У Гомлі за «экстрэмізм» судзілі поўнага цёзку гендырэктара «Гомсельмашу»
У Гомлі 9 ліпеня прайшоў суд над Аляксандрам Аляксандравічам Новікавым — поўным цёзкай генэральнага дырэктара ААТ «Гомсельмаш», заўважыла выданьне «Флагшток».
Аляксандра Аляксандравіча Новікава судзілі па ч. 2 арт. 11.19 КаАП (Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданьне, захоўваньне або перавозка з мэтай распаўсюду такой інфармацыі). Інфармацыю пра гэта ў раскладзе судоў заўважыла «Гомельская Вясна».
Паводле зьвестак «Кібэрпартызан», у Гомлі налічваецца больш за дзесяць поўных аднафамільцаў гендырэктара «Гомсельмаша», таму сам факт такога суда можа ўказваць на простае супадзеньне.
«Флагшток» патэлефанаваў у прыёмную Новікава з пытаньнем, ці на месцы начальнік. Сакратарка адказала, што яго няма, а калі будзе, паведаміць адмовілася.
На дадзены момант імя Новікава прысутнічае на сайце «Гомсельмаша» і Савета Рэспублікі.
У Менску судзяць за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»
У Менскім гарадзкім судзе 19 ліпеня распачнецца суд над Натальляй Харытонавай-Крыжэвіч. Яе абвінавачваюць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК), паведамляе «Вясна». Сутнасьць абвінавачаньня праваабаронцам невядомая. Натальлі пагражае да 7 гадоў калёніі. Справу прызначаны разглядаць Сяргей Кацар.
Верагодна, дзяўчына ўтрымліваецца пад вартай — яе сацсеткі не абнаўляліся са сьнежня 2023 году. Натальля з мужам выраблялі ўпрыгожваньні з дрэва. У іх малое дзіця.
Сілавікі затрымалі беларуса за татуіроўку з «Пагоняй»
Сілавікі затрымалі беларуса за некалькіх татуіровак, у тым ліку — з гербам «Пагоня», відэа зь ім апублікаваў праўладны тэлеграм-канал, набліжаны да сілавікоў, заўважыла «Медиазона».
Герб «Пагоня», унесены ў сьпіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі аўтары канала называюць «бчб-канем». Затрыманы кажа, што мае і іншыя «экстрэмісцкія татуіроўкі», аднак у роліку сілавікоў іх не паказалі.
Беларус гаворыць на відэа, што раней яго прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці за несанкцыянаванае пікетаваньне (верагодна, гаворка ідзе пра артыкул 24.23 КаАП), і што абавязваецца зьвесьці татуіроўкі.
Па якім менавіта артыкуле затрымалі беларус і што зь ім цяпер — невядома. Аднак аўтары блізкага да сілавікоў канала пішуць, што яго зьмясьцілі ў ІЧУ.
Сілавікі затрымалі прадпрымальніка з Горадні
Сілавікі затрымалі прадпрымальніка з Горадні за ўдзел у пратэстах у жніўні 2020 году, відэа зь ім апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал, заўважыла «Медиазона».
На відэа паказана затрыманьне гарадзенца. Ля прыватнага дома да яго падбягаюць трое сілавікоў у бронекамізэльках, касках і са зброяй, кладуць яго на зямлю. Далей на відэа паказваюць самага затрыманага. Ён кажа, што зьяўляецца ІП, вырабляе мэблю, быў затрыманы 10 жніўня 2020 году, атрымаў папярэджаньне, але зноў выходзіў на пратэсты, выкрыкваў лёзунгі і перакрываў рух транспарту.
Набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал паведаміў, што супраць мужчыны завядуць крымінальную справу.
У Берасьці прызначылі суд за «тэрарызм»
У Берасьцейскім абласным судзе 15 ліпеня ў закрытым рэжыме пачнуць судзіць 36-гадовага мясцовага жыхара Дзьмітрыя Асіюка. Яго вінавацяць адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму), ч. 4 арт. 309 (наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку), чч. 3 і 4 арт. 295 (незаконныя дзеяньні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 3 арт. 207 (разбой).
Берасьцейцу пагражае вялікі турэмны тэрмін. Справу будзе разглядаць Мікалай Сянько.
Праваабаронцам вядома, што пад вартай мужчына ўтрымліваецца прыкладна са сьнежня 2023 году. Адразу яго ўтрымлівалі ў менскім СІЗА-1, а цяпер этапавалі ў СІЗА Берасьця. Вядома, што Асіюк жыў у Бярозе, у яго ёсьць дачка.
Форум