У Грузіі дапытваюць грамадзян, якія ваююць на баку Ўкраіны супраць расейскай агрэсіі, пра імаверны тэрарыстычны акт супраць ганаровага кіраўніка кіроўнай партыі «Грузінская мара» Бідзіны Іванішвілі і іншых яе прадстаўнікоў.
Як паведаміў праект Радыё Свабода «Эхо Кавказа», расьсьледаваньне справы праводзіць Служба дзяржаўнай бясьпекі Грузіі.
«Мяркуючы па пытаньнях, ствараецца ўражаньне, што супраць высокапастаўленых палітыкаў плянуецца тэрарыстычны акт. Сярод іх сьледчы назваў канкрэтнае імя і прозьвішча. Менавіта гэтыя людзі сёньня прадстаўляюць вышэйшыя эшалёны „Грузінскай мары“. Гаворка ішла пра ганаровага старшыню „Грузінскай мары“ Бідзіну Іванішвілі. Пытаньні заключаліся ў тым, ці зьбіраецеся вы ўдзельнічаць у тэрарыстычным акце, які называецца дзяржаўным пераваротам. У чалавека пытаюцца: калі ты баец [ва Ўкраіне], ці зьбіраесься ты ўдзельнічаць у гэтых тэрактах і дзяржаўным перавароце?» — сказаў Міхаіл Рамішвілі, адвакат грузінскага добраахвотніка Гелы Кахабрышвілі.
Акрамя таго, паводле яго слоў, падчас допыту згадваліся высокапастаўленыя чыноўнікі Ўкраіны, а таксама лідэр «Грузінскага легіёну» (падразьдзяленьне, якое ваюе ва Ўкраіне) Мамука Мамулашвілі. Адвакат Міхаіл Рамішвілі лічыць абвінавачаньні абсурднымі.
«Я ўпэўнены, што ніякага тэрарыстычнага акту ў Грузіі не адбудзецца. Калі б былі доказы і існавала небясьпека для жыцьця чалавека, я б асабіста ўжо завяршыў ня толькі допыт сьведак, але і выставіў бы абвінавачаньне. [З той жа ступеньню ўпэўненасьці] мяне можна абвінаваціць у тым, што я ўзначальваю Глябальную партыю вайны», — дадаў Рамішвілі.
Сам Гела Кахабрышвілі таксама пацьвердзіў, што пытаньні яму задалі ў сувязі з магчымай падрыхтоўкай тэракту супраць Іванішвілі.
Пазьней, як паведаміла выданьне newsgeorgia.ge, лідэр парлямэнцкай большасьці Мамука Мдзінарадзэ паведаміў, што Служба дзяржаўнай бясьпекі вядзе справу аб спробе «ліквідацыі» мільярдэра і заснавальніка кіроўнай партыі Бідзіны Іванішвілі.
«Выяўляецца, яны плянавалі забіць Бідзіну Іванішвілі і іншых лідэраў „Мары“, падарваць, учыніць тэракты і праз гэта зладзіць дзяржаўны пераварот», — сказаў Мамука Мдзінарадзэ.
У той жа час ён не ўдакладніў, хто плянаваў гэтае злачынства, але зьвязаў гэта з замахам на Дональда Трампа. «Спробы забойства Трампа і Іванішвілі адбыліся ў межах псэўдалібэральнага фашызму», — сказаў лідэр парлямэнцкай большасьці.
Кіроўную партыю «Грузінская мара» часта называюць прарасейскай, асабліва пасьля таго, як зь яе ініцыятывы ўхвалілі закон «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву», больш вядомы як закон пра іншаземных агентаў — аналягічны таму, што дзейнічае ў Расеі. У кааліцыю з партыяй «Грузінская мара» ўваходзіць яшчэ адна — партыя «Сіла людзей».
Форум