухаў, але і самыя дарагія моманты свайго жыцьця. Пісаць такія лісты могуць толькі з правакацыйнымі мэтамі, каб пайсьці супраць грамадзкай думкі», — кажа публіцыст.

Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на Youtube.

На думку Дубаўца, сэнс гэтай правакацыі ў тым, каб падстроіцца пад сучасную расейскую гістарыяграфію, а тая ня любіць Каліноўскага, які змагаўся супраць расейцаў. Змаганьне супраць памяці пра Каліноўскага Дубавец лічыць бессэнсоўным.

«Гэтага сэнсу няма і ва ўсёй сёньняшняй ідэалёгіі, якая прывязаная не да народу, а да аднаго чалавека. Змагацца з народнай памяцьцю — гэта тое ж самае, што і змагацца супраць самога сябе ў гэтай памяці. Яны маглі б пасьпяхова змагацца з так званай бчб-ідэалёгіяй, як кажа Гігін, калі б у іх было чым яе замяніць. Але «бчб-ідэалёгія» цалкам адпавядае пастулятам Канстытуцыі Беларусі, а «чз-ідэалёгія» — гэта проста дэманстрацыя ляяльнасьці Лукашэнку. Яна не разьлічаная на народ, на падтрыманьне Канстытуцыі. Яна разьлічаная на аднаго чалавека», — лічыць Дубавец.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG