IT-спэцыялістку затрымалі пасьля вяртаньня з Польшчы
23 ліпеня пачнецца суд над Лізаветай Макрыдзінай паводле артыкулу 342 КК за ўдзел у пратэстах. Ёй пагражае да 3 гадоў калёніі, піша «Наша ніва».
Судзіць Макрыдзіну будзе Ўладзімер Пазьняк. Лізавеце Макрыдзінай 25 гадоў. Родам яна з Горадні, скончыла Горадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «кампутарная бясьпека».
Пасьля другога курсу яна пайшла працаваць праграмісткай у кампанію SENLA, але перавучылася на бізнэс-аналітыка, потым пераехала ў Польшчу. Лізавету затрымалі пасьля таго, як яна вярнулася ў Беларусь.
Трэнэра ў настольным тэнісе будуць судзіць за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»
63-гадовы Юры Лагадзюк прысьвяціў сваё жыцьцё рэабілітацыі людзей з інваліднасьцю праз настольны тэніс. Ён дапамог сотням такіх людзей жыць звычайным жыцьцём, піша «Наша ніва».
Працэс над Юрыем Лагадзюком пачнецца 24 ліпеня ў Берасьцейскім абласным судзе. Судзяць яго за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Працэс прызначаны весьці судзьдзя Андрэй Сіз.
У Менску затрымалі спэцыяліста па продажах адной зь мясцовых кампаній
Сілавікі затрымалі ў Менску спэцыяліста па продажах адной са сталічных кампаній за тое, што ён удзельнічаў у акцыі пратэсту ў 2020 годзе. Відэа зь ім апублікавалі ў адным з тэлеграм-каналаў сілавікоў.
На кадрах мужчына расказвае, што «быў затрыманы сёньня супрацоўнікамі міліцыі за ўдзел у несанкцыянаваным маршы 6 верасьня 2020 году». Калі ў яго спыталі, навошта ён хадзіў на марш, затрыманы ня стаў тлумачыць, адказаў «ня ведаю».
Дзе ён зараз знаходзіцца, невядома.
Завочны суд над актывістам Андрэем Зуевым
17 ліпеня ў Віцебскім абласным судзе пачынаюць разгляд справы супраць Андрэя Зуева, актывіста з Наваполацку, паведамляе «Вясна».
Яго абвінавачваюць паводле артыкулаў аб распальваньні варожасьці (ч. 3 арт. 130 КК), масавых беспарадках (ч. 3 арт. 293 КК), стварэньні альбо ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні (ч. 1 арт. 361-1 КК), абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).
У траўні 2020 году ён даў інтэрвію Сяргею Ціханоўскаму, пасьля чаго Зуева арыштавалі на 7 дзён. Пасьля гэтага ён быў валянтэрам ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай. Некалькі разоў ён быў пад адміністрацыйным арыштам.
У 2021 годзе выехаў зь Беларусі, таму ягоная справа разглядаецца ў межах так званага спэцвядзеньня, завочна. Судзьдзя – Галіна Бондал.
Форум