Пра самы вялікі Божы дар
«Жыцьцё — гэта самы вялікі Божы дар, гэта вялікае шчасьце, натуральна, вышэй за яго нічога быць ня можа на Зямлі». (1997)
Пра сэнс жыцьця
«Некалі я чытаў у Талстога, што ўжо само нараджэньне — як пачатак і абяцаньне радасьці — ужо заключае ў сябе і элемэнт трагізму. Таму што ўсё тое, што мае пачатак, мае канец... Калі гаварыць пра мастацтва, дык гэта ўжо права мастака!.. Адзін зьвяртае ўвагу на нараджэньне, і ён правы, другі — на заканчэньне жыцьця. Экзістэнцыялісты, як вядома, пісалі, што — я ня ведаю, у Камю гэта, здаецца, было, — што чалавек толькі тады пачынае шукаць сэнсу жыцьця, калі зьяўляецца пагроза яе страціць. Гэта значыць, у канцы жыцьця ён пачынае шукаць сэнс жыцьця... Але я ня бачу тут супярэчнасьці, бо сапраўды атрымліваецца, як у тым анэкдоце, як двое спрачаліся, што зімой — ноч даўжэйшая ці дзень карацейшы?» (1997)
Пра нялюдзкасьць савецкай улады
«Для мяне стала ясна вельмі і вельмі рана, яшчэ ў школьным, дзіцячым узросьце. Я жыў ва Ўсходняй Беларусі, каля Ўшачы, за два кілямэтры ад мяжы з Польшчай. У нас там, трэба зазначыць, гэты ўціск быў падвойны — калектывізацыя, раскулачваньне, рэпрэсіі праводзіліся як ворганамі НКВД, так і памежнымі войскамі. І таму я, можа быць, у гадоў дзесяць-дванаццаць ужо чуў чалавечы плач, стогн, размовы мужыкоў — і тады ўжо адчуваў, што гэтая ўлада нялюдзкая. Я, канешне, быў далёкі ад палітыкі і нічога ня ведаў пра беларускую інтэлігенцыю — гэта адбывалася ў вялікіх гарадах. Тым ня менш да мяне, да маіх эмоцыяў, да майго розуму даходзіла перш за ўсё тое, што адбывалася ў маёй вёсцы, а таксама ў мястэчку, у маёй школе, калі арыштоўвалі маіх настаўнікаў і зьнішчалі. Дырэктара, памятаю, пасадзілі, які мне некалі яшчэ гамашы купіў, бо я быў босы... Ну і таксама калектывізацыя. Але яшчэ больш за ўсё — гэта галеча і голад, таму што, як толькі адбылася калектывізацыя, пачаўся голад». (1999)
Пра шакаляд
«Шакаляд я пакаштаваў упершыню на вайне. Гэта быў трафэйны шакаляд, нямецкі. А цукеркі былі ў сельмагу — „падушачкі“, 40 капеек сто грамаў. Але ж 40 капеек...» (1999)
Пра самы памятны момант
«Ён сапраўды памятаецца мне добра, і гэта незвычайнае адчуваньне, якога ні да таго, ні пасьля не было. Можа таму, што для мяне асабіста жыцьцё ўвогуле было маларадаснае. І гэта — Дзень Перамогі, як скончылася вайна, вось тыя нейкія два дні, 8 і 9 траўня 1945 году. Тады я раптам адчуў пераход ад вайны да міру. Гэта было незвычайнае, нязьведанае раней пачуцьцё ўзьнёсласьці, шчасьлівасьці, якой ужо пасьля перажываць не даводзілася». (1999)
Пра анёла-ахоўніка
«Некалькі разоў я меў магчымасьць пераканацца, што ёсьць. Як ён выглядае, як ён завецца, я ня ведаю. Але напэўна ёсьць, таму што іншых момантаў свайго жыцьця я не магу растлумачыць, як толькі ўмяшаньнем, пакравіцельствам іменна анёла-ахоўніка». (1993)
Пра Біблію
«Я не скажу, што яна займае ў маім жыцьці вялікае месца, таму, відаць, што я ўсё ж яе адкрыў позна. Мы адкрылі яе недзе на пачатку 60-х гадоў, будучы ў Рыме. Мы пайшлі там зь сябрамі ў бок плошчы Сьвятога Пятра і зайшлі там у адну крамку з рэлігійнымі таварамі. Мы спыталіся: ці можна ў іх купіць Біблію? Натуральна, Бібліі ў іх былі, але па-лацінску, на нейкіх іншых мовах, а нам трэба было хоць бы па-расейску... І вось адзін служка пайшоў, недзе пашукаў і нарэшце прынёс Біблію на ўкраінскай мове. Вось гэтая Біблія на ўкраінскай мове была першая, якую я прачытаў... Я думаю, што ўсё-ткі Новы Запавет — там шмат што важнага, і трэба гэта ведаць». (1999)
Пра прароцтва
«Прарокі — усе дрэнныя. Калі пачынае нават вельмі разумны пісьменьнік або філёзаф, тым больш футуроляг, вывучаць будучыню, ён з гэтага моманту і цярпіць паразу. Відаць, вызначыць будучыню нават у невялікім адрэзку часу проста немагчыма, гэта непадуладна чалавеку. Што да таталітарызму альбо камунізму, тут і дагэтуль памыляюцца і сумленныя мастакі. Мастаку найбольш служыць ідэя адмаўленьня. З тых пісьменьнікаў, якія свой патас будавалі на адмаўленьні, мала хто памыліўся». (2000)
Пра патрэбу душы
«Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю „Свабоду“. Тое сталася звычаем і патрэбай душы». (2001)
Пра памылкі і паразы
«Заўсёды вялікае значэньне маюць і памылкі, і паразы, але толькі ў тым выпадку, калі чалавек іх усьведамляе як памылкі і як паразы. Часта людзі няздольныя іменна так асэнсоўваць і так успрымаць гэта, і тады ім здаецца, што параза — гэта дасягненьне і памылкі ніякія не памылкі. Але ўсё-такі я думаю, што ў агульначалавечым жыцьці паразы больш значаць, чым дасягненьні. Таму што яны хоць мяркуюць нейкі рух і закладваюць нейкія спадзяваньні, у той час як суцэльныя дасягненьні — гэта ўжо кропка». (1998)
Пра свабоду як найбольшую каштоўнасьць
«Свабода — найбольшая маральна-фізычная каштоўнасьць, дадзеная кожнай жывой істоце фактам яе нараджэньня. Усё жывое і карыстаецца тою каштоўнасьцю, наколькі гэта мажліва ў складаным, заблытаным сьвеце арганічнага існаваньня. Апроч хіба чалавека, якому мала прыроджанай свабоды. Каб у поўнай меры спазнаць і адчуць яе неабходнасьць, яму наканавана прайсьці праз хітрасплецены лябірынт жыцьця, а то і застацца ў адным зь яго тупікоў. I там прызвычаіцца, змарнець, страціць прыроджаны дар свабоды, адаптавацца дзеля элемэнтарнае мэты біялягічнага існаваньня. Зрабіцца часткай натоўпу, грамадзтва, электарату — такім, як усе». (2002)
Укладаньне цытат — Сяргей Навумчык.
Быкаў на Свабодзе: чытайце і слухайце
Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў (1924–2003) стаяў у першых шэрагах дэмакратычнага руху за нацыянальнае адраджэньне ў Беларусі. Ён удзельнічаў у стварэньні Беларускага народнага фронту (1988) і Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (1990), Беларускага Хэльсынскага камітэту (1995) і Беларускага ПЭН-цэнтру (1995). Пасьлядоўны крытык Аляксандра Лукашэнкі, Быкаў стаў сымбалем змаганьня зь ягоным аўтарытарным рэжымам. У 1995-м, пасьля гвалтоўнага разгону галадоўкі апазыцыйных дэпутатаў у Вярхоўным Савеце, ён заявіў аб «прэлюдыі фашыстоўскага перавароту», прадказаўшы, што «краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта».
Васіля Быкава, якога многія беларусы лічылі «сумленьнем нацыі», прыбралі зь дзяржаўных выданьняў, ягоныя кнігі перасталі друкаваць у дзяржаўных выдавецтвах. Пісьменьніка, намінаванага на Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры, прапагандысты шальмавалі, вымусіўшы ехаць у эміграцыю. На Беларусь ён вярнуўся цяжка хворым, усяго за месяц да сьмерці. Пахаваньне Быкава ператварылася ў шматтысячны жалобны мітынг праз цэнтар Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Апошнія 15 гадоў свайго жыцьця Радыё Свабода стала ці не асноўным каналам звароту Быкава да свайго народу. Нашыя слухачы першыя знаёміліся зь яго новымі творамі, а таксама думкамі, ацэнкамі і прагнозамі.
«Быкаў на Свабодзе» (2005): чытаць кнігу (PDF)
Інтэрвію, выступы беларускага клясыка на Радыё Свабода ў 1991–2003 гг., лісты, малюнкі, фота і ўспаміны. «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю „Свабоду“. Тое сталася звычкай і патрэбай душы».
«Быкаў на Свабодзе» (2004): слухаць аўдыёдыск
Збор выступаў клясыка беларускай літаратуры ў этэры Радыё Свабода
«Доўгая дарога дадому» (2010): слухаць аўдыёкнігу
Кніга мэмуараў народнага пісьменьніка Беларусі гучыць у аўтарскім выкананьні. Запіс зроблены ў 2002 годзе ў Празе ў студыі Радыё Свабода. Працягласьць гучаньня — 6 гадзін і 22 хвіліны, тыя самыя лічбы пазначаюць і дату сьмерці Васіля Быкава — 22 чэрвеня.
Форум