«Гэта эканамічнае партнэрства дазваляе нашым дзьвюм краінам сумесна працаваць і інвэставаць, каб нашыя агульныя рэсурсы, таленты і магчымасьці садзейнічалі паскарэньню эканамічнага аднаўленьня Ўкраіны», — гаворыцца ў прэс-рэлізе ведамства.
«Гэта пагадненьне ясна сыгналізуе Расеі, што адміністрацыя Трампа адданая мірнаму працэсу, засяроджанаму на свабоднай, сувэрэннай і квітнеючай Украіне ў доўгатэрміновай пэрспэктыве, — заявіў міністар фінансаў ЗША Скот Бэсэнт. — Прэзыдэнт Трамп прадстаўляў гэтае партнэрства паміж амэрыканскім народам і ўкраінскім народам, каб прадэманстраваць прыхільнасьць абодвух бакоў трываламу міру і росквіту ва Ўкраіне. І каб было зразумела, што ні адна дзяржава ці асоба, якія фінансавалі або забясьпечвалі расійскую ваенную машыну, ня будзе дапушчаная да атрыманьня выгады ад аднаўленьня Украіны».
Першая намесьніца прэм'ер-міністра, міністарка эканомікі Украіны Юлія Сьвірыдзенка таксама пракамэнтавала падпісаньне дакумэнта.
«Дзякуй прэзыдэнтам за лідэрства. Дзякуй усім, хто працаваў дзеля пагадненьня, рабіў яго больш зьмястоўным. Цяпер дакумэнт такі, што можа забясьпечыць посьпех для абедзьвюх нашых краін», — напісала яна ў фэйсбуку.
Яна расказала пра ўмовы, якія зафіксаваны ў дакумэнце:
- Украіна не мае даўгоў перад ЗША за аказаную раней ваенную дапамогу.
- Поўная ўласнасьць і кантроль застаюцца за Ўкраінай, у прыватнасьці, нетры, кампаніі і рэсурсы.
- Фонд сумесны 50/50. Ні адзін з бакоў не мае перавагі ў галасаваньні.
- Фонд будзе напаўняцца даходамі выключна па новых ліцэнзіях. 50 працэнтаў сродкаў ад новых ліцэнзій на праекты ў сфэры крытычных матэрыялаў, а таксама нафты і газу будуць паступаць у бюджэт.
- Падаткаў фонд плаціць ня будзе, «каб грошы поўнасьцю працавалі на вынік».
- Нацыянальная ўласнасьць Украіны будзе абароненая. Не будзе зьменаў у працэсах прыватызацыі або ў кіраваньні дзяржкампаніямі. «Укрнафта» і «Энергаатам» таксама застаюцца ва ўласнасьці Украіны.
- Пагадненьне адпавядае Канстытуцыі Украіны і не зьмяняе яе эўраінтэграцыйны курс.
- ЗША дапамогуць прыцягваць інвэстыцыі. Праз агенцтва DFC — як з Амерыкі, так і з ЭЗ.
- ЗША выдзяляюць сродкі і аказваюць дапамогу Украіне. Украіна ўкладае частку даходаў ад новых радовішчаў. Разам бакі вырашаюць, у якія праекты трэба ўкладваць — толькі ва Ўкраіне. Гэта могуць быць, у прыватнасьці, здабыча, інфраструктура, нафта і газ.
- Першыя 10 гадоў прыбытак ня дзеліцца: усё будзе накіравана на аднаўленьне Украіны.
Як адзначаў Bloomberg, зьдзелка дае ЗША прывілеяваны доступ да новых інвэстыцыйных праектаў па распрацоўцы прыродных рэсурсаў Украіны, уключаючы алюміній, графіт, нафту і прыродны газ.
Паведамлялася, што падчас перамоваў Вашынгтон адмовіўся ад патрабаваньня ўключыць у пагадненьне абавязацельства Украіны кампэнсаваць ЗША за кошт дзейнасьці фонду дзясяткі мільярдаў даляраў дапамогі, прадстаўленай Кіеву з пачатку расійскага ўварваньня.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп неаднаразова заклікаў Украіну хутчэй падпісаць пагадненьне, якое першапачаткова тычылася перш за ўсё здабычы ва Украіне рэдказямельных мэталаў, і крытыкаваў Зяленскага за тое, што яно да гэтага часу не было падпісанае. Кіеў, у сваю чаргу, заяўляў, што хацеў бы бачыць у пагадненьні гарантыі бясьпекі з боку ЗША. Шэраг крытыкаў Трампа абвінавачвалі адміністрацыю ЗША ў імкненьні прымусіць Украіну заключыць нявыгаднае для яе пагадненьне.
Форум