Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 18 ліпеня: Беларуса з «тэрарыстычнага сьпісу» будуць судзіць паводле 5 крымінальных артыкулаў

абноўлена

Судовая заля. Ілюстрацыйнае фота
Судовая заля. Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Саракагадовай кансультантцы суду Людміле Дайнэцы пагражае да 12 гадоў за «заклікі да санкцый» і «абразу Лукашэнкі», піша «Наша ніва». Суд над жанчынай пачынаецца 22 ліпеня. Дайнэку вінавацяць у «закліках да санкцый» (ч. 1 арт. 361 КК), «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК), «распальваньні варожасьці або звады» (ч. 1 арт. 130 КК).

Справу будзе разглядаць судзьдзя Вера Галаўкова.

У 2005 годзе Людміла Дайнэка скончыла Полацкі дзяржаўны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «правазнаўства». Спачатку працавала ва ўпраўленьні ўнутраных спраў Менскага аблвыканкаму, пасьля ва ўпраўленьні юстыцыі, а потым кансультанткай у судзе Заводзкага раёну Менску, адзначае выданьне.

У Людмілы двое непаўналетніх дзяцей.

Беларуса з «тэрарыстычнага сьпісу» будуць судзіць паводле 5 крымінальных артыкулаў

У Менскім абласным судзе 29 ліпеня распачнецца суд над 42-гадовым Уладзімерам Баслыком. Працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Сутнасьць абвінавачаньня праваабаронцам невядомая, але, верагодна, справа тычыцца камэнтароў і допісаў у інтэрнэце. За гэта мужчыне пагражае да 12 гадоў калёніі, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Уладзімера Баслыка абвінавачваюць паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку);
  • ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі);
  • ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцыяў);
  • арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады);
  • ч. 1 арт. 130 (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці).

Нягледзячы на тое, што суду яшчэ не было, Уладзімера Баслыка ўжо ўнесьлі ў сьпіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».

Адміністратара Тэлеграм-чату «Беларусы на Шры-Ланцы» будуць судзіць паводле «народнага» артыкула

У судзе Фрунзэнскага раёну Менску 29 ліпеня пачнуць судзіць 42-гадовага вандроўніка Віктара Чайку. Яго затрымалі напрыканцы траўня 2024 году. Тады праўладныя тэлеграм-каналы паведамлялі, што Віктар — адміністратар тэлеграм-чату «Беларусы на Шры-Ланцы», паведамляе «Вясна».

Цяпер мужчыну будуць судзіць паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак). Справу прызначылі весьці судзьдзю Юлію Крэпскую.

Таксама Віктар Чайка — аўтар невялікага ютуб-каналу «Диалоги о Мире».

На трасе M1 жорстка затрымалі дырэктара берасьцейскай кампаніі

На трасе M1 мужчыну спынілі супрацоўнікі ДАІ, а пазьней пад’ехалі сілавікі, якія яго затрымалі.

На «пакаяльным» відэа берасьцеец кажа, што ўдзельнічаў у пасьлявыбарнай акцыі пратэсту ў Берасьці.

Паводле інфармацыі «Медиазоны», затрыманы — Яўген Бычко.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG