Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 24 чэрвеня: новыя суды над палітвязьнямі Францкевічам і Слукой


Менскі абласны суд. Архіўнае фота
Менскі абласны суд. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Яшчэ адзін завочны суд

Менскі абласны суд 24 чэрвеня ў парадку спэцыяльнага вядзеньня (завочна) пачынае разгляд крымінальнай справы 44-гадовага былога футбольнага фаната Юрыя Качуры, паведамляе «Вясна». Яго абвінавачваюць у «распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці альбо звады» (ч. 1 арт. 130 КК) і «абразе прадстаўніка ўлады» ( арт. 369 КК).

Справу разглядае судзьдзя Ірына Майко.

Юрый Качура — былы спартовец, задоўга да 2020 года ўваходзіў у групоўкі футбольных фанатаў. Яго неаднаразова затрымлівалі. Да свайго апошняга затрыманьня працаваў абвальшчыкам мяса ў Менску.

У кастрычніку 2020 году Юрыя схапілі ў Менску на вуліцы без якіх-небудзь падстаў і адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна, адзначаюць праваабаронцы. Там яго чакалі катаваньні, абліваньне хлёркай, пабоі, а пасьля — немагчымасьць уладкавацца на працу. У лютым Юрыя затрымалі ізноў, пры гэтым супрацоўнікі ГУБАЗіК спачатку памылкова выламалі дзьверы суседу, а пасьля кінулі ў яго кватэру шумавую гранату.

Пасьля вызваленьня Юрый Качура зьехаў зь Беларусі.

А 18 красавіка 2024 года Сьледчы камітэт пачаў супраць яго так званае спэцыяльнае вядзеньне.

Палітвязьню Дзьмітрыю Слуку хочуць узмацніць пакараньне

Палітвязьня Дзьмітрыя Слука затрымалі 10 лютага 2023 года. Пасьля 10 сутак у ІЧУ на Акрэсьціна яго перавялі ў СІЗА. Яго абвінавацілі ў «фінансаваньні тэрарыстычнай дзейнасьці» паводле арт. 290-1 КК.

Паводле сьледзтва, Дзьмітры «перавёў крыптавалюту на віртуальны кашалёк тэрарыстычнай арганізацыі ў суме эквівалентнай 2 160 даляраў ЗША, што на момант зьдзяйсьненьня злачынства склала ня менш за 5,4 тысяч рублёў».

Суд прызначыў яму 8 гадоў і 6 месяцаў калёніі са штрафам у памеры 300 базавых велічынь (11,1 тысяч рублёў).

Тэрмін яго накіравалі адбываць у віцебскую калёнію № 3. Па ініцыятыве адміністрацыі Дзьмітрыю хочуць узмацніць пакараньне, паведамляюць праваабаронцы. Суд па замене рэжыму ўтрыманьня на турэмны адбудзецца ў Віцебску сёньня, 24 чэрвеня. Рашэньне будзе прымаць судзьдзя Міхаіл Зубеня.

Пачаўся чарговы суд над палітзьняволеным анархістам Аляксандарам Франкевічам

У судзе Ваўкавыскага раёну Горадзенскай вобласьці 24 чэрвеня пачаўся разгляд справы Аляксандра Франкевіча, які цяпер адбывае тэрмін амаль у 17 гадоў турмы.

Працэс узначальвае судзьдзя Мікалай Сяргейка. Палітвязьню могуць дадаць яшчэ 2 гады калёніі паводле 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі).

Аляксандар — актывіст анархісцкага руху і фігурант справы «Рэвалюцыйнага дзеяньня».

Першапачаткова палітзьняволенага накіравалі адбываць тэрмін у івацэвіцкую калёнію № 5, але пазьней перавялі ў ваўкавыскую ПК-11.

Па інфармацыі праваабаронцаў, зь верасьня 2023 году Аляксандра зьмясьцілі ў ПКТ на паўгоду, а таксама неаднаразова зьмяшчалі ў ШЫЗА.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG