У Службе дзяржаўнай бясьпекі Грузіі расьсьледуюць падрыхтоўку забойства заснавальніка і ганаровага старшыні кіроўнай партыі «Грузінская мара» Бідзіны Іванішвілі.
«Служба дзяржбясьпекі расьсьледуе факты падрыхтоўкі забойства ганаровага старшыні партыі „Грузінская мара“ Бідзіны Іванішвілі, арганізаванага і прафінансаванага былымі высокапастаўленымі чыноўнікамі ўраду Грузіі, якія знаходзяцца ва Ўкраіне, і колішнімі супрацоўнікамі праваахоўных органаў», — адзначаецца ў афіцыйнай заяве, паведаміў праект Радыё Свабода «Эхо Кавказа».
У Службе дзяржаўнай бясьпекі Грузіі сьцьвярджаюць, што мэтай гэтых «злачынных дзеяньняў зьяўляецца зьвяржэньне ўлады гвалтоўным шляхам дэструктыўнымі сіламі на тле стварэньня беспарадкаў і паслабленьня ўлады».
«У крымінальнай справе праводзяць актыўныя сьледча-вышуковыя захады, у межах якіх у сьледчы орган для допыту ў якасьці сьведак выклікаюць канкрэтных асобаў», — адзначаецца ў заяве.
Крымінальную справу завялі на падставе двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу Грузіі: 18-323 («Падрыхтоўка тэрарыстычнага акту») і 315 («Змова ці мяцеж з мэтай гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу Грузіі»).
23 ліпеня стала вядома, што ў гэтай справе праводзяць допыты грузінскіх добраахвотнікаў, якія ваявалі на баку Ўкраіны. У заяве не называюць ніводнага прозьвішча падазраваных.
Кіроўную партыю «Грузінская мара» часта называюць прарасейскай, асабліва пасьля таго, як зь яе ініцыятывы ўхвалілі закон «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву», больш вядомы як закон пра іншаземных агентаў — аналягічны таму, што дзейнічае ў Расеі. У кааліцыю з партыяй «Грузінская мара» ўваходзіць яшчэ адна — партыя «Сіла людзей».
Форум