Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыка Крыгер — ня першы. Сама меней тузін іншаземцаў асудзілі да сьмяротнага пакараньня ў Беларусі


Ілюстрацыйнае фота. Грамадзянін Нямеччыны Рыка Крыгер, асуджаны да сьмяротнага пакараньня ў Беларусі
Ілюстрацыйнае фота. Грамадзянін Нямеччыны Рыка Крыгер, асуджаны да сьмяротнага пакараньня ў Беларусі

Грамадзянін Нямеччыны Рыка Крыгер — ня першы іншаземец, якога асудзілі да расстрэлу ў гісторыі сучаснай Беларусі. Выданьне «Медиазона» з дапамогай «Кібэрпартызан» знайшло яшчэ 12 чалавек, якім прызначылі сьмяротнае пакараньне. Усе такія прысуды прыпалі на першае дзесяцігодзьдзе пасьля развалу СССР.

Да іншаземцаў, асуджаных у Беларусі, «Медиазона» аднесла ўсіх тых, у каго ў прысудзе месцам нараджэньня пазначана не Беларусь. Па просьбе выданьня арганізацыя BELPOL праверыла людзей з гэтага сьпісу — мяркуючы па зьвестках з сыстэмы АІС «Пашпарт», беларускага пашпарта яны не атрымлівалі.

Расейцы

Выданьне знайшло 5 выхадцаў з Расеі, якіх беларускія суды асудзілі на сьмяротнае пакараньне. Трое зь іх былі расстраляныя, што да яшчэ двух чалавек — дакладна не вядома, ці прывялі прысуд у выкананьне.

  • У 1994 годзе Віцебскі абласны суд асудзіў на расстрэл Віктара Кузьміцкага, ураджэнца Омскай вобласьці. Яго абвінавацілі ў забойстве, крадзяжы, хуліганстве, дробным крадзяжы і крадзяжы маёмасьці шляхам махлярства. У 1995 годзе 36-гадовага Кузьміцкага расстралялі.
  • Аляксея Бутакова з Іркуцкай вобласьці той жа суд асудзіў да найвышэйшай меры паводле артыкула аб забойстве ў 1996 годзе. За 4 гады да гэтага яго асудзілі на 2 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай. У 1998 годзе ва ўзросьце 22 гадоў Бутакова расстралялі.
  • 14 жніўня 1996 году Берасьцейскі абласны суд прысудзіў ураджэнцу Сьвярдлоўскай вобласьці Эдуарду Кардзюкову сьмяротнае пакараньне. Яго абвінавацілі ў крадзяжы дзяржаўнай маёмасьці, выкраданьні або пашкоджаньні дакумэнтаў, незаконным абароце зброі, падрыхтоўцы да пашкоджаньня дзяржаўнай маёмасьці, забойстве. Вярхоўны суд адмяніў прысуд і прызначыў разгляд у іншым складзе судзьдзяў. Нягледзячы на гэта, 21 кастрычніка 1997 году Берасьцейскі абласны суд зноў асудзіў яго на расстрэл, гэтым разам паводле артыкулаў аб разбоі, падрыхтоўцы да пашкоджаньня дзяржаўнай маёмасьці, выкраданьні або пашкоджаньні дакумэнтаў і забойстве. 5 лістапада 1998 году 24-гадовага Кардзюкова расстралялі.
  • У чэрвені 1994 году Гомельскі абласны суд асудзіў на расстрэл ураджэнца Бранскай вобласьці Ўладзіміра Якавенку. Яго абвінавацілі ў забойстве. 14 лютага 1995 году прысуд набыў законную моц. Ні пра яго абскарджаньне, ні пра выкананьне прысуду пазьней не паведамлялі.
  • Невядома таксама, ці прывялі ў выкананьне прысуд у дачыненьні да Рамана Балоніна з Пскоўскай вобласьці. 30 красавіка 1998 году Віцебскі абласны суд асудзіў яго на расстрэл паводле артыкула аб забойстве. Раней ён быў судзімы і выйшаў на волю праз умоўна-датэрміновае вызваленьне.

Украінцы

За ўсю гісторыю незалежнай Беларусі на расстрэл асудзілі дваіх выхадцаў з Украіны; аднаму зь іх прысуд зьмякчылі, што было з другім — невядома.

  • Ігара Якіменку з Хмяльніцкай вобласьці ў 1992 годзе судзіў вайсковы трыбунал Беларускай вайсковай акругі. Яго судзілі паводле артыкулаў аб забойстве, парушэньні статутных правілаў каравульнай службы, якое пацягнула за сабой шкодныя наступствы, незаконным абароце зброі і дэзэртэрстве і асудзілі на расстрэл. Указам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Беларусі сьмяротны прысуд замянілі на 20 гадоў калёніі асобага рэжыму.
  • 8 лютага 1996 году Віцебскі абласны суд асудзіў Сяргея Марыненку, ураджэнца Луганскай вобласьці Ўкраіны, на расстрэл паводле артыкулаў аб разбоі і забойстве. 22 лютага 1996 году яго перавялі ў СІЗА № 1 Менску. Што зь ім было далей, не ўдакладняецца.

Кіргізстан, Казахстан, Латвія, Абхаская і Татарская АССР

У першыя гады пасьля распаду СССР некаторыя людзі маглі ня мець пашпартоў новых незалежных дзяржаваў, таму пра іх вядомае толькі паходжаньне.

  • Тэнгіз Кутарба нарадзіўся ў Абхаскай АССР. 21 ліпеня 1993 году Берасьцейскі абласны суд асудзіў яго на расстрэл паводле артыкула аб незаконным абароце зброі і наўмысным забойстве з хуліганскіх памкненьняў. 11 сакавіка наступнага году 31-гадовага Кутарбу расстралялі.
  • 18 студзеня 1994 году Віцебскі абласны суд асудзіў Алега Быкава з Кіргізстану на расстрэл паводле артыкула аб забойстве, згвалтаваньні і крадзяжы. 26 красавіка 1995 году 33-гадовага асуджанага расстралялі.
  • Ураджэнца Рыгі Генадзя Дымпэрса Віцебскі абласны суд 24 лютага 1994 году асудзіў на найвышэйшую меру паводле артыкулаў аб забойстве і катаваньні. 1 чэрвеня 1995 году яго расстралялі.
  • 13 студзеня 1997 году Берасьцейскі абласны суд асудзіў ураджэнца гораду Чымкент у Казахстане Васіля Раскошнага на расстрэл паводле артыкула аб забойстве. Вярхоўны суд замяніў яму найвышэйшую меру пакараньня на 15 гадоў пазбаўленьня волі.
  • Валерыя Міхайлава родам з Татарскай АССР 28 кастрычніка 1994 году Берасьцейскі абласны суд асудзіў на расстрэл паводле артыкулаў аб крадзяжы, падрыхтоўцы да крадзяжу і забойстве. Ці быў прыведзены прысуд у выкананьне, невядома.

Справа Рыка Крыгера

19 ліпеня стала вядома, што 24 чэрвеня грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера (Rico Krieger) асудзілі на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі. Суд над ім праходзіў у Менскім абласным судзе з 6 чэрвеня.

Паводле інфармацыі «Вясны», Крыгера прызналі вінаватым ва «ўчыненьні выбуху ў мэтах аказаньня ўзьдзеяньня на прыняцьце рашэньняў органамі ўлады, застрашваньня насельніцтва, дэстабілізацыі грамадзкага парадку (акце тэрарызму), зьдзейсьненым асобай, якая раней учыніла злачынства, прадугледжанае ч. 4 арт. 295 КК, арганізаванай групай, то бок у зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 289 КК».

Прапагандысцкія СМІ паведамілі, што Крыгера затрымалі 6 кастрычніка. У гэты дзень ён плянаваў ляцець у Баку. На судзе ён прызнаў сябе вінаватым толькі ў агентурнай дзейнасьці.

Паводле публікацыі ў дзяржаўнай прапагандзе, у Беларусь Крыгер прыехаў турыстам 2 кастрычніка 2023 году з тэлефонамі і бесьпілётнікам. Ад СБУ ён нібыта атрымаў заданьне правесьці ў Асіповічах выведку і сфатаграфаваць вайсковыя аб’екты. 4 кастрычніка Крыгер сфатаграфаваў тэрыторыю в/ч 97115 і вайсковую тэхніку. На наступны дзень — участак чыгуначных шляхоў, вагоны, пагрузачна-разгрузачную плятформу побач са станцыяй Азярышча.

Пасьля гэтага ён нібыта атрымаў каардынаты і фота тайніка з самаробнай выбуховай прыладай, а таксама інструкцыю, як усталяваць яе на чыгунцы. Схованку Крыгер знайшоў у лесапасадцы ў Першамайскім раёне Менску, пад апорай ЛЭП. Перавёз выбухоўку і ўстанавіў яе на чыгуначнай каляіне станцыі. Пасьля гэтага адправіўся ў гатэль. Выбух адбыўся 5 кастрычніка, у 23:22. Паводле інфармацыі аднаго са сьведак, 6 кастрычніка на каляіне, дзе заклалі выбухоўку, павінна была грузіцца вайсковая тэхніка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG