Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 25 чэрвеня: затрымалі берасьцейца, які абурыўся Z-сымболікай


Беларускі сілавік. Архіўнае фота
Беларускі сілавік. Архіўнае фота

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Завочна судзяць рэчыцкага актывіста Юрыя Шчучко

Суд Рэчыцкага раёну ў рэжыме спэцвядзеньня пачынае разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да 45-гадовага мясцовага актывіста Юрыя Шчучко, паведамляе «Вясна».

Як пазначана ў раскладзе судовых пасяджэньняў, працэс будзе весьці судзьдзя Іван Цалкоў, які да нядаўняга часу быў старшынём суду Лоеўскага раёну. Рэчыцкага актывіста абвінавачваюць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу.

Вядома, што Юрыя затрымалі за ўдзел у пасьлявыбарнай акцыі пратэсту ў Рэчыцы 30 жніўня 2020 году і пасьля двух дзён арышту аштрафавалі на 15 базавых велічынь. Асьцерагаючыся далейшага перасьледу, у верасьні 2020 году Шчучко выехаў зь Беларусі.

Спачатку ён жыў ва Ўкраіне, дзе займаўся грамадзкай дзейнасьцю, а пасьля ўварваньня туды расейскіх войскаў пераехаў у Польшчу.

Затрымалі беларуса, які абурыўся Z-сымболікай у Берасьці

Пра інцыдэнт у Берасьці і затрыманьне паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы. Яны сьцьвярджаюць, што затрыманы ўжо ў ізалятары, піша «Вясна».

У TikTok зьявілася відэа, дзе жыхарка Берасьця абурылася тым, што па горадзе ходзяць расейцы са сьцягамі «Za Россию» і «ЧВК Вагнер». Яна хацела высьветліць, хто яны такія і чаму ходзяць з такой сымболікай па Берасьці. Да яе далучыўся хлопец, які праходзіў міма, яго таксама абурыла гэта.

ГУБАЗіК пачаў шукаць беларусаў за абурэньне Z-сымболікай — хлопца затрымалі, жанчына пасьпела выехаць за мяжу.

У Берасьці будуць судзіць лекара «Лодэ» Цімура Лозку

Цімур Лозка да 2020-га працаваў анэстэзіёлягам у Берасьцейскім абласным шпіталі, але, падобна, быў звольнены, піша «Вясна».

Перад затрыманьнем працаваў рэаніматолягам-анэстэзіёлягам у прыватнай клініцы «Лодэ». Раней Лозку двойчы затрымлівалі ў адміністрацыйных справах — у кастрычніка 2020-га за ўдзел у акцыі пратэсту і ў сакавіку 2022-га за антываенную акцыю.

Суд над ім пачнецца 4 ліпеня ў судзе Ленінскага раёну Берасьця. Лозку абвінавачваюць паводле дзьвюх частак артыкула 290-1 КК («Фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці»), піша «Наша ніва». Справу прызначаны весьці судзьдзя Аляксандар Семянчук, на чыім рахунку мінімум 34 палітычныя прысуды.

У Беларусі чатыры новыя «экстрэмісцкія фармаваньні» — у тым ліку мэдыяпраекты «Обычное утро» і «Media IQ»

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі 18 чэрвеня прызнаў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» грамадзкую арганізацыю, вайскова-патрыятычны клюб і два мэдыяпраекты, паведамляе Pozirk.

Адпаведная інфармацыя ўнесена 25 чэрвеня ў абноўлены пералік на сайце МУС.

Да «фармаваньняў» аднесьлі грамадзкую арганізацыю «Громадська організація „Білорусь 2.0 Робімо Разам“» (зарэгістраваная ў адзіным дзяржаўным рэестры прадпрыемстваў і арганізацый Украіны), вайскова-патрыятычны клюб «Літвіны» (створаны ў 2022 годзе ў Літве), а таксама мэдыяпраекты «Media IQ» і «Обычное утро».

КДБ называе людзей, на яго думку, датычных да дзейнасьці азначаных арганізацый: Сяргей Бульба (Чыслаў), Тацяна Мартынава, Васіль Верамейчык, Міхаіл Кучараў, Андрэй Кушняроў, Павал Шарапін, Сяргей Юрчанка, Вольга Пашкевіч, Іосіф Дулеба («Беларусь 2.0 Робімо Разам»); Сяргей Шалыгін, Сяргей Бародзіч, Міхаіл Мацкевіч, Аляксандар Клачко, Аляксандра Пуціковіч, Сяргей Чапега («Літвіны»); Надзея Белахвосьцік, Аляксей Худанаў, Дар'я Глухава, Павал Быкоўскі, Алена Верашчагіна, Антон Сайфулаеў, Паліна Пяткевіч, Аляксей Шунтаў, Ала Шарко, Віктар Малішэўскі («Media IQ»); Канстанцін Місуна (Каверын), Людміла Лабунская (Міластаўская) («Обычное утро»).

У сьпісе «экстрэмісцкіх фармаваньняў» на 25 чэрвеня 222 пазыцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG