«Сацыяльна-мэдыцынскія крытэрыі павінны распаўсюдзіцца на ўсіх, без дыскрымінацыі, таму што жыцьцёвыя абставіны, стан здароўя, узрост не залежаць ад палітычных поглядаў, — цытуе яе прэс-служба АПК. — Крок гуманнасьці, які мы бачым сёньня, вельмі важны: і для людзей, якім патрэбна дапамога, і для семʼяў, якія так доўга чакалі і падтрымлівалі ў гэтым выпрабаваньні блізкіх. І гэта надзея для ўсіх астатніх палітвязьняў, якім таксама патрэбная дапамога».
Гарбунова выказала надзею на тое, што «людзі ў цяжкім стане, з інваліднасьцю, з анказахворваньнямі вернуцца дадому неўзабаве».
«Надзвычай важна зараз заставацца адказнымі і акуратнымі ў публічных інтэрпрэтацыях, гіпотэзах і ацэнцы падзей. У чым бы ні была сапраўдная прычына прынятага рашэньня, гуманітарныя місіі не павінны палітызавацца і выкарыстоўвацца на шкоду людзям, іх жыцьцю і свабодзе», — падкрэсьліла прадстаўніца АПК.
2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка анансаваў вызваленьне цяжкахворых апанэнтаў улады. У той жа дзень ён падпісаў закон аб амністыі з нагоды 80-годзьдзя вызваленьня Беларусі, які аднак, паводле зьместу, не распаўсюджваецца на асоб з «экстрэмісцкіх скісаў».
Разам з тым, паводле інфармацыі праваабаронцаў, 3 ліпеня дакладна вядома пра пяці палітвязьняў (дзьве жанчыны, трое мужчын), якія выйшлі на волю па амністыі. Адзін зь іх — анкахворы палітык Рыгор Кастусёў. Імёны астатніх пакуль не называюцца.
Форум