Сьцісла:
- Для большасьці недасьведчаных наведнікаў выставы экспазыцыя складаецца ў вобраз беларусаў і Беларусі.
- Уявіць сабе, што ў сытуацыі з дыктатурай беларусы і Беларусь памяняліся месцамі зь літоўцамі і Літвой, немагчыма.
- Мінулыя 30 гадоў беларусы і Беларусь жылі і дасягалі посьпехаў, мацавалі сваё добрае імя выключна насуперак дыктатуры.
Калі дызайнэр Артур Вакараў напярэдадні адкрыцьця сваёй выставы прымацаваў да агароджы Музэю акупацыі і барацьбы за свабоду (былы КГБ) у цэнтры Вільні апошні постэр, ён міжволі заўважыў: «Дзіўна, за пару гадзін працы ніводзін паліцыянт не падышоў, нават не паказаўся»...
Сапраўды, у высокіх дрэвах сьпявалі птушкі, побач на Лукіскім пляцы гулялі дзеці і пахаджалі разьняволеныя турысты, крыху даляталі гукі вялікага гораду — паветра поўнілася спакоем, летняй пяшчотай і пэўнасьцю прадказальнай будучыні... І толькі ў гэтых трыццаці трагікамічных і саркастычных плякатах, прысьвечаных 30-м угодкам дыктатуры ў Беларусі, быццам сканцэнтравалася ўся трывога, жудасьць і тупіковасьць таго, што адбываецца за 30 км адсюль, за беларускай мяжой.
Хто такі Артур Вакараў
У Беларусі яго ведаюць як сузаснавальніка студыі дызайну «Адліга», стваральніка мэблевага сэканд-хэнду з «дызайнэрскай» назвай «Б/уржуазные ценности», дзе прадаваліся ўжываныя сэрванты, фатэлі ды бюро з Заходняй Эўропы. Ён аўтар мастацкага афармленьня масавых імпрэзаў, музычных альбомаў ды кніг. Апошняя — аповесьці Васіля Быкава «Афганец» і «Бліндаж», якую беластоцкі фонд «Камунікат» выдаў на 100-я ўгодкі клясыка.
На вокладцы — гіпэррэалістычная дзьвярная клямка, зачыненая на патрон. (Падумалася, што Быкаву не шанцавала на яркія вокладкі, і гэта адно зь нямногіх выключэньняў.) Стылістычна клямка перагукаецца зь іншай жалязякай — на загалоўным постэры віленскай выставы: кайданкамі ў выглядзе лічбы «30» і адначасова ў выглядзе маятніка, бо дыктатура на працягу трыццаці гадоў у Беларусі гайдалася ад паасобных рэпрэсіяў супраць вальнадумцаў да татальнага перасьледу апошнія чатыры гады.
Літоўскія наведнікі разглядаюць выявы на постэрах як штосьці далёкае і немагчымае. Нехта такой вось страшнай і дзікай уяўляе сабе саму Беларусь. Усё ж за гэтыя гады ўлады зрабілі шмат, каб дзьве нацыі, зьвязаныя адным гістарычным лёсам, апынуліся ня ў пешай дасяжнасьці адна да адной, як ёсьць насамрэч, а ў розных паўшар’ях ці на розных плянэтах.
Сьцяг на зямлі і сінія пальцы
Вось бел-чырвона-белы сьцяг, кінуты на зямлю, з адбіткамі падэшваў. Мне тут бачыцца яшчэ і іншы сэнс, чым на першы погляд. Гэта ня толькі зьдзек з нацыянальных сымбаляў, што магло б быць сьведчаньнем тупой злосьці карнікаў. Адбіткі могуць належаць тым нявінным ахвярам, якіх карнікі заганялі ў аўтазакі і турмы, наўмысна сьцелючы на падлогу ў праходзе бел-чырвона-белы сьцяг, каб ахвяры самі мусілі наступаць на свае сьвятыні. А гэта ўжо зьдзек ня з сымбаляў, а з жывых людзей. На памяць прыходзяць згадкі палітычных зьняволеных лукашэнкаўскай турмы. Адна жанчына кажа, што старалася ісьці па чырвонай паласе, каб адбіткі падэшваў былі не такія прыкметныя, як на белых палосах. А другая, прайшоўшы, сказала сяброўкам: «Сьцяг нам ножкі сагрэў»...
А вось бялюткі карункавы фартух, надзеты паўзьверх завэдзганай канцлягернай робы. Можа, гэта вобраз мірнае гаспадыні, які праступае яе нязломнай сутнасьцю, бо ахвяры карнікаў — гэта зусім ня той тып людзей, якія б, загнаныя ў няволю, ператварыліся ў звычайных крымінальных сядзельцаў, прыпадобніліся да тых самых «сілавікоў», што арганічна жывуць у турэмным сьвеце, хоць і з другога боку кратаў. А магчыма таксама, гэта вобраз самога рэжыму, яго сутнасьць — паласатая роба, і тое, як ён уяўляе сам сябе — у белым фартуху.
Ёсьць тут і шагалаўскі палёт над горадам, які на нашых вачах спыняецца падвешанай да герояў трыццацікіляграмовай гірай. Вобраз, які ўвасабляе ўздым фантазіі, пачуцьцяў, інтэлектуальнае вышыні, груба зганяецца ўніз, у прыземленасьць і тупасьць. Ніякіх палётаў больш «не положено». Цяпер усе мусяць мысьліць і адчуваць на ўзроўні «абасраных кароваў» з суседняга плякату.
«Колькі пальцаў?» — пытаецца наступны твор, на якім дзьве рукі бравурна пляскаюць у ладкі, і на кожнай па 15 пальцаў (разам 30), і ўсе яны сінія. Насамрэч, калі скінуць акуляры прапаганды, гэта толькі адна рука і яе адбітак у люстэрку. Эфэкт множнасьці дасягаецца гіпнозам, быццам час рухаецца і вось ужо трыццаць гадоў мінула, але ж гэта само жыцьцё рухаецца, а пальцы застаюцца на месцы, яны не зьмяняюцца ад самага пачатку.
Беларусаў памяняць зь літоўцамі
Мне падумалася пра незвычайную сытуацыю. А што, калі б мы зь літоўцамі памяняліся месцамі, і гэта была б іхная бяда і іхная выстава пра 30 гадоў іхнай дыктатуры каля сьценаў менскага КГБ, у якім цяпер музэй акупацыі і барацьбы за свабоду? Згаданы супольны гістарычны лёс, блізкасьць ува ўсіх сэнсах, апроч хіба моўнай, маючы на ўвазе найперш русыфікаванасьць беларусаў. Па-чалавечы, мэнтальна, у сфэрах гаспадаркі, быту, кухні... лічы, што адзін народ. Ня так даўно — дзьве савецкія сацыялістычныя рэспублікі з адной сталіцай — у Маскве...
Не, не ўяўляецца. Пры ўсёй самай дзікай фантазіі ўбачыць такую замену месцамі беларусаў і літоўцаў немагчыма. Але чаму? Напэўна, прычына ў тым, што гэтая выстава не пра нас, не пра беларусаў і не пра Беларусь. Нас няма як «другога боку» насупраць гэтай дыктатуры.
І тут фантазія пачынае працаваць па-іншаму. Мне бачыцца іншы, «альтэрнатыўны» шэраг плякатаў: пра нас і пра Беларусь.
Я ўяўляю такую сэрыю з 30 постэраў, але зь іншага, сьветлага боку. Што гэта магло б быць? Мая думка робіць ронда і вяртаецца да аформленага Вакаравым выданьня Быкава. Вядома ж, гэта кніга. У Беларусі ўпершыню ў гісторыі ўзьнікла недзяржаўнае кнігавыдавецтва. Узьнікла, разраслося і разьвіваецца. Насуперак вось гэтай самай дыктатуры. Чаго тут толькі няма! Новыя і ўжо вядомыя аўтары, якія да таго ж прабіваюцца ў сьвеце, Нобэлеўская прэмія, а яшчэ — выдатныя прафэсійныя пераклады зь іншых літаратур, свае прэміі, фэстывалі... З кніжных цаглінак мы выкладзем гэтую лічбу 30. Вобраз кніжнае нацыі, які ўвасобіўся ў жыцьцё, нягледзячы на ўвесь прэсінг дыктатуры.
Мова, якая сышла з калгасу, стаўшы носьбіткай эстэтызму, інтэлектуалізму і мадэрнага гарадзкога быту. Мова школы — ад пачатковай да вышэйшай, мова кангрэсаў і, вядома ж, кніг.
Грамадзянская супольнасьць, тысячы ініцыятываў, пасаджаных за краты, загнаных у падпольле, выціснутых за мяжу, якія сёньня ўвасабляюць у жыцьцё словы «ўсё, што нас не забівае, робіць нас мацнейшымі», або «яны нас пасадзілі, не разумеючы, што мы насеньне»...
Гэткім чынам постэры Вакарава правакуюць на супрацьлеглае, на думку, вядома ж, не пра 30 закарэласьцяў на азадку нямытай каровы (бо што тут думаць), а пра тое, наколькі беларусы за гэты час палепшалі, нацыянальна ўзбагаціліся і памацнелі, салідарызаваліся. І ўсё пазытыўнае, што прыходзіць у галаву, адбылося за гэтыя 30 гадоў насуперак дыктатуры. А ў выніку — насуперак апынаецца ўсё ўвогуле станоўчае, што мы зрабілі самі: сваім розумам, творчасьцю і імпэтам. Што да «афіцыйнае ўлады», дык у яе «актыве» на будучыню застануцца толькі гэтыя вось 30 постэраў — як 30 пострахаў, як пустата.
P.S. Адкрыла выставу Сьвятлана Ціханоўская пры ўдзеле аўтара і літоўскіх палітыкаў. А паглядзець экспазыцыю можна да 24 жніўня.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум