Польскі Сойм не прыняў законапраект аб зьмякчэньні забароны на аборты ў краіне, якая ўжо прывяла да некалькіх сьмерцяў жанчын.
Законапраект аб лібэралізацыі нормаў падтрымалі 215 дэпутатаў, у тым ліку цэнтрысцкая партыя прэм'ер-міністра Польшчы Дональда Туска, супраць выступілі 218 кансэрватыўных дэпутатаў, яшчэ двое ўстрымаліся. Законапраект прадугледжваў адмену пакараньня для асобаў, якія дапамагаюць жанчынам зрабіць аборт. Зьмякчэньне забароны было ключавым элемэнтам перадвыбарнай праграмы Туска.
Левыя дэпутаты, якія прасоўвалі законапраект, маюць намер уносіць яго зноў і зноў, пакуль яго ня прымуць. У той жа час прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда з кансэрватыўнай партыі «Права і справядлівасьць» заявіў, што не падпіша законапраект, паколькі, на яго думку, «аборт – гэта забойства людзей».
З прычыны закона аб забароне абортаў, які не дазваляе іх нават у выпадку сурʼёзных генэтычных адхіленьняў у плода, загінулі ўжо некалькі жанчын. Урачы адмовіліся перарываць іх цяжарнасьць, асьцерагаючыся крымінальнага перасьледу (прысуды за «дапамогу аборту» ўжо ёсьць). Пасьля сьмерці жанчыны ад заражэньня крыві з прычыны памерлага ўнутры яе пяцімесячнага плоду ў Польшчы прайшлі масавыя пратэсты.
Туск, які стаў прэмʼер-міністрам Польшчы ў сьнежні 2023 году, паабяцаў аблегчыць сытуацыю з дапамогай паправак да дзейнага закона. Цяпер аборт у Польшчы дазволены да 12-га тыдня цяжарнасьці, калі ён пагражае здароўю ці жыцьцю жанчыны, або калі цяжарнасьць наступіла ў выніку згвалтаваньня або інцэсту.
Форум