7 ліпеня набываюць сілу зьмены ў закон «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства», якія абавязваюць уладальнікаў жыльля апавяшчаць міліцыю пра пастаяльцаў-замежнікаў, нагадвае МУС Беларусі.
Згодна зь імі, з гэтага дня юрыдычныя і фізычныя асобы, у тым ліку ІП, павінны на працягу трох гадзін інфармаваць міліцыю пра засяленьне на тэрмін ад 1 содняў іншаземцаў, якія часова знаходзяцца ў Беларусі, пры здачы ім паводле дамоваў арэнды ці найму жылых памяшканьняў, бізнэс-апартамэнтаў, пакояў у аграэкасядзібах, садовых домікаў і лецішчаў, сродкаў разьмяшчэньня (да апошніх адносяць гатэлі, гостэлы, інтэрнаты для прыежджых, санаторыі, базы адпачынку, кемпінгі, намётавыя мястэчкі і г.д.).
За неапавяшчэньне ў належныя тэрміны пагражае штраф да 20 базавых велічыняў (800 рублёў).
Паведаміць пра замежных гасьцей можна праз інфармацыйныя рэсурсы МУС, адзіны партал электронных паслуг агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сыстэмы ці шляхам дастаўкі адмысловым кур'ерам, тлумачаць у ведамстве.
- З 1 студзеня 2024 году ў Беларусі павысілі стаўкі падаходнага падатку для фізычных асобаў, якія здаюць жылыя памяшканьні (за кожны жылы пакой), садовыя домікі, лецішчы: да 47 рублёў у Менску (цяпер 43,90 руб.), у Менскім раёне і абласных цэнтрах — да 44 рублёў (плюс 2,8 руб.), у буйных гарадах — да 29 рублёў (цяпер — 27 руб.), у невялікіх райцэнтрах і пасёлках гарадзкога тыпу — да 21 рубля (замест 19,80 руб. цяпер). Паднялі і стаўку збору з уладальнікаў аграсядзібаў: з 37 да 40 рублёў.
Форум