Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У новага кіраўніка МЗС Беларусі другі замежны візыт. Першы быў у Кітай, цяпер — у КНДР


Міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў. Архіўнае фота
Міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў. Архіўнае фота

Візыт адбываецца на запрашэньне Міністэрства замежных спраў КНДР «у адказ».

Міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў 23–25 ліпеня наведвае Карэйскую Народна-Дэмакратычную Рэспубліку (КНДР) з афіцыйным візытам.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні МЗС Беларусі, візыт адбываецца на запрашэньне Міністэрства замежных спраў КНДР «у адказ».

Звычайна «візыт у адказ» ажыцьцяўляецца пасьля таго, як краіну наведаў афіцыйны прадстаўнік іншай краіны. У той жа час на сайце МЗС Беларусі і ў дзяржаўных СМІ не было ніякіх паведамленьняў аб візыце ў Беларусь міністра замежных спраў КНДР.

Актывізацыя адносін Беларусі і КНДР

Вядома, што сёлета ў красавіку КНДР наведваў намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў. Пра гэты візыт афіцыйна не паведамлялі, пра яго стала вядома з паўночнакарэйскага інфармацыйнага агенцтва ЦТАК. Толькі праз тыдзень пасьля гэтага тагачасны кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік паведаміў аб правядзеньні палітычных кансультацый у Пхэньяне.

Тады Сяргей Алейнік сказаў, што гэта былі «плянавыя кансультацыі замежнапалітычных ведамстваў», а ў часе візыту беларускай дэлегацыі абмяркоўвалі «двухбаковы парадак дня з акцэнтам на гуманітарную супрацу», а таксама «узаемадзеяньне ў міжнародных арганізацыях».

Паводле паведамленьня агенцтва ЦТАК, на перамовах у красавіку КНДР і Бедарусь дамовіліся пра «далейшае пашырэньне і разьвіцьцё традыцыйных дачыненьняў дружбы і супрацоўніцтва паміж дзьвюма краінамі шляхам умацаваньня кантактаў і візытаў на найвышэйшым узроўні, актыўнага стымуляваньня супрацы ў сфэры эканомікі і культуры, узмацненьня ўзаемнай падтрымкі на міжнароднай арэне адпаведна патрабаваньням часу».

У 2023 годзе Аляксандар Лукашэнка некалькі разоў прапаноўваў прэзыдэнту Расеі супольную супрацу з КНДР у трохбаковым фармаце. Сёлета ў чэрвені Ўладзімір Пуцін наведваў Пхэньян з афіцыйным візытам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG