Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль у сваёй прамове ў Вашынгтоне падчас мерапрыемства ЭЗ у рамках саміту NATO параўнаў імаверную паразу Ўкраіны ў вайне зь яе «ператварэньнем у другую Беларусь». Тэкст ягонага выступу апублікавала Эўрапейская служба зьнешніх дзеяньняў.
Гаворачы пра вайну Расеі супраць Украіны, Жузэп Бурэль заявіў, што «ва Ўкраіне будзе вырашацца будучыня бясьпекі Эўропы».
Ён адзначыў, што ў лютым 2022 году, калі Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну, Захад «аказаўся дрэнна падрыхтаваны», але пасьля краіны Эўразьвязу «пачалі аднаўляць свой абаронны патэнцыял, павялічваючы абаронныя бюджэты і падымаючы абаронную прамысловасьць».
«Некаторыя рэчы, якія выглядалі неймавернымі, сталі рэальнасьцю. Напрыклад, перадаваньне вайсковай тэхнікі краіне, якая ваюе, чаго мы ніколі [раней] не рабілі», — заявіў кіраўнік дыпляматыі Эўразьвязу.
Паводле Бурэля, для Эўразьвязу, які не зьяўляецца вайсковым альянсам, «гэта было рэвалюцыяй». Ён узгадаў сваю размову з прэм’ер-міністрам Украіны Дзянісам Шмыгалем за два тыдні да пачатку ўварваньня ў 2022 годзе, калі той спытаў у яго, ці падтрымае ЭЗ Кіеў зброяй у выпадку вайны. Паводле Бурэля, тады ў яго не было адназначнага адказу, але «на шчасьце, гэта тое, што мы зрабілі», дадаў ён.
«Цяпер мы нарошчваем нашы прамысловыя магутнасьці, стымулюем нашы галіны, абʼядноўваем рэсурсы, сумесна разьвіваем наш [абаронны] патэнцыял, каб супрацьстаяць гэтай праблеме, — адзначыў Бурэль. — Мы ведаем, што абаронная прамысловасьць будзе адыгрываць важную ролю ў будучыні. Таму што мы разумеем, што калі мы дазволім пуцінскай Расеі ператварыць Украіну ў другую Беларусь і паставіць у Кіеве „марыянэткавы ўрад“, мы потым заплацім значна большую цану».
Паводле яго, за апошнія тры гады агульныя выдаткі на абарону ў Эўропе павялічыліся больш як на 30%. У 2024 годзе, як плянуецца, яны дасягнуць у сярэднім 2% ВУП Эўразьвязу. За год краіны Эўразьвязу, паводле Бурэля, удвая павялічылі магутнасьці па вытворчасьці боепрыпасаў, а да канца 2024 году яны будуць утрая большыя.
Кіраўнік дыпляматыі ЭЗ падкрэсьліў, што Эўропа «адданая абароне Ўкраіны ў доўгатэрміновай пэрспэктыве, бо, «абараняючы Ўкраіну, мы абараняем эўрапейскую бясьпеку, толькі так можна дасягнуць міру».
Форум