Пра беларускую мову ў сувэрэннай дзяржаве
«Моўная праблема беларусаў можа быць вырашаная толькі ва ўмовах сувэрэнітэту дзяржавы. Калі будзе ў нас дзяржава — ня трэба будзе ніякай прымусовасьці. Уся культура сама пяройдзе на беларускую мову. Тое самае і моладзь — гэта ўсё пакладзецца ў абсалютна натуральнае рэчышча гістарычнага разьвіцьця. Мова ў сувэрэннай дзяржаве будзе запатрабаваная — яе ня трэба будзе навязваць, яна будзе патрэбная ўсім, патрэбная нацыі. А калі ж гэтага ня будзе, калі Беларусь стане Паўночна-Заходнім краем Расейскай імпэрыі, дык я думаю, што менавіта ў гэты час беларуская мова сканае канчаткова». (2001)
Пра тарашкевіцу
«Натуральна ўнутрана, як аўтар я ўсёй душою за гэта, тарашкевіца — правапіс куды болей беларускі, ён адпавядае беларускаму моўнаму мэнталітэту больш, чым наркомаўка, гэта безумоўна так. І ўсё ж я лічу, што зь пераходам на тарашкевіцу ў нас пасьпяшаліся. Цяпер ня той час, бо ёсьць вельмі вялікая небясьпека таго, што мы, беларусы, можам наогул застацца без нармальнай агульнапрынятай граматыкі». (1999)
Пра правапіс
«Найперш, безумоўна, узаконіць правапіс мяккага знаку і „я“ перад націскам, а пасьля ісьці паступова, а галоўнае, у духу традыцыйнага беларускага маўленьня… Раптоўны, за адзін раз, зварот да тарашкевіцы не апраўданы і дэструктыўны. Ён болей пабурыў, чым стварыў. Цяпер мы маем становішча, калі бальшыня беларусаў усіх узростаў проста аказаліся непісьменныя, бо ня ведаюць, як пісаць і як мовіць… Народ і будзе ўсё больш зьвяртацца да расейскай мовы, дзе існуе шматгадовы моўны „парадак“, па якім гэтак сумуе народ». (2003)
Пра эміграцыю
«Гэты стан не катастрафічны, хоць у кожнага свой канкрэтны выпадак. Але ўсё-ткі я скажу, што паводле закону Божага і чалавечага трэба жыць дома. Шкада, што не заўсёды і ня ўсім выпадае такое шчасьце. Але ў залежнасьці ад таго, які дом. Бывае так, што эміграцыя — гэта шчасьце, гэта паратунак. Хоць, канешна, у ідэале паратункам і шчасьцем павінен быць дом, Радзіма, Бацькаўшчына». (1999)
Пра дэмакратыю, таталітарызм і танную каўбасу
«У барацьбе з таталітарызмам дэмакратыя ня мае адэкватных сродкаў. Тут патрэбныя іншыя сродкі, якімі дэмакратыя не валодае без таго, каб ня страціць свой дэмакратычны імідж. Мы знаходзімся ў пэўным тупіку. І гэты тупік стварае, перш за ўсё, дыктатарская ўлада. Пакуль яна будзе абапірацца і ажыцьцяўляць яе з дапамогай сілы, проста фізычнай сілы, якую ўвасабляе АМОН, КДБ і іншыя чыста паліцэйскія сродкі — то, канешне, спадзявацца на якую-небудзь перамогу, на якія-небудзь здабыткі дэмакратычныя, — проста немагчыма. У народа памяць кароткая — і пра адсутнасьць свабоды, дэмакратыі, свабоды друку… Гэта ўсё забываецца, а памятаецца іменна пра кошт таннай каўбасы. Некаторыя кажуць, у грамадзтве, дзе кожны трэці камуніст, а кожны другі — сэксот, цяжка разьлічваць на перамогу дэмакратыі дэмакратычнымі сродкамі». (1995)
Пра даверлівасьць і ашуканства
«Гісторыя любіць парадоксы, і часам гуляе зь людзьмі ў свае злыя гульні. Абяцанка — цацанка, надзея — матка дурных — тое вядома даўно. Колькі разоў лёс сьмяяўся з даверлівасьці беларусаў, з нашай вясковай дурноты. Здаецца, пара б чаму-небудзь і навучыцца. Не, ня вучымся. Як дурні ў начным полі, бяжым на кожны мільготкі агеньчык, каб тут жа забрысьці ў балота. Выбраўшыся, брыдзем у другі бок, на зычны прызыўны крык, абы быў мацнейшы. І зноў ня тое, зноў ашуканства, бяда, катастрофа! Колькі таму доўжыцца ў нашай бясконцай гісторыі?» (1995)
Пра дні напярэдадні выбараў і рэфэрэндуму 1995 году
«Такой бяды, якая цяпер грукае ў нашы дзьверы, мабыць, яшчэ не было ніколі: каб так паверылі і так ашукаліся. Каб так блізка была мара, рэдкая і адзіна рэальная магчымасьць зрабіцца людзьмі. Без крывавай рэвалюцыі, паўстаньняў, бяз жаху разбурэньня. І гэтак хутка настала расчараваньне! Бо — не хапае. Чаго не хапае? Сілы, розуму, пасьлядоўнасьці? Не хапае волі. На гэты раз аднае згуртаванай нацыянальнай волі да самастойнага жыцьця. І ўрокі гісторыі нас ня вучаць. Але тады яны жорстка караюць, гісторыя — настаўніца дужа суровая, вялікі грэх — яе ня слухаць. Прыслухайся ж да яе, Беларусь!.. Да твайго вырашэньня, выбару засталіся лічаныя тыдні, а пасьля як бы ізноў, і каторы раз, не давялося спазьнела кусаць уласныя локці. Падумай! Калі не пра сябе — пра сваіх нашчадкаў падумай, пра малых і слаўных хлапчукоў і дзяўчынак. Што мы ім нарыхтавалі да іхнае будучыні? Што яны скажуць пра нас, цяперашніх?» (1995)
Пра страчаны шанец
«Галоўная рыса, вызначальная — гэта шанец, які гісторыя дала Беларусі. Гэта, вядома, унікальная зьява. Ніколі такога не было — мабыць, ня толькі ў беларускай гісторыі, але і ў гісторыі ўсясьветнай, каб гісторыя давала такую рэдкую магчымасьць нейкай нацыі для яе сувэрэнітэту. Менавіта з тае прычыны, што гэты шанец вельмі рэдкі, ён, здаецца, ня будзе выкарыстаны беларускай нацыяй. Нацыя не была гатовая пакарыстацца ў поўнай меры. Гэты шанец сыходзіць з нашых рук, так сама, як і шмат што ў эканамічнай галіне сышло. Беларусь проста ня здолела выкарыстаць гэта два-тры гады таму, а цяпер час упушчаны, ужо позна, і таго, чым можна было пакарыстацца, — таго ўжо ня вернеш». (1995)
Пра памылкі дэмакратаў
«Думаю, што гаварыць пра якія-небудзь памылкі дэмакратыі, можа быць, няма сэнсу. Таму што ўвогуле, калі разабрацца і прынцыпова падыходзіць — дык гэтых памылак, такіх значных памылак, было ня так і шмат. Можа быць, і наогул не было. Іншая справа, што і вельмі правамерная і абгрунтаваная палітыка не прынесла посьпеху. Дык яна, увогуле, у даных умовах і не магла прынесьці таго посьпеху, на каторы дэмакраты разьлічвалі. Значыць, можна гаварыць пра празьмерныя спадзяваньні беларускай дэмакратыі. Вось гэта — сапраўды было. Грамадзтва яшчэ не гатовае, каб прынесьці посьпех беларускай нацыянальнай дэмакратыі». (1995)
Пра «людей охранки»
«Калі ж казаць пра ВНУ, пра рэктараў нашых унівэрсытэтаў, дык гэта парадокс — людзі не садзейнічаюць разьвіцьцю грамадзтва, не спрыяюць адукацыі, гэта проста „люди охранки“. І ўся іх дзейнасьць, ва ўсялякім разе, вельмі шмат каго зь іх, скіраваная на ўмацаваньне дыктатуры. Тое самае можна сказаць (хаця гэта і ня тэма нашай размовы) пра праваслаўную царкву. У наш час вельмі многія інстытуцыі набылі адваротныя якасьці. Яны зьмянілі „плюс“ на „мінус“. Яны з дабра (якім былі ў нашай гісторыі) пераўтварыліся ў зло». (2001)
Пра вынаходніцтва ровара
«Ня трэба вынаходзіць ровар, як гэта робяць некаторыя нашыя палітыкі ў пошуках нейкага асаблівага шляху. Ня трэба абцяжарваць гэтымі пошукамі і выпрабаваньнямі цяперашнія пакаленьні. Што датычна Беларусі, для яе вельмі важны прыклад Прыбалтыкі, нават Украіны, якія перажылі падобныя цяжкасьці, але знайшлі зь іх выйсьце. Беларусь жа робіць выгляд, што ў яе ёсьць уласнае выйсьце, якое палягае ў руху назад, дзе быццам бы было лепей. Але пры гэтым забываюцца на тое, што таму і зруйнаванае мінулае, што існаваньне ў ім было не аптымальным, а набліжалася да катастрофы. Значыць, трэба наперадзе шукаць выйсьце з катастрофы, а не вяртацца назад, каб паўтарыць яе зноўку». (1996)
Укладаньне цытат — Сяргей Навумчык.
Быкаў на Свабодзе: чытайце і слухайце
Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў (1924–2003) стаяў у першых шэрагах дэмакратычнага руху за нацыянальнае адраджэньне ў Беларусі. Ён удзельнічаў у стварэньні Беларускага народнага фронту (1988) і Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (1990), Беларускага Хэльсынскага камітэту (1995) і Беларускага ПЭН-цэнтру (1995). Пасьлядоўны крытык Аляксандра Лукашэнкі, Быкаў стаў сымбалем змаганьня зь ягоным аўтарытарным рэжымам. У 1995-м, пасьля гвалтоўнага разгону галадоўкі апазыцыйных дэпутатаў у Вярхоўным Савеце, ён заявіў аб «прэлюдыі фашыстоўскага перавароту», прадказаўшы, што «краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта».
Васіля Быкава, якога многія беларусы лічылі «сумленьнем нацыі», прыбралі зь дзяржаўных выданьняў, ягоныя кнігі перасталі друкаваць у дзяржаўных выдавецтвах. Пісьменьніка, намінаванага на Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры, прапагандысты шальмавалі, вымусіўшы ехаць у эміграцыю. На Беларусь ён вярнуўся цяжка хворым, усяго за месяц да сьмерці. Пахаваньне Быкава ператварылася ў шматтысячны жалобны мітынг праз цэнтар Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Апошнія 15 гадоў свайго жыцьця Радыё Свабода стала ці не асноўным каналам звароту Быкава да свайго народу. Нашыя слухачы першыя знаёміліся зь яго новымі творамі, а таксама думкамі, ацэнкамі і прагнозамі.
«Быкаў на Свабодзе» (2005): чытаць кнігу (PDF)
Інтэрвію, выступы беларускага клясыка на Радыё Свабода ў 1991–2003 гг., лісты, малюнкі, фота і ўспаміны. «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю „Свабоду“. Тое сталася звычкай і патрэбай душы».
«Быкаў на Свабодзе» (2004): слухаць аўдыёдыск
Збор выступаў клясыка беларускай літаратуры ў этэры Радыё Свабода
«Доўгая дарога дадому» (2010): слухаць аўдыёкнігу
Кніга мэмуараў народнага пісьменьніка Беларусі гучыць у аўтарскім выкананьні. Запіс зроблены ў 2002 годзе ў Празе ў студыі Радыё Свабода. Працягласьць гучаньня — 6 гадзін і 22 хвіліны, тыя самыя лічбы пазначаюць і дату сьмерці Васіля Быкава — 22 чэрвеня.