Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памерла найстарэйшая жыхарка Зямлі. Ёй было 117 гадоў


Марыя Браньяс Марэра, архіўнае фота
Марыя Браньяс Марэра, архіўнае фота

У Гішпаніі памерла Марыя Браньяс Марэра, якая лічылася найстарэйшым чалавекам на Зямлі. Ёй было 117 гадоў. Пра сьмерць доўгажыхаркі паведамілі ў сацыяльнай сетцы Х яе блізкія.

Сям’я расказала, што Марыя Браньяс Марэра «памерла так, як хацела — у сьне, мірна і бяз болю». Апошнія два дзесяцігодзьдзі яна жыла ў пансіёне для састарэлых на паўночным усходзе Гішпаніі.

Родныя расказваюць, што напярэдадні яна адчула слабасьць і сказала ім: «Час набліжаецца. Ня плачце па мне, я не люблю сьлёз, і не пакутуйце. Куды б я ні трапіла, я буду шчасьлівая».

Марыя Браньяс Марэра нарадзілася ў 1907 годзе ў Сан-Францыска, неўзабаве яе сям’я пераехала ў Гішпанію.

За сваё жыцьцё Марэра перажыла пандэмію гішпанскага грыпу (1918–1920), Першую і Другую сусьветныя войны, а таксама грамадзянскую вайну ў Гішпаніі 1936–1939 гадоў. Яна ажанілася зь лекарам і ў гады грамадзянскай вайны разам зь ім працавала ў палявым шпіталі.

Мяркуецца, што Марэра — адзін з самых старых людзей, якія вылечыліся ад Covid-19, бо ў траўні 2020 году ў яе выявілі каранавірус, але яна пераадолела хваробу без шпіталізацыі.

У яе было трое дзяцей, адзінаццаць унукаў і трынаццаць праўнукаў. Да канца жыцьця яна захоўвала ясны розум.

Раней Марэра казала для Кнігі рэкордаў Гінэса, што пражыла такое доўгае жыцьцё дзякуючы «парадку, спакою, добрым адносінам зь сям'ёй і сябрамі, кантакту з прыродай, эмацыйнай стабільнасьці, адсутнасьці трывог, адсутнасьці шкадаваньняў, вялікай пазытыўнасьці і пазьбяганьню таксычных людзей», піша CNN.

«Я думаю, што даўгалецьце таксама залежыць ад удачы. Удачы і добрай генэтыкі», — казала яна.

Пасьля сьмерці Марэры найстарэйшым чалавекам на плянэце стала японка Томіка Ітаока, якой цяпер 116 гадоў.

Тытул найстарэйшага чалавека сьвету з калі-небудзь зафіксаваных належыць Жаньне Люізе Кальман. Яна нарадзілася 21 лютага 1875 году і пражыла 122 гады і 164 дні, паведамляе Кніга рэкордаў Гінэса.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG