Кітайскія кампаніі экспартавалі высокадакладныя дэталі беларускаму абароннаму падрадчыку «БелОМА Холдынг» нават пасьля таго, як той апынуўся пад заходнімі санкцыямі за дапамогу Расеі ў вайне супраць Украіны, паведамляе японскае выданьне Nikkei Asia, спасылаючыся на дакумэнты, атрыманыя ад BelPol.
Паводле выданьня, аб'яднаньне былых беларускіх сілавікоў BelPol атрымала з шматлікіх галіновых крыніц кантракты, запісы аб плацяжах і іншую інфармацыю пра ўгоды паміж кампаніямі ў Беларусі і Кітаі. Згодна з гэтымі запісамі, 1 сьнежня шэньчжэньская кампанія Green Cycle Energy атрымала замову ад беларускага абароннага падрадчыка «БелОМА Холдынг» на 3 тысячы кампанэнтаў для лазэрнага модуля LAD-21T, які выкарыстоўваецца для навядзеньня бомбаў і ракет з лазэрным навядзеньнем. Аплата была ў юанях, у плацяжы ўдзельнічаў шанхайскі філіял расейскага дзяржаўнага банка «ВТБ».
Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі супраць «БелОМА» 5 сьнежня 2023 году за наданьне ўзбраеньняў расейскім вайскоўцам. Аднак 16 лютага Green Cycle Energy і «БелОМА» падпісалі кантракт на набыцьцё гэтых кампанэнтаў яшчэ на 5,56 млн юаняў (каля 764 тысяч даляраў).
Яшчэ адзін кітайскі вытворца камплектуючых Morotack (Tianjin) Technology 1 лютага падпісаў кантракт з рагачоўскім заводам «Дыяпраектар» (належыць холдынгу «БелОМА») на пастаўку 200 адзінак камплектуючых «флянцаў» на суму 114 000 юаняў. Гэты кампанэнт лічыцца крытычна важным для найноўшых сыстэмаў навядзеньня, адзначае выданьне. Паводле інфармацыі з дакумэнтаў, атрыманых выданьнем ад BelPol, у пагадненьні ўдзельнічалі беларускія і кітайскія банкі.
У лісьце ад 2 траўня «БелОМА» таксама папрасіла ад Morotack штомесяц адпраўляць па 100 адзінак спадарожных камплектуючых.
Паводле выданьня, дакумэнты, атрыманыя BELPOL, утрымліваюць «некаторыя намёкі на шчыльнае супрацоўніцтва паміж расейскімі і беларускімі абароннымі падрадчыкамі».
Паведамляецца, што 2 лютага пецярбурская кампанія «Дакладныя лазэрныя сыстэмы» (Precision Laser Systems, PLS) паставіла рагачоўскаму «Дыяпраектару» кампанэнты, зьвязаныя з лазэрамі, коштам 499 200 даляраў. Гэтыя кампанэнты зьмяшчалі 78 лазэрных дыёдаў, вырабленых кітайскім вытворцам Haucore зь Цзінані. Пастаўкі аналягічнага аб’ёму на адрас «Дыяпраектара» кампанія ажыцьцявіла таксама 20 лютага і 20 сакавіка.
Тым часам «Дыяпраектар» прадае камплектуючыя беларускаму абароннаму прадпрыемству «Пеленг», якое пастаўляе расейскім вайскоўцам прыцэлы для наводчыкаў танкаў «Сосна-У», вынікае з дакумэнтаў. У замове на пастаўку, адпраўленай пецярбурскай кампаніі «Дакладныя лазэрныя сыстэмы» ў лютым 2023 году, «Дыяпраектар» указаў, што ягоныя кампанэнты будуць пастаўляцца «Пеленгу» «для вытворчасьці „Сосны-У“ ў рамках дзяржаўнага абароннага заказу Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі».
Беларускае абароннае прадпрыемства «Пеленг» знаходзіцца пад санкцыямі ЗША і Вялікай Брытаніі.
«Па стане на 24 ліпеня кампаніі Green Cycle Energy, „БелОМА“, Morotack, Haucore, PLS і „Пеленг“ не адказалі на просьбы Nikkei аб камэнтары», — адзначаюць аўтары.
Форум