Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн адкрыў юбілейны саміт NATO з абвяшчэньня новай вайсковай дапамогі Ўкраіне


Сумеснае фота ўсіх удзельнікаў саміту NATO
Сумеснае фота ўсіх удзельнікаў саміту NATO

Саміт праходзіць у Вашынгтоне. Тэма дапамогі Ўкраіне ў вайне супраць Расеі стане адной з галоўных.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн адкрыў юбілейны саміт NATO ў Вашынгтоне, абвясьціўшы аб перадачы Ўкраіне пяці новых стратэгічных сыстэмаў супрацьпаветранай абароны, у тым ліку чатырох батарэй Patriot і адной SAMP/T. Акрамя таго, ЗША і саюзьнікі перадаюць Украіне дзясяткі сыстэм меншай далёкасьці.

«Сёньня я абвяшчаю гістарычную перадачу сродкаў супрацьпаветранай абароны Ўкраіне. ЗША, Нямеччына, Нідэрлянды, Румынія і Італія перададуць Украіне абсталяваньне для пяці дадатковых стратэгічных сыстэмаў СПА ў наступныя месяцы», — сказаў Байдэн падчас адкрыцьця саміту NATO.

Саміт прысьвечаны 75-годзьдзю Пакту. Байдэн запэўніў, што Ўкраіна неўзабаве атрымае абсталяваньне, у тым ліку сотні ракет-перахопнікаў, каб абараніцца ад расейскіх бамбаваньняў.

Згодна з апублікаванай Белым домам сумеснай заявай кіраўнікоў пяці краін, ЗША, Нямеччына і Румынія паставяць Украіне дадатковыя батарэі Patriot, Нідэрлянды — кампанэнты той жа сыстэмы, а Італія — SAMP/T сыстэму.

Акрамя таго, чакаецца, што ў найбліжэйшыя месяцы ЗША і партнэры паставяць «дзясяткі» сыстэм меншай далёкасьці, у тым ліку NASAMS, HAWK, IRIS T-SLM, IRIS-T SLS і Gepard. Яны будуць ахвяраваныя, між іншым, Канадай, Нарвэгіяй, Гішпаніяй і Вялікай Брытаніяй.

Праграма дапамогі, абвешчаная ў Вашынгтоне, зьяўляецца найбольшай падтрымкай украінскай супрацьпаветранай абароны з пачатку вайны і падвоіць колькасьць сыстэм Patriot, якія мае Ўкраіна.

Цяперашні юбілейны саміт Паўночнаатлянтычнага саюзу, які адзначае 75 гадоў з моманту заснаваньня, праходзіць на фоне новых інтэнсіўных расейскіх бамбаваньняў Украіны, а таксама на фоне палітычнай нявызначанасьці ў краіне, якая прымае сустрэчу лідэраў NATO. Пасьля няўдалага выступу кіраўніка Белага дома на нядаўніх прэзыдэнцкіх дэбатах узьніклі асьцярогі адносна ўзросту 81-гадовага Джо Байдэна, яго шанцаў на пераабраньне прэзыдэнтам у лістападзе і здольнасьці ў далейшым кіраваць краінай.

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская наведае Вашынгтон з 9 па 12 ліпеня 2024 году і возьме ўдзел у Публічным форуме NATO на запрашэньне генэральнага сакратара Енса Столтэнбэрга. Таксама Ціханоўская ў Вашынгтоне выступіць на шэрагу мерапрыемстваў, дзе раскажа пра бягучую сытуацыю ў Беларусі, гібрыдныя атакі рэжыму супраць Польшчы, Літвы і Латвіі, разьмяшчэньне ядзернай зброі і магчымыя сцэнары разьвіцьця падзеяў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG