Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для прадпрымальнікаў і творцаў. Запрацавала беларуская краўдфандынгавая плятформа Gronka


Сымболіка плятформы Gronka
Сымболіка плятформы Gronka

Запрацавала новая беларуская краўдфандынгавая плятформа Gronka. Яна будзе падтрымліваць творчыя праекты, у тым ліку ўнутры Беларусі. «Гронка» не бярэ камісіі, удзельнікі каманды працуюць як валянтэры.

Праз чатыры гады ў беларусаў зноў зьявілася краўдфандынгавая плятформа для культурніцкіх, адукацыйных, тэхналягічных ідэй. З дапамогай «Гронкі» беларусы з усяго сьвету могуць рэалізаваць свае творчыя праекты і падтрымліваць іншыя. Як расказаў адзін з аўтараў плятформы Павал Лібер, галоўны кірунак праекту — падтрымліваць прадпрымальнікаў і творцаў.

«Таму Gronka — гэта не пра данаты або дапамогу пацярпелым. Гэтая плятформа для тых, хто хоча нешта стварыць і яму або ёй не хапае стартавага капіталу. Таму зборы прадугледжваюць розныя ўзнагароды спонсарам», — патлумачыў Лібер адрозьненьне «Гронкі» ад іншых фондаў.

Павал Лібер, архіўнае фота
Павал Лібер, архіўнае фота

Назву «Гронка» прыдумалі як сымбаль нечага цэлага, што аб’ядноўвае людзей.

Стварыць такую плятформу вырашылі, бо прыходзіла шмат запытаў ад творцаў, якія не зусім падпадалі пад фармат падтрымкі праз існыя фонды, і яны баяліся, што іхныя праекты згубяцца на старце, патлумачыў стваральнік «Гронкі». Пасьля таго як у 2020 годзе ўлады закрылі плятформы падтрымкі творцаў MolaMola і Ulej, аналягаў іх у беларусаў не было.

«Таму пытаньне нейкай плятформы, якая б падтрымлівала прадпрымальнікаў, вісела ў паветры», — кажа суразмоўца.

Кніга калыханак і 3D-тур па Беларусі

Плятформа мае старонку для беларусаў унутры Беларусі, аднак ахвяраваньняў зь Беларусі і Расеі яна не прымае. Аднак беларусы ўнутры Беларусі могуць выкарыстоўваць плятформу для сваіх праектаў. Каманда забясьпечыць ананімнасьць удзельнікаў.

«Людзі могуць падаць праект, і каманда зьвяжацца зь імі наконт далейшых дэталяў», — адзначыў прадстаўнік «Гронкі».

Краўдфандынгавая кампанія можа цягнуцца ад 1 да 45 дзён. Дзейнічаюць дзьве мадэлі. Першая — «Усё або нічога». У гэтым выпадку, калі патрэбная сума не зьбярэцца, усе данаты вернуцца спонсарам. Другая мадэль — «Усё, што сабралі». Тады сабраныя грошы аддадуць творцам, нават калі іх ня будзе хапаць для мэты. Крэатары змогуць атрымаць грошы праз 14 дзён пасьля завяршэньня кампаніі.

Аўтары плятформы заахвочваюць падрыхтаваць узнагароды для сваіх спонсараў: сувэніры, лісты падзякі, асобнік кнігі.

Сама плятформа не бярэ камісій. Камісію забірае толькі плацежная сыстэма Stripe — 1,5% + 0,25 эўра з эўрапейскіх картак. Каманда таксама не бярэ сабе ўзнагароды з камісій. Для іх гэта дадатковая актыўнасьць па-за асноўнай працай. Неўзабаве дадасца магчымасьць аплаты крыптавалютай, адзначыў Лібер.

На плятформе ўжо ёсьць пяць праектаў: выданьне кнігі беларускіх калыханак, падкаст пра космас, новая кніга Аляксандра Чарнухі, інтэрактыўная мапа з 3D-мадэлямі гістарычных помнікаў Беларусі, пераклад раману «Граф Монтэ-Крыста» на беларускую мову.

Ананімныя энтузіясты

«Гронку» стварыла каманда ананімных энтузіястаў, якія не называюць сваіх імёнаў дзеля ўласнай бясьпекі, і тэхнічная частка каманды Паўла Лібера. У калектыве ёсьць спэцыялісты з тэхналёгій, мэнэджмэнту і падтрымкі карыстальнікаў.

«На розных этапах уцягваліся розныя людзі. На раньніх этапах каманду кансультавалі людзі, якія працавалі з Ulej і MolaMola. Яны прынесьлі шмат ведаў пра мадэлі, асаблівасьці збораў, плацежныя сыстэмы і магчымыя праблемы. Каманда, якая апэруе плятформай цяпер, — група валянтэраў-энтузіястаў. Я ведаю гэтых людзей асабіста. Мая каманда дапамагла злучыць сайт, плацежныя сыстэмы», — патлумачыў Лібер.

Каб запусьціць плятформу, спатрэбіліся невялікія сумы, як для такой пляцоўкі.

«Тут была сумесь валянтэрскай працы, падтрымкі ад прыватных айцішнікаў і ад аднаго з партнэраў», — падзяліўся аўтар плятформы.

На плятформе дзьве мовы: беларуская і расейская.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG