Акрамя Расеі і Паўночнай Карэі юрысдыкцыя спэцыяльнага трыбуналу ў рамках Рады Эўропы ў злачынствах агрэсіі супраць Украіны «павінна распаўсюджвацца на меркаваныя злачынствы агрэсіі, зьдзейсьненыя так званым беларускім кіраўніцтвам», гаворыцца ў рэзалюцыі, якую прыняла Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ), піша Позірк.
З дакумэнту вынікае, што ўзгодненыя тэксты праектаў двухбаковага пагадненьня паміж Украінай і Радай Эўропы, статуту спэцтрыбуналу, а таксама «пашыранага частковага пагадненьня» аб кіраваньні спэцтрыбуналам прадстаўленыя для «палітычнага разгляду» ва Ўкраіне і ў дзяржавах, якія ўдзельнічаюць у стварэньні гэтага судовага органу.
На люты 2025 году ў асноўнай групе была 41 дзяржава, Эўракамісія, Эўрапейская служба зьнешніх дзеяньняў і Рада Эўропы.
ПАРЭ лічыць, што прадугледжаная Асноўнай групай мадэль трыбуналу з удзелам міжнародных судзьдзяў і прымяненьнем міжнароднага права «ўтрымлівае рысы, якія робяць яго дастаткова міжнародным».
Асамблея выказала «поўную падтрымку ўсім існым мэханізмам прыцягненьня да адказнасьці, якія ліквідуюць наступствы агрэсіі, у тым ліку органам пракуратуры і суду Ўкраіны ды іншых краін, Міжнароднаму крымінальнаму суду».
Акрамя таго, яна «вітае прыхільнасьць ЗША да мірных перамоваў» і лічыць, што любыя перамовы павінны «безумоўна ўлічваць гуманітарны аспэкт вайны, у тым ліку вызваленьне цывільных асобаў, якіх незаконна ўтрымлівае Расея, і ўзаемны абмен і рэпатрыяцыю ўсіх ваеннапалонных паводле формулы „ўсіх на ўсіх“, а таксама <…> гарантаваньне бясьпечнага вяртаньня і рэінтэграцыі дзяцей, незаконна дэпартаваных у Расею і Беларусь або гвалтоўна перамешчаных на часова акупаваныя Расеяй украінскія тэрыторыі».
Асамблея падкрэсьліла, што любыя магчымыя мірныя перамовы не павінны ставіць пад пагрозу абавязальніцтвы прыцягнуць да адказнасьці Расею і тых, хто нясе адказнасьць за яе злачынствы і парушэньні міжнароднага права.
У рэзалюцыі таксама ўтрымліваецца заклік забясьпечыць прыцягненьне Масквы і Менску да адказнасьці «за сыстэматычнае прымяненьне катаваньняў і іншых формаў жорсткага абыходжаньня, пад якія падпадалі і падпадаюць украінскія ваеннапалонныя, украінскія цывільныя асобы і палітычныя зьняволеныя ў Расеі і на часова акупаваных тэрыторыях Украіны, а таксама палітвязьні ў Беларусі, шляхам выкарыстаньня мэханізму ўрэгуляваньня спрэчак, прадугледжанага ў артыкуле 30.1 Канвэнцыі ААН супраць катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або тых, што прыніжаюць годнасьць, відаў абыходжаньня і пакараньня».
Сытуацыя з палітычнымі зьняволенымі ў Беларусі і Расеі «застаецца вельмі трывожнай», канстатавала напярэдадні генэральная дакладчыца ПАРЭ ў палітвязьнях у Эўропе Азадэ Райхан у інфармацыйнай запісцы, падрыхтаванай да вясновай сэсіі асамблеі.
Форум