Пра гэта ў праграме «ПіК Свабоды» гавораць палітычны аналітык, каардынатар майстэрні думак «Наша візія» Вадзім Мажэйка і праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
Павал Сапелка:
- Я не спадзяюся, што дзесяць ці нават адзін палітвязень выйдзе на волю паводле амністыі. Магчыма, толькі тыя, хто асуджаны па нейкім зьбегу абставінаў па артыкулах, якія не ўвайшлі ў доўгі сьпіс у законе. Амністыя — гэта ня той інструмэнт, якім будуць карыстацца ўлады, калі захочуць вызваліць палітвязьняў.
- Я спадзяюся, што мы ўжо сёньня пачуем вельмі добрыя навіны наконт вызваленьня палітвязьняў праз памілаваньне. Не такія добрыя, як яны маглі б быць, але кожны і кожная з палітвязьняў, якія выходзяць з калёніяў, — гэта ўжо добрая навіна.
- Сярод больш чым 250 палітвязьняў, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы праз стан здароўя, ёсьць і тыя, хто афіцыйна мае інваліднасьць, і тыя, хто ўжо за кратамі фактычна стаў людзьмі з інваліднасьцю. Гэта тыя людзі, якія па сваім узросьце і стане здароўя могуць ужо заўтра апынуцца не сярод палітвязьняў, а сярод тых, хто не дажыў да вызваленьня. Там ёсьць і вядомыя імёны, і людзі, пра якіх мы можам даведацца, толькі калі яны ўжо, на жаль, трапляюць у навіны, бо не дажылі да вызваленьня, як гэта было зь Мікалаем Клімовічам ці Вадзімам Храсько.
- Цяперашняя амністыя мае адрозьненьні ня ў лепшы бок для тых, хто будзе вызваляцца. Гаворка не пра палітвязьняў. Тыя, хто будзе выходзіць паводле амністыі, будуць знаходзіцца ў рэжыме «хатняй хіміі». Раней такога не было.
Вадзім Мажэйка:
- Заходнія палітыкі рэгулярна гавораць пра неабходнасьць вызваленьня палітвязьняў. Зразумела, што яны так гавораць, бо на гэта працуюць беларускія дэмакратычныя сілы. Калі Сьвятлана Ціханоўская на кожнай сустрэчы пра гэта нагадвае, дык гэта ўздымае гэтую тэму ў заходнім парадку дня.
- Для мяне выглядае лягічным, што дзеяньні Польшчы — гэта асноўная прычына таго, што мы назіраем нейкія крокі дзеля вызваленьня палітвязьняў. Найбольш важным быў візыт польскага прэзыдэнта Анджэя Дуды ў Пэкін і ягоныя размовы з кітайскім кіраўніцтвам. Адкрыта там гаварылася пра міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы, і выглядае, што непублічна Польшча гаварыла пра пагрозу кітайскаму транзыту празь неадэкватныя дзеяньні Менску, у тым ліку тое, што Анджэя Пачобута трымаюць у турме.
- Пэкін — ня тая сталіца, дзе надта клапоцяцца пра палітвязьняў, але Кітаю цікавы ягоны транзыт. І гэта адна зь нешматлікіх краінаў, якая мае рэальныя палітычныя і эканамічныя інструмэнты ўплыву на Менск.
- Пад амністыю фактычна ніхто з палітвязьняў не падпадае, але гэта інфармацыйнае прыкрыцьцё, каб у беларускіх і расейскіх мэдыя прагучала, быццам бы ўсё робіцца з гуманітарных прычынаў. Але насамрэч гэта, хутчэй за ўсё, будуць канкрэтныя ўказы аб памілаваньні.
- Вядома ж, важнае вызваленьне канкрэтных людзей, асабліва для іх блізкіх. Але варта разумець, што калі вызваляць умоўных 100 чалавек, а за наступны месяц зьняволяць 100 новых (тут можна падставіць розныя лічбы), дык прынцыпова нічога ня зьменіцца. Пра нейкі прынцыповы пералом можна будзе гаварыць, калі спыніцца канвэер рэпрэсій.
- Ня трэба ігнараваць сыгналы з боку ўладаў Беларусі і займаць пазыцыю «альбо ўсё, альбо нічога». На гэта варта рэагаваць і ствараць стымулы для Менску рабіць такія крокі. Але прынцыповым патрабаваньнем павінна быць спыненьне рэпрэсій.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум