2 ліпеня ў Парыжы адбудзецца адкрыцьцё выставы «Я не баюся. Няхай яны баяцца!». Выстава прысьвечаная зьняволеным праваабаронцам — беларусу Алесю Бяляцкаму і расейцу Алегу Арлову.
Malanka Media, праваабарончы цэнтар «Вясна», Russia-Libertés і Espace Libertés/Reforum Space Paris пры падтрымцы Эўрапейскай камісіі арганізавалі ў Парыжы выставу пра лёс двух праваабаронцаў, вязьняў сумленьня Алеся Бяляцкага і Алега Арлова.
Алесь Бяляцкі — беларускі праваабаронца, заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», асуджаны ў 2023 годзе на 10 гадоў турмы за сваю праваабарончую дзейнасьць, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру.
Даўні сябар Алеся Бяляцкага Алег Арлоў — ня менш выбітная фігура ў галіне правоў чалавека ў Расеі, адзін з заснавальнікаў Цэнтру абароны правоў чалавека «Мемориал», арганізацыі, якая таксама стала ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру ў 2022 годзе. Нядаўна Арлова асудзілі на 2,5 года зьняволеньня за выказваньні супраць вайны ва Ўкраіне.
Такая ж выстава «Я не баюся. Няхай яны баяцца!» экспанавалася ў Бэрліне ў нямецкім Бундэстагу і ў Сэнаце Польшчы ў Варшаве.
Праект расказвае пра доўгі і ўпарты шлях Бяляцкага ў барацьбе за дэмакратычныя каштоўнасьці: ад студэнцкага актывіста, які супрацьстаяў камуністычнаму рэжыму, да нобэлеўскага ляўрэата і палітвязьня.
У праграме выставы — паказ фільму «Правілы жыцьця Алеся Бяляцкага» рэжысэраў Юрыя Буцько і Александрыны Глагольевай (Літва, 2023 год), фільму Манон Луазо «Беларусь, апошняя дыктатура ў Эўропе» (Францыя, 2018), чытаньне лістоў беларускіх і расейскіх палітвязьняў.
Выстава працягнецца да 30 ліпеня па адрасе: Espace Libertés / Reforum Space, Paris, 16 rue Oberkampf.
Цяпер Алесь Бяляцкі палітвязень, ён адбывае 10-гадовы тэрмін зьняволеньня ў Горацкай папраўчай калёніі № 9 у Магілёўскай вобласьці.
Навіны ад Бяляцкага з горацкай калёніі: вярнулі з ПКТ у атрад, пазбавілі перадач
Паводле крыніцы Свабоды, у красавіку-траўні палітвязьня Алеся Бяляцкага вярнулі з ПКТ горацкай калёніі ў атрад, але адміністрацыя калёніі па-ранейшаму ставіцца да палітвязьня звышпільна.
«Ведаем, што ён зноў ходзіць на працу, на дрэваапрацоўку. Бывае, што на яго накладаюць спагнаньні, пазбавілі перадач, бываюць і больш сур’ёзныя пакараньні — неяк сядзеў у ШЫЗА. Увага да яго пасьля вяртаньня з ПКТ ня стала слабейшай», — паведаміла крыніца.
Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня. Палітвязень адбывае пакараньне ў калёніі № 9 у Горках. У лістападзе 2023 году Алеся Бяляцкага на паўгода зьмяшчалі ў ПКТ — памяшканьне камэрнага тыпу, якім караюць за парушэньне парадкаў у калёніі.
Ёсьць зьвесткі, што Алесь Бяляцкі не атрымлівае карэспандэнцыі ад сваякоў і сяброў і што ніводнага разу ў палітвязьня не было відэазванкоў са сваякамі. Толькі зрэдку на волі ад яго атрымліваюць лісты і паштоўкі.
Пра стан здароўя Алеся Бяляцкага новай інфармацыі няма.
«Вядома, што ў выніку былой адседкі ў бабруйскай калёніі праблемы са здароўем узьніклі і працягваюцца. Як ён іх вырашае, невядома. Але нібыта ў лякарню не трапляў. Дакладна вядома, што яму немагчыма перадаць лекі, значыць, застаецца спадзявацца толькі на тое, што можа атрымаць у мэдычнай частцы калёніі», — паведаміла крыніца пра Алеся Бяляцкага.
Пра псыхалягічны стан палітвязьня вядома, што ён захоўвае роўны, нармальны настрой, стрыманы ў выказваньнях, ацэнкі дае рэалістычныя, паведаміла пра Алеся Бяляцкага крыніца, якая кантактавала з абазнанымі ў справах палітвязьня людзьмі.
- У 1996 годзе Алесь Бяляцкі заснаваў беларускі праваабарончы цэнтар «Вясна», які сёньня можа працаваць толькі з эміграцыі.
- У 2022 годзе Бяляцкі стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру разам з расейскім НДА «Мемориал» і ўкраінскім «Центром громадянських свобод».
- Праваабаронцу Алеся Бяляцкага і ягоных калег арыштавалі 14 ліпеня 2021 году. 3 сакавіка 2023 году ў межах палітычна матываванай справы старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі.
- 21 сьнежня 2023 году міжнародная юрыдычная група, якая займаецца сытуацыяй зь Бяляцкім, падала пэтыцыю ў працоўную групу ААН па адвольных затрыманьнях. На думку юрыстаў, праваабаронцу пратрымалі «безь якіх-небудзь юрыдычных падставаў» 17 месяцаў, перш чым ён стаў перад судом. Акрамя таго, судовы працэс «быў азмрочаны абуральнымі парушэньнямі належнай прававой працэдуры». Адзначалася, што «з моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны са сваёй сям’ёй, адвакатам і навакольным сьветам».
Хто такі Алесь Бяляцкі
Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.
- Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
- У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
- Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
- У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
- У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
- З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
- У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
- У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
- 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
- У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
- 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
- За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
- Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
- Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
- 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
- Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
- 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
- 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
- З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
- Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.
Форум