Нядаўна Беларуская аналітычная майстэрня (БАМ) агучыла вынікі сваіх апошніх сацыялягічных дасьледаваньняў.
Свабода зьвярнулася да кіраўніка майстэрні прафэсара Андрэя Вардамацкага з просьбай пракамэнтаваць вынікі.
— Паводле апытаньняў БАМ, у адказах на пытаньне пра выбар паміж саюзам з РФ і ўступленьнем Беларусі ў ЭЗ доля прыхільнікаў саюзу з Расеяй крыху павялічылася — з 46% у сакавіку 2022 да 51–53% у наступныя хвалі апытаньняў. Доля прыхільнікаў эўраінтэграцыі за гэты ж час зьнізілася з прыкладна 30% да 22–25%. У чым прычыны гэтага заўважнага, хоць і параўнальна невялікага зруху?
— На пачатку вайны экспэрты прагназавалі, што вынікам яе стане пагаршэньне стаўленьня беларусаў да Расеі, да саюзу зь ёй. Адбылося адваротнае: рост прарасейскіх настрояў, павелічэньне долі прыхільнікаў саюзу з Расеяй.
Тлумачэньне гэтаму — сытуацыя ў мэдыяпрасторы, зьмены ў ёй. Наратыў беларускіх дзяржаўных мэдыя стаў у значнай ступені тоесным наратыву расейскіх дзяржаўных СМІ. Расейскія мэдыя паглыбілі пранікненьне ў мэдыяпрастору Беларусі, у тым ліку і ў інтэрнэце. А недзяржаўныя беларускія мэдыя, дыпляматычна кажучы, у значнай ступені перасталі быць гульцамі ў беларускай мэдыйнай прасторы.
Кумулятыўным вынікам узьдзеяньня гэтых фактараў і стаў невялічкі рост долі прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй у пытаньні аб геапалітычным выбары.
Аднак важны вынік нашых дасьледаваньняў — гэта тое, што рост прарасейскіх настрояў спыніўся. Тры апошнія дасьледаваньні дэманструюць брак пазытыўнай дынамікі.
— Наколькі гэты зрух назіраецца ў адказах на іншыя пытаньні, зьвязаныя з Расеяй і яе палітыкай, найперш ваеннымі дзеяньнямі супраць Украіны? Тыя, хто за саюз з РФ у дыхатамічным пытаньні, — яны ж і за Расею ў вайне, і за прысутнасьць расейскіх войскаў у Беларусі, і за расейскую тактычгую ядзерную зброю ў Беларусі?
— Я прапаную вашай увазе графікі, якія апісваюць залежнасьць, сувязь «ваенных» індыкатараў з геапалітычным выбарам. Гэты выбар вызначаецца адказамі на пытаньне «На ваш погляд, у якім саюзе дзяржаваў было б лепш жыць народу Беларусі — у Эўрапейскім Зьвязе ці ў саюзе з Расеяй?».
Сярод прыхільнікаў саюзу з Расеяй станоўча ставяцца да разьмяшчэньня расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі 77%, а сярод прыхільнікаў уступленьня Беларусі ў ЭЗ — толькі 7%. Вельмі паказальна і відавочна. Тое самае можна назіраць і па іншых паказьніках.
Такім чынам, можна канстатаваць сувязь, і даволі шчыльную, паміж геапалітычным выбарам і стаўленьнем да канкрэтных сюжэтаў, зьвязаных з вайной Расеі супраць Украіны.
Сувязь адказаў на пытаньні «На ваш погляд, у якім саюзе дзяржаваў было б лепш жыць народу Беларусі — у Эўрапейскім Зьвязе ці ў саюзе з Расеяй?» і «Ці ўхваляеце вы дзеяньні Расеі ў цяперашнім збройным канфлікце з Украінай?»
Сувязь адказаў на пытаньні «На Ваш погляд, у якім саюзе дзяржаваў было б лепш жыць народу Беларусі – у Эўрапейскім Зьвязе ці ў саюзе з Расеяй?» і «Як вы ставіцеся да таго, што дзейная ўлада разьмясьціла расейскія войскі ў Беларусі?»
Сувязь адказаў на пытаньні «На Ваш погляд, у якім саюзе дзяржаваў было б лепш жыць народу Беларусі – у Эўрапейскім Зьвязе ці ў саюзе з Расеяй?» і «Як вы ставіцеся да разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі?»
— Чаму ніякая прапаганда ня ў стане пахіснуць скансалідаванае нежаданьне, каб беларускае войска ўдзельнічала ў вайне? Яна не ўсемагутная?
— Бо прапаганда сутыкаецца ў гэтым пункце зь вельмі глыбока эшалянаванай абаронай. Я б казаў: гістарычна эшалянаванай абаронай. Гэта цьвёрдая гістарычная памяць беларусаў, якія праходзілі праз такую колькасьць войнаў, празь якую не праходзіў амаль што ніводзін народ у рэгіёне. Мы ўсе ведаем пра Другую сусьветную вайну, калі загінуў кожны трэці беларус.
Як вы ставіцеся да магчымага ўводу беларускага войска на тэрыторыю Ўкраіны для ўдзелу ў ваенных дзеяньнях?
Але ж трагічная гісторыя цягнецца далей у глыбіню стагодзьдзяў, калі адбываліся такія ж трагедыі, з колькасьцю загінулых ня меншай, чым у Другую сусьветную, калі браць у прапорцыі адносна ўсяго тагачаснага насельніцтва: Першая сусьветная вайна, Паўночная вайна і г.д. Так выпрацаваўся падсьвядомы мэханізм гістарычнай памяці, які кажа: адыдзі, ня ўлазь, не чапай зброю. І гэта імгненная рэакцыя, таму такія лічбы зьявіліся адразу, ужо на трэці тыдзень пасьля пачатку «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі». І гэтая гістарычная памяць — такая жалезабэтонная, інэртная, абсалютна рыгідная, якая не паддаецца ніякаму прапагандысцкаму, мэдыйнаму «малаточку» і нават «кувалдзе».
— На прэзэнтацыі 13 ліпеня былі абнародаваныя таксама вынікі глыбінных інтэрвію. Яны дазваляюць дасьледаваць матывацыі адказаў рэспандэнтаў у колькасных апытаньнях. Выканаўца гэтага праекту БАМ Марына Гуляева гаварыла пра «інфармацыйныя коканы», у якіх, паводле яе, знаходзяцца беларусы. А чым абумоўленае знаходжаньне ў гэтых «коканах»? Хіба ня самі людзі выбіраюць, што ім чытаць, слухаць, глядзець?
— Тэза пра два «інфармацыйныя коканы» была сфармуляваная і заяўленая вашым найпакарнейшым слугой на канфэрэнцыі «Разьвіцьцё альтэрнатыўнай беларускай сыстэмы адукацыі ў сучасных умовах» у лістападзе 2022 году. Там было прапанавана структураваньне беларускай грамадзкай думкі пра вайну ва Ўкраіне вакол двух «інфармацыйных коканаў»: «Не — вайне» (уяўленьні, сьветапогляд дыяспары і інфармацыйна прасунутай часткі беларусаў на тэрыторыі Беларусі) і «Няма вайны» (пункт гледжаньня многіх беларусаў унутры Беларусі).
Што да вашага пытаньня — ці фармуе «кокан» погляды тых, хто ў ім, ці людзі самі выбіраюць свой «кокан», то адказ — і тое, і тое. Працэс ідзе ў абодва бакі.
— Што вас асабіста ўразіла ў гэтых глыбінных інтэрвію?
— Мяне ўразілі некалькі момантаў. Першы — гэта ваганьні геапалітычных арыентацыяў рэспандэнтаў. Назіраюцца пераходы як ад Расеі да Эўропы, гэтак і адваротныя, і ваганьні паміж імі як сталы стан сьвядомасьці.
Вось некаторыя заявы ўдзельнікаў глыбінных інтэрвію:
«Перайшоў да Эўропы, калі зьявілася шмат матэрыялаў пра Расею».
«У мяне бацькі за Расею, што тут незразумелага?»
«Гэтая пераможная прапаганда, яна спрацавала. У прыватнасьці, супраць мовы, супраць сьцяга, і гэта працуе тут. А гэтая прапаганда, яна вядзецца і цяпер, так скажам, тук-тук-тук, як дзяцел убівае ў галаву гэта ўсё людзям. Тут нават, так скажам, адэкватны чалавек пачынае думаць: а можа, я памыляюся? Гэта нейкі Оруэл атрымліваецца. Вы ведаеце, нават я задаваў сабе такое пытаньне: можа, я памыляюся?»
«Я бачу, як глядзяць на нас літоўскія памежнікі. У 2020 годзе я б адназначна адказаў: з Эўропай. Цяпер я адказваю, што зь Вялікай Брытаніяй, гэта значыць: без Эўропы, але і без Расеі таксама».
Яшчэ адна асаблівасьць глыбінных інтэрвію — зьяўленьне ў масавай сьвядомасьці ідэі Балта-Чарнаморскага зьвязу. Раней гэтага не было, цяпер зьявілася.
— Многія крытыкуюць апытаньні, якія цяпер праводзяцца ў Беларусі і Расеі. Паводле крытыкаў, вынікі апытаньняў адлюстроўваюць адно страх апытаных шчыра выказваць сваю сапраўдную думку. Часам крытыкі ўжываюць мэтафару: маўляў, ці паказалі б сапраўдныя думкі людзей апытаньні, якія праводзіліся б у ГУЛАГу? Сярод крытыкаў ёсьць і прафэсіяналы, скажам, расейскія сацыёляг Грыгорый Юдзін і паліталягіня Кацярына Шульман. Вы зь імі ня згодныя?
— Прыгадаю адказы на пытаньне пра стаўленьне да разьмяшчэньня расейскіх войскаў у Беларусі. Долі станоўчых і адмоўных адказаў практычна супадаюць. Гэта клясычны спліт, падзел грамадзкай думкі, кожная з ацэнак складае прыкладна па 40%. Ці можна ўявіць сабе ГУЛАГ, у якім думкі па значным палітычным пытаньні падзяліліся б пароўну, але, галоўнае, — пра гэта вязьні лягеру заявілі б уголас?
Грыгорый Юдзін у адным са сваіх нядаўніх інтэрвію , крытыкуючы адных расейскіх сацыёлягаў, спасылаецца на колькасныя дадзеныя іншых, у прыватнасьці, кампаніі Russian Field. Гэтая кампанія апэруе дадзенымі адказаў на пытаньне — «Калі б Пуцін прыняў такое ці іншае рашэньне, ці падтрымалі б вы такі варыянт?». І атрымлівалася, што большасьць аказваецца на баку любога рашэньня прэзыдэнта РФ. Вырашыць ён працягваць вайну — большасьць «за». Вырашыць спыніць — таксама большасьць «за».
Грыгорый Юдзін ня проста спасылаецца на гэтыя колькасныя дасьледаваньні і апытаньні, але сьцьвярджае, што яны рэальна адлюстроўваюць грамадзкую думку Расеі. Гэта значыць, ён давярае колькасным апытаньням, пабудаваным і праведзеным граматна і карэктна для пэўнай грамадзкай сытуацыі і грамадзкага клімату ў Расеі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.