— Старшыня КДБ Беларусі Іван Тэртэль 14 кастрычніка заявіў журналістам, што «ў дыялёгу Беларусі з Польшчай і краінамі Балтыі ўдаецца паступова выходзіць на разуменьне ўзаемных інтарэсаў, разуменьне наладжваецца». Што стаіць за гэтымі словамі? Ці гэта проста звычайная рыторыка, ці афіцыйны Менск сапраўды хоча палепшыць адносіны з заходнімі суседзямі? За кошт чаго?
— Сама нарада, пасьля якой Тэртэль рабіў свае заявы, была прысьвечаная фактычна прамацваньню, так гэта назавем, ідэі нармалізацыі адносінаў з Захадам.
Відавочна, там было пастаўлена заданьне прадэманстраваць нейкую дээскаляцыю. І гэта патрэбна, у тым ліку і ў камунікацыі з Вашынгтонам, бо, напэўна, у двухбаковых размовах падымаліся тэмы ў тым ліку розных заклапочанасьцяў Літвы й Польшчы, што тычацца ўдзелу Беларусі ў гібрыднай агрэсіі, у іншых пагрозах.
У гэтым кантэксьце, напэўна, заява Тэртэля і была зробленая. Хоць, вядома, нельга сказаць, што яна мае пад сабой рэальныя падставы. Калі паглядзім, што адбывалася апошнімі месяцамі ў гэтай сфэры (былі і шпіёнскія скандалы) — гэта раздражняе і напружвае суседнія краіны. Беларусь таксама абвінавачвалі ва ўдзеле ў розных гібрыдных атаках, у тым ліку ў актах сабатажу на тэрыторыі краін NATO.
Ёсьць таксама занепакоенасьць ціскам на грамадзян краін Эўразьвязу, якія раней былі, напрыклад, грамадзянамі Беларусі, — за тое, што яны ўдзельнічаюць у акцыях ці нейкіх іншых дзеяньнях на тэрыторыі Польшчы, іншых сувэрэнных дзяржаваў Эўразьвязу. Кампанія ціску на дыяспару закранае і грамадзянаў Польшчы, і тых беларусаў, якія могуць ня быць яе грамадзянамі, але маюць стасункі з польскімі палітыкамі і даносяць ім свае занепакоенасьці. Ну і, вядома, калі гэта ўсё адбываецца на тэрыторыі краіны, гэта пэўны выклік для яе сувэрэнітэту.
Варта ўзгадаць і дроны, якія ляцелі з тэрыторыі Беларусі, ува ўсходніх краінах NATO — чаканьні таго, што рыхтуецца агрэсія Расеі супраць іх і ў ёй можа ўдзельнічаць Беларусь, — прынамсі, надаючы тэрыторыю і інфраструктуру.
На гэтым агульным фоне пэўнай занепакоенасьці цяжка сур’ёзна ставіцца да словаў Тэртэля, пакуль яны ня будуць падмацаваныя нейкімі дзеяньнямі.
— У адрозьненьне ад дачыненьняў Менску з ЗША, дзе існуе пэўная дынаміка, у стасунках з Эўразьвязам усё выглядае пакуль даволі змрочна. Ці можа Беларусь пайсьці першай на нейкі зрух і які рэалістычны крок гэта мог бы быць?
— Усе будзе залежаць ад таго, якое рашэньне будзе прынята на найвышэйшым палітычным узроўні. Па-другое, як гэта будзе ўзгоднена з палітыкай Масквы, бо, на жаль, улады Беларусі мусяць такое ўзгадняць.
Чаго б найперш чакалі ад Менску з эўрапейскага боку? Я б сказаў, што на першым месцы пытаньні бясьпекі. Вельмі значную занепакоенасьць выклікае пагроза дронамі. Ёсьць вялікая занепакоенасьць гібрыднымі пагрозамі, зьвязанымі з сабатажам, выведкай, ціскам на людзей, якія жывуць у Польшчы, уключэньнем іх у схемы таго ж сабатажу ці выведкі. Гэта, вядома, і міграцыйны крызіс, таксама агульная напружанасьць на мяжы, зьвязаная з кантрабандай. Напрыклад, зусім сьвежая гісторыя з кантрабанднымі зондамі на літоўска-беларускай мяжы.
Напэўна, каб пачынаць зьніжаць градус, разьвязаньне гэтых пытаньняў было б найбольш чаканым.
Акрамя гэтага, вядома, разьвязаньне праблемаў асобных краін. Напрыклад, у Польшчы ўжо ёсьць свой доўгі сьпіс — ад Пачобута да ціску на каталіцкую царкву, на польскую меншасьць, інфармацыйная эскаляцыя, фармаваньне вобразу ворага з Польшчы — і ў мэдыя, і ўжо нават у падручніках. На гэтым трэку таксама патрэбныя крокі, якія маглі б спрыяць зьніжэньню напружанасьці.
— Іншая лінія, на якой зараз улады Беларусі таксама прадпрымаюць відавочныя захады, — гэта місія амбасадара Беларусі ў Ватыкане і пасланьніка ў UNESCO Юрыя Амбразевіча, які, як паведамляюць, вядзе інтэнсіўныя перамовы з эўрапейскімі дыпляматамі. Ватыкан традыцыйна быў больш спрыяльна настроены да афіцыйнага Менску. Розныя прадстаўнікі Ватыкану прыяжджалі ў Беларусь, зараз чакаецца прыезд кардынала Кляўдыё Гуджэроцьці. Ці можа Ватыкан адыграць ролю ледакола пры нэгатыўным стаўленьні іншых эўрапейскіх сталіц да Менску?
— Трэба нагадаць, што Ватыкан ня ёсьць чальцом ані NATO, ані Эўрапейскага Зьвязу. Ягоныя інтарэсы й палітыка пабудаваны крыху на іншых прынцыпах. У яго ёсьць інтарэсы, зьвязаныя з гуманітарнымі пытаньнямі, з падтрыманьнем інфраструктуры каталіцкай царквы.
Палітыка, стаўленьне Ватыкану да ўладаў Беларусі былі значна больш асьцярожныя і гнуткія, бо іх менш хвалююць праблемы міграцыі ці дронаў, якія не нясуць беспасярэдняй пагрозы Ватыкану як дзяржаве. Ватыкан можа канцэнтравацца менавіта на гэтых пытаньнях — гуманітарных, рэлігійных — і ня браць пад увагу ўсё астатняе.
Выкарыстоўваць Ватыкан у якасьці пасярэдніка для стварэньня спрыяльнага фону, прынамсі каб пачаць працэс, можа быць карысна для Менску, хоць каналы камунікацыі паміж уладамі Беларусі і краінамі Эўразьвязу ўжо існуюць. Аднак складана зразумець, якім чынам Ватыкан мог бы паўплываць на пазыцыю менавіта Эўрапейскага Зьвязу, асабліва ўрадаў Польшчы, Літвы й Латвіі, найбольш занепакоеных у дачыненьні да Беларусі.
Ня трэба таксама забываць пра фактар Украіны як партнэра Эўрапейскага Зьвязу, чыя пазыцыя вядомая: Беларусь успрымаецца як саўдзельнік агрэсіі. Паўплываць на ўзроўні Эўрапейскага Зьвязу Ватыкану будзе складана. Маё асабістае адчуваньне, што Ватыкан ня будзе ўвязвацца ў глябальныя палітычныя пытаньні.
Нейкія гуманітарныя рэчы — напрыклад, вызваленьне палітвязьняў, асабліва зьвязаных з Каталіцкай царквою — гэта так. Але выхад на глябальныя палітычныя пытаньні малаімаверны, бо гэта ўвогуле нетыпова для Ватыкану.
— Вы ўжо ўзгадалі, што кожнае рашэньне аб нармалізацыі з Захадам Менск мусіць узгадняць з Масквой. Наколькі магчымасьць зьменаў у беларуска-эўрапейскіх стасунках залежыць ад мірнага завяршэньня расейска-ўкраінскай вайны і ад дачыненьняў Менску з Вашынгтонам? Калі тэарэтычна ўявіць, што будзе дасягнутая нейкая «ўгода» паміж Менскам і Вашынгтонам — няўжо ў такім разе Эўропа здолее заставацца на нязьменнай пазыцыі?
— Канцэпцыя «вялікай угоды» мусіць уключаць стасункі Беларусі ня толькі з ЗША, але і з Эўропай. Бо многія санкцыі сынхранізаваныя, і скасаваньне амэрыканскіх санкцыяў ня будзе мець вялікага значэньня без спыненьня іх Эўрапейскім Зьвязам.
Вялікая ўгода, якая б разьвязала большасьць праблемаў у стасунках паміж Беларусьсю й ЗША, немагчымая без удзелу эўрапейскіх краін. Для надзейнасьці і адкрыцьця магчымасьцяў двухбаковай супрацы мусіць быць удзел эўрапейскіх краін.
Крытычна важным ёсьць разьвязаньне праблемаў бясьпекі для Эўразьвязу, а яны ўключаюць Украіну, гібрыдныя пагрозы, магчымасьць новай эскаляцыі, расейскага ўварваньня. Няважна, як ацэньваць рэалістычнасьць такога ўварваньня, але многія эўрапейскія палітыкі ставяцца да гэтага максымальна сур’ёзна, у сфэры абароны растуць бюджэтныя ўкладаньні. Без разьвязаньня гэтых пытаньняў ня будзе істотнага паляпшэньня стасункаў, і асноўныя санкцыі здымаць ня будуць, пакуль ня будзе зруху на ўкраінскім трэку.
— Нядаўна быў апублікаваны, умоўна скажам, «плян Шрайбмана» — дарожная мапа ўзаемных крокаў для абмежаванай дээскаляцыі паміж Беларусьсю й Эўразьвязам, падрыхтаваная групай беларускіх экспэртаў. Наколькі рэалістычным, на вашую думку, выглядае гэты плян? Ці ёсьць сэнс ісьці на гэтыя пакрокавыя захады — як для Менску, так і для Брусэлю?
— Маё асабістае адчуваньне, што на сёньня няма ўмоваў для пачатку гэтага працэсу. На палітычным узроўні Эўрапейскага Зьвязу ёсьць скансалідаваная пазыцыя, зьвязаная з праблемай бясьпекі і вайны. Наяўнасьці некалькіх дзяржаваў, такіх як Польшча й Літва, дастаткова, каб блякаваць усякія такога кшталту ініцыятывы. Гэтыя краіны ключавыя ў палітыцы ЭЗ стасоўна Беларусі, і спробы іх адкінуць і размаўляць наўпрост зь Нямеччынай ці Брусэлем ніколі не працавалі за апошнія 20 гадоў.
Што ж да самога пляну, то ён не выглядае рэалістычным, бо пытаньні бясьпекі, акрамя міграцыйнага крызісу, там адкінутыя. А гэта асноўнае, што цікавіць Эўрапейскі Зьвяз. Яму прапануецца фактычна зламаць сваю пазыцыю стасоўна Беларусі, адмовіцца ад першасных мэтаў санкцыяў, прынцыпаў і каштоўнасьцяў. Але няясна, што прапануецца для ЭЗ узамен: прапануецца тое, што пэўныя крокі ў далёкай пэрспэктыве дазволяць больш дэмакратызаваць Беларусь і крыху аслабяць уплыў Расеі ў Беларусі. Гэтага вельмі мала для ключавых краін ЭЗ, каб яны скасоўвалі сэктаральныя, сур’ёзныя санкцыі.
— Але яны ж не маглі прапанаваць нечага нерэалістычнага, радыкальных крокаў — што Беларусь заўтра выходзіць з саюзаў з Расеяй і ўступае ў NATO.
— Так, але гэта такі «беларусацэнтрычны погляд». Экспэрты ня могуць прапаноўваць нічога нерэалістычнага з гледзішча пазыцыяў і інтарэсаў Менску, але прапануюць абсалютна нерэалістычныя прапановы з гледзішча пазыцыі Эўрапейскага Зьвязу. Нібыта ЭЗ ня мае сваіх інтарэсаў.
І пазыцыя гэтага пляну такая, што Менск ад сваіх пазыцыяў не адмовіцца, таму Эўрапейскі Зьвяз мусіць адмовіцца ад сваіх. Але так гэта не працуе. Калі плян служыць «дарожнай мапай», ён мусіць даваць адказ на стратэгічныя, крытычна важныя інтарэсы краін Эўрапейскага Зьвязу. Калі гэтае пытаньне проста абмінаецца, працэс будзе ў лепшым выпадку замарожаны.
Такі плян мусіць адпавядаць інтарэсам і занепакоенасьці краінаў Эўрапейскага Зьвязу перш за ўсё. Прапанаваны плян хутчэй адпавядае чаканьням уладаў Беларусі і часткі беларускай грамадзянскай супольнасьці. Эўрапейскаму Зьвязу прапануецца рэалізоўваць плян, у якім ён траціць імідж і пэўныя інтарэсы, якія дазваляюць ціснуць на Менск. Няясна, што атрымлівае Эўразьвяз, бо фактычна толькі міграцыйны крызіс там больш-менш апісаны. Пытаньне беларускіх палітвязьняў — гэта, на жаль, чыста гуманітарнае пытаньне, яно не закранае істотных інтарэсаў краін ЭЗ пры значна больш сур’ёзных пагрозах і выкліках.
Форум