Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армэнія адмовілася ад удзелу яшчэ ў двух вайсковых вучэньнях АДКБ


Адкрыцьцё ў Армэніі супольных з ЗША вайсковых вучэньняў Eagle Partner 2024 у ліпені 2024 году. Ілюстрацыйнае фота
Адкрыцьцё ў Армэніі супольных з ЗША вайсковых вучэньняў Eagle Partner 2024 у ліпені 2024 году. Ілюстрацыйнае фота

Армэнія ўдзельнічае ў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ), але зь сярэдзіны 2023 году пачала згортваць сваю прысутнасьць у ёй.

Армэнія ня будзе ўдзельнічаць у вайсковых вучэньнях Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ), якія адбудуцца 12–16 жніўня ў Расеі і 3–15 верасьня — у Кыргызстане.

Як адзначаецца на афіцыйным сайце арганізацыі, у вучэньнях на палігоне «Горны» Сібірскай акругі Расейскай гвардыі ў Новасібірскай вобласьці возьмуць удзел Расея, Беларусь, Казахстан, Таджыкістан і Кыргызстан.

Гэтыя вучэньні маюць умоўную назву «Кобальт-2024». У іх возьмуць удзел спэцпадразьдзелы органаў унутраных спраў, нацыянальнай бясьпекі, унутраных войскаў, спэцыяльных і антынаркатычных службаў, а таксама аварыйна-выратавальных і супрацьпажарных структураў, якія ўваходзяць у склад фармаваньняў сілаў спэцыяльнага прызначэньня Калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня АДКБ.

На вучэньнях у Новасібірскай вобласьці будуць трэнаваць навыкі нэўтралізацыі бандаў і тэрарыстычных груповак, а таксама перакрыцьця каналаў кантрабанды наркотыкаў.

У Кыргызстане пройдуць камандна-штабныя вучэньні «Узаемадзеяньне-2024», «Пошук-2024» і «Эшалён-2024». У іх таксама будуць удзельнічаць падразьдзелы з Расеі, Беларусі, Казахстану, Таджыкістану і Кыргызстану.

Усе вучэньні праводзяцца паводле пляну супольнай падрыхтоўкі органаў кіраваньня і фармаваньняў сілащ і сродкаў сыстэмы калектыўнай бясьпекі АДКБ.

У часе вучэньняў у Крыгызстане будуць трэнавацца ў арганізацыі супрацьпаветранага прыкрыцьця і выкарыстаньня сілаў і сродкаў радыёэлектронанй барацьбы пры ўзаемадзеяньні з выведна-ўдарнымі бесьпілётнікамі.

Што папярэднічала

Армэнія ўдзельнічае ў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ), але зь сярэдзіны 2023 году пачала згортваць сваю прысутнасьць там.

У лютым 2024 году прэм’ер-міністар Нікол Пашыньян прызнаў, што Армэнія, у сутнасьці, замарозіла ўдзел у арганізацыі, бо тая «ня выканала сваіх абавязаньняў у галіне бясьпекі» перад Армэніяй, асабліва ў 2021 і 2022 гадах. У жніўні 2024 году расейскія памежнікі пакінулі міжнародны аэрапорт Ерэвану.


12 чэрвеня прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян на сустрэчы з дэпутатамі парлямэнту заявіў, што краіна выйдзе з АДКБ. Пры гэтым канкрэтных тэрмінаў выхаду ён не назваў. «Мы самі вырашым, калі выйдзем», — дадаў ён.

Пазьней міністар замежных справаў Армэніі Арарат Мірзаян заявіў у парлямэнце, што словы Пашыньяна няправільна інтэрпрэтавалі.

«Прэм’ер-міністар Армэніі заявіў, што мы вырашым, калі выйдзем, але назад ня вернемся. Калі нехта сьцьвярджае, што прэм’ер-міністар Армэніі заявіў, што Армэнія выходзіць з АДКБ, то памыляецца», — сказаў Мірзаян.

На той жа сустрэчы Нікол Пашыньян заявіў, што ніякія афіцыйныя асобы Армэніі ня будуць наведваць Беларусь, пакуль Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе.

«Адзін з чальцоў АДКБ заяўляе, што ўдзельнічаў у падрыхтоўцы 44-дзённай вайны (у Карабаху), заахвочваў, верыў і жадаў перамогі Азэрбайджану. І пасьля гэтага я павінен абмяркоўваць з кіраўніком Беларусі нейкія пытаньні ў фармаце АДКБ?» — сказаў Пашыньян у парлямэнце.

У выніку бакі адклікалі сваіх дыпляматаў для кансультацыяў.

Экспэрты мяркуюць, што прычынай гэтага мог стаць продаж Азэрбайджану беларускай зброі, якую азэрбайджанскі бок выкарыстоўваў у вайне ў Карабаху ў 2020 годзе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG