Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ядуць доўгажыхары


У гэтым выпуску пра традыцыйную ежу жыхароў вострава Акінава, якая лічыцца адной з самых здаровых ў сьвеце. Увага: стаўка на салодкую бульбу і язьмінавы чай.

Тэндэнцыі ў працягласьці жыцьця

Наўдаўжэй ў сьвеце жывуць жыхары Ісьляндыі, Італіі, Японіі і Швэцыі (у сярэднім 82 гады), за імі ідуць Аўстралія, Канада, Францыя, Грэцыя, Нідэрлянды, Сынгапур, Гішпанія і Швайцарыя (81 год).

Паміж 2000 і 2050 гадамі колькасьць людзей ва ўзросьце 60 і вышэй, як чакаецца, павялічыцца да 2 мільярдаў.

Да 2050 года сьвет будзе мець амаль 400 мільёнаў чалавек ва ўзросьце 80 гадоў і вышэй.

Shutterstock.com
Shutterstock.com

Японцы-лідэры

Сусьветная арганізацыя аховы здароўя ўвяла спэцыяльны мэтад разьліку колькасьці гадоў у добрым здароўі. Гэты мэтад улічвае чаканую працягласьць жыцьця з папраўкай на гады інваліднасьці (так званыя DALE). Іншымі словамі, гэта ўлік захворваньняў і іх ускладненьняў, якія ня ўлічваюцца ў агульнай працягласьці жыцьця. Гэты мэтад паказаў, што японцы маюць самую высокую працягласьць жыцьця ў добрым здароўі: 74 з паловай гады. За японцамі ідуць аўстралійцы і французы.

Доўгажыхары Акінавы

Харчаваньне —важны фактар, які рэгулюе даўгалецьце. Акрамя таго свой уплыў маюць спадчыннасьць, умовы навакольнага асяродзьдзя, фізычная актыўнасьць, стрэс. Пры тым, што ў Японіі шмат доўгажыхароў, працягласьць жыцьця ў розных рэгіёнах краіны розная. Больш за ўсё доўгажыхароў налічваецца на паўднёвых выспах, самай беднай прэфэктуры Японіі, вядомай як прэфэктура Акінава, яна ж 47-я прэфэктура, або выспы Рукю.

Жыхары Акінавы, як мяркуюць, дажываюць да глыбокай старасьці, таму што пазьбягаюць рызыкі атрыманьня хвароб, зьвязаных са старэньнем і сьмяротнасьцю, такіх як хваробы сэрца, інсульту, дыябэту і хранічных захворваньняў лёгкіх. Пажылыя жыхары Акінавы маюць на дзіва маладыя, чыстыя артэрыі, нізкі ўзровень халестэрыну і нізкі ўзровень утрыманьня гомацыстэіну ў параўнаньні са сваімі заходнімі аднагодкамі. Гэтыя фактары дапамагаюць зьнізіць рызыку развіцьця ішэмічнай хваробы сэрца на 80% і захаваць узровень інсульту сярод насельніцтва на нізкім узроўні.

Традыцыйна галоўным заняткам на Акінаве была сельская гаспадарка, яе жыхары паўнавартасна працавалі аж да восьмага дзясятку гадоў. Іх даўгалецьце , як мяркуюць, зьвязана са здаровым ладам жыцьця, які ўключае ў сябе традыцыйную дыету зь вельмі нізкім утрыманьнем калёрый, але вельмі багатай на пажыўныя рэчывы. У апошнія дзесяцігодзьдзі дыета на Акінаве, аднак, памянялася ў горшы бок. Як вынік, маладыя астраўляне маюць больш высокую рызыку атлусьценьня і іншых фактараў, зьвязаных з развіцьцём хранічных хвароб, чым пажылыя японцы. Гэта зьява адрадзіла інтарэс з боку спэцыялістаў у галіне грамадзкай аховы здароўя да традыцыйнай акінаўскай дыеты.

Традыцыйная акінаўская яда

Асноўнай крыніцай вугляводаў у харчаваньні жыхароў Акінавы зьяўляецца салодкая бульба. У 1949 годзе астраўлянін спажываў у сярэднім ажно 849 г салодкай бульбы на дзень.

Традыцыйная трапэза, як правіла, пачынаецца зь місы супу з водарасьцяў і соевага прадукту — тофу, салодкай бульбы (батату) і / або зялёнай ліставой гародніны. Галоўнай традыцыйнай стравай зьяўляецца чампуру — абсмажаная сэзонная гародніна, часта з горкім гарбузом (Гойя). Чампуру часта аздабляецца водарасьцю камбу і караняплодам каньняку, прыгатаванымі на павольным агні ў булёне дасі. Гародніна зьяўляецца галоўным элемэнтам акінаўскай кухні. Тофу служыць адной з асноўных крыніц бялку. Невялікія колькасьць сьвініны або рыбы часам прысутнічае на стале. Найбольш часта выкарыстоўваецца наступная гародніна: дайкон, кітайская бамія, гарбуз, зялёная папая і рознае зялёнае лісьце. У ежу амаль не дадаецца соль, затое выкарыстоўваюцца прыправы. У прыватнасьці, куркума вельмі папулярная. П'юць доўгажыхары ў асноўным язьмінавы чай.

10 галоўных прынцыпаў акінаўскай дыеты:

1. Вельмі нізкая калярыйнасьць рацыёну: У 1949 астраўляне ў сярэднім ўжывалі 1784 калёрый у суткі, пры гэтым толькі 39 грамаў бялку;

2. Высокае спажываньне гародніны: да 1 кг на чалавека ў дзень;

3. Высокая спажываньне салодкай бульбы;

4. Высокае спажываньне бабовых, пераважна соі;

5. Умеранае спажываньне рыбных прадуктаў;

6. Нізкае спажываньне мяса;

7. Вельмі нізкае спажываньне малочных прадуктаў;

8. Умеранае ўжываньне алькаголю;

9. Рэгулярнае выкарыстаньне водарасьцяў;

10. Высокае спажываньне (праз прадукты харчаваньня) караціноідаў, фалійнай кіслаты, вітаміну В6, вітаміну С, калію.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG