Губэрнатар Валгаградзкай вобласьці Андрэй Бачароў паведаміў аб пажары на тэрыторыі нафтаперапрацоўчага заводу.
«У выніку падзеньня аскепкаў аднаго з БПЛА на тэрыторыі нафтаперапрацоўчага заводу пачаўся пажар, які апэратыўна зьліквідавалі. Аднаго пацярпелага рабочага заводу шпіталізавалі», — працытавала губэрнатара мясцовае выданьне «V1.RU. Новости Волгограда».
У Сьледчым камітэце Расеі паведамілі аб пачатку расьсьледаваньня гэтага інцыдэнту, які ўжо кваліфікавалі як «злачынства ваенізаваных фармаваньняў Украіны супраць мірных жыхароў Валгаградзкай вобласьці».
Ва Ўкраіне пацьвердзілі пацэльваньне ў Валгаградзкі НПЗ.
Валгаградзкі нафтаперапрацоўчы завод — шостае па велічыні галіновае прадпрыемства ў Расеі. Яго праектная магутнасьць складае прыблізна 14 мільёнаў тон нафты на год. Тут вырабляюць бэнзін, дызэльнае паліва і авіяцыйнае паліва.
Паводле Міністэрства абароны Расеі, над Валгаградзкай вобласьцю «перахапілі і зьнішчылі» 8 з 49 дронаў, якія нібыта запусьцілі з Украіны. Яшчэ 25 бесьпілётнікаў расейцы зьбілі над Растоўскай вобласьцю, 6 — над Курскай, 4 — над Яраслаўскай і па 2 — над Белгарадзкай і Варонескай абласьцямі, а таксама над Краснадарскім краем.
Улады іншых рэгіёнаў не паведамляюць аб наступствах зьбіцьця дронаў.
Украінскі войскі актывізавалі свае ўдары па НПЗ з пачатку 2025 году.
З пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну расейскія НПЗ рэгулярна зазнаюць атакі украінскіх бесьпілётнікаў. На некаторых прадпрыемствах выйшла са строю абсталяваньне першаснай перапрацоўкі нафты, яно патрабавала рамонту. Аднак ужо ў красавіку мінулага году Расея змагла часткова аднавіць магутнасьці ключавых нафтаперапрацоўчых заводаў.
Як падлічыла Расейская служба BBC, украінскія вайскоўцы ў 2024 годзе ня меней за 81 раз атакавалі бесьпілётнікамі нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы і паліўныя базы на тэрыторыі Расеі і ў акупаваных расейскай арміяй раёнах Украіны.
Згодна з інфармацыяй выданьня, прыблізна 20% усіх атак адбыліся ў Краснадарскім краі, 8 у Растоўскай вобласьці, 6 у Белгарадзкай і па 5 — у Арлоўскай і Валгаградзкай.
Форум