Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наш Быкаў». Уладзімер Някляеў: «Ня кожнаму ўдавалася так завяршыць свой шлях»


Уладзімер Някляеў ля магілы пісьменьніка Васіля Быкава. Менск, 19 чэрвеня 2009
Уладзімер Някляеў ля магілы пісьменьніка Васіля Быкава. Менск, 19 чэрвеня 2009

Сёньня сваімі ўспамінамі пра Васіля Быкава дзеліцца пісьменьнік і палітык Уладзімер Някляеў.

2024-ы — год Васіля Быкава. 19 чэрвеня — 100-годзьдзе пісьменьніка, якім можа ганарыцца кожны беларус. Пра сустрэчы і размовы зь ім, пра тое, які сьлед пакінулі ягоныя кнігі ў асабістых лёсах і лёсе ўсяго народу, у праекце Свабоды «Наш Быкаў» узгадваюць і разважаюць сябры, паплечнікі, чытачы.

Калі сёньня азірнуцца на апошнія гады жыцьця Васіля Быкава, дык падобна на тое, што ён зьбіраўся. Пачаўшы зьбірацца гады за два... А пазьней, ужо адчуўшы першыя імпульсы болю, адмаўляўся абсьледавацца. «Як ёсьць, — казаў, — так ёсьць. Як будзе, гэтак будзе». Пад самы канец напісаў кнігу ўспамінаў пра зямное сваё жыцьцё — і адышоў у вечнае.

Ня кожнаму ўдавалася так завяршыць свой шлях. У гэтым таксама выявіліся і грунтоўнасьць Быкава, і ягоная годнасьць.

У той дзень, калі ў шпіталі ў Празе яму зрабілі безвыніковую апэрацыю, разрэзалі і зашылі, я ў Хэльсынкі дапісаў раман «Лабух». Паставіўшы кропку ў якой-небудзь працяглай рабоце, адразу адчуваеш стомленасьць, якой не заўважаў, пакуль пісалася. Таму ў бліжэйшы час нечага новага пачынаць я не плянаваў, і,, як толькі Быкаў зазьбіраўся з Чэхіі дахаты (зразумела было, што паміраць), я таксама вырашыў ехаць. Каб даўжэй побач пабыць, падтрымаць, пагаварыць — колькі там засталося...

У Менску я быў раніцай 17 чэрвеня і, кінуўшы дома рэчы, адразу паехаў у Бараўляны. Па дарозе купіў на Камароўцы ружу і суніцы на сунічніку. Сьпелыя, пахкія, толькі што сарваныя...

Васіль Уладзімеравіч ляжаў на высокіх падушках — зьбялелы, схуднелы, зьнясілены хваробай. Відаць было, што ён на мяжы... Праглынуўшы камяк у горле, я аб заклад пабіўся, што ён даўно ня быў у суніцах — праз тое і прыхварэў... Падаў букецік, ён сарваў ягаду: «Праўда, даўно...»

Падключаны да жыцьця трубкамі і дратамі, ён не ўставаў. Я нахіліўся, пацалаваліся... Вочы ў яго былі жывымі, яснымі, пранізьлівымі. Такімі яны мне потым і прысьніліся — з паглядам з болю...

Аддаўшы ружу Ірыне Міхайлаўне, якая гаспадарыла ў палаце, я спытаўся ў Васіля Ўладзімеравіча, як ён думае: што ўсё ж на гэтым сьвеце чалавеку трэба? І ён адказаў, што зусім няшмат. Адно жыцьцё, адна сьмерць, адна кветка.

Прысеўшы да яго на ложак, я папрасіў прабачэньня за тое, што аднойчы павёўся ня лепшым чынам, змусіўшы яго гэта заўважыць і ўголас пра гэта сказаць...

Глянуўшы вочы ў вочы, ён адвярнуўся да сьцяны. Памаўчаў. Пасьля сказаў: «Дзякуй, Валодзя...»

Я ў той дзень быў у яго доўга... Гэтая апошняя нашая сустрэча стала сюжэтам прыпавесьці «Чмель і вандроўнік», напісанай адразу пасьля сьмерці Васіля Быкава. Там сказана пра ўсё найістотнейшае, у тым ліку пра тут згаданае, так што ня варта паўтарацца.

Пад разьвітаньне Васіль Уладзімеравіч спытаў, ці ўзяў я з сабой рукапіс рамана. Каб пакінуў, ён хацеў бы пачытаць... Рукапіс быў у мяне ў сумцы, у якую я палез — і дастаў каньяк (не раманам жа яму перад сьмерцю галаву тлуміць). Прафэсар Мураўёў, які то выходзіў з палаты, то вяртаўся да нас, ледзь не за рукі мяне схапіў: «Ні ў якім разе!..» Я наліў дзьве чаркі: «Прафэсар, за Быкава». Васіль Уладзімеравіч кіўнуў: «Я з вамі і за вас. Сымбалічна...»

Калі я, выходзячы, азірнуўся, Быкаў прыпадняў руку (падняць сіл не было) і ўзьняў вялікі палец. Як некалі ў Тампэрэ... І з гэтым жэстам між намі зачыніліся дзьверы. Навечна, не? Таго ня ўведаць.

Выйшаўшы, я спытаўся ў Мураўёва, ці балюча Быкаву? Рэальна, фізычна. Генадзь Мікалаевіч адказаў, што яшчэ як. Але трывае ён лепш за іншых.

Яшчэ я спытаў, ці былі якія спробы з боку ўлады яго наведаць?.. Каб зрабіць нешта, дапамагчы ці хоць бы, пакуль жывы, разьвітацца. Я ўжо не кажу — павініцца, прабачэньня папрасіць...

«Тут віцэ-прэм’ер адзін ляжыць, — кіўнуў на нейкія дзьверы Генадзь Мікалаевіч, — дык у таго штодня ўладныя наведвальнікі... А што да Быкава... Пазваніў аднойчы Урал Латыпаў, кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі. Спытаў, калі можна наведаць. Я так і не зразумеў, ад сябе ён ці ад некага...»

«І што?..»

«І ўсё, — скончыў Мураўёў. — Больш нічога».

Генадзь Мікалаевіч Мураўёў пазваніў мне з работы 22 чэрвеня ўвечары. Недзе пасьля шасьці. Сказаў, што ў яго праблема, якую ён ня ведае, як вырашыць. І хацеў бы са мной сустрэцца, каб параіцца.

Ён прыехаў з Бараўлянаў, сустрэліся і пайшлі па горадзе...

Быкаву засталося жыць, можа, да заўтра. Ён гэта адчуў і папрасіў Мураўёва, каб яго завезьлі дахаты. Бо хоча памерці ў сваім ложку.

Ува мне ўсё сьцялася: «Дык завязіце, Генадзь Мікалаевіч. Я б завёз, магу зрабіць гэта з вамі».

Мураўёў сказаў, што Быкаў, адключаны ад сыстэмы штучнай падтрымкі жыцьця, можа памерці (і хутчэй за ўсё памрэ) у машыне.

Тут была праблема. Для доктара яшчэ якая... Я спытаў: «А што Ірына Міхайлаўна?..» Мураўёў адказаў, што нічога. Ці Васіль Уладзімеравіч зь ёй пра гэта не гаварыў, ці яна баіцца і таксама ня ведае, якое прыняць рашэньне. Яна ж яшчэ спадзяецца...

Я сказаў Мураўёву, што, канешне, узяць такое на сябе ён ня можа. А сам вырашыў паехаць і пагаварыць з Ірынай Міхайлаўнай.

Не пасьпеў... Па дарозе, забегшы дамоў пераапрануцца, зазірнуў да Ніла Гілевіча. Проста словам перакінуцца, бо раптам стала ўсіх шкада, а ён гаротна адзіноціўся: ягоная жонка памірала ад той жа хваробы, што і Быкаў. Перагаварылі, я выйшаў — і ў пад’езьдзе сустрэў суседку, якая сказала, што мяне шукаюць, толькі што дамоў званілі: Васіль Уладзімеравіч памёр.

Было каля дзевяці вечара... Суседкай, якая паведаміла мне пра сьмерць Васіля Быкава, была пляменьніца Ўладзімера Караткевіча. Можа, і няма ў тым нічога, але нешта ёсьць... Асабліва калі прачытаць ва ўспамінах Быкава, як не даваў яму Караткевіч сумаваць, суцяшаў ва ўсіх жыцьцёвых клопатах і казаў, што абодва яны ў кнігах сваіх будуць жыць у народзе. Дадаючы, праўда, што сам народ, калі таго не захоча, можа і ня жыць...

(Фрагмэнты ўспамінаў Уладзімера Някляева, якія цалкам надрукаваны ў зборніку «Наш Быкаў». Менск, 2004)

Быкаў на Свабодзе: чытайце і слухайце

Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў (1924–2003) стаяў у першых шэрагах дэмакратычнага руху за нацыянальнае адраджэньне ў Беларусі. Ён удзельнічаў у стварэньні Беларускага народнага фронту (1988) і Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (1990), Беларускага Хэльсынскага камітэту (1995) і Беларускага ПЭН-цэнтру (1995). Пасьлядоўны крытык Аляксандра Лукашэнкі, Быкаў стаў сымбалем змаганьня зь ягоным аўтарытарным рэжымам. У 1995-м, пасьля гвалтоўнага разгону галадоўкі апазыцыйных дэпутатаў у Вярхоўным Савеце, ён заявіў аб «прэлюдыі фашыстоўскага перавароту», прадказаўшы, што «краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта».

Васіля Быкава, якога многія беларусы лічылі «сумленьнем нацыі», прыбралі зь дзяржаўных выданьняў, ягоныя кнігі перасталі друкаваць у дзяржаўных выдавецтвах. Пісьменьніка, намінаванага на Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры, прапагандысты шальмавалі, вымусіўшы ехаць у эміграцыю. На Беларусь ён вярнуўся цяжка хворым, усяго за месяц да сьмерці. Пахаваньне Быкава ператварылася ў шматтысячны жалобны мітынг праз цэнтар Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Апошнія 15 гадоў свайго жыцьця Радыё Свабода стала ці не асноўным каналам звароту Быкава да свайго народу. Нашыя слухачы першыя знаёміліся зь яго новымі творамі, а таксама думкамі, ацэнкамі і прагнозамі.

«Быкаў на Свабодзе» (2005): чытаць кнігу (PDF)

Інтэрвію, выступы беларускага клясыка на Радыё Свабода ў 1991–2003 гг., лісты, малюнкі, фота і ўспаміны. «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю „Свабоду“. Тое сталася звычкай і патрэбай душы».

«Быкаў на Свабодзе» (2004): слухаць аўдыёдыск

Збор выступаў клясыка беларускай літаратуры ў этэры Радыё Свабода

«Доўгая дарога дадому» (2010): слухаць аўдыёкнігу

Кніга мэмуараў народнага пісьменьніка Беларусі гучыць у аўтарскім выкананьні. Запіс зроблены ў 2002 годзе ў Празе ў студыі Радыё Свабода. Працягласьць гучаньня — 6 гадзін і 22 хвіліны, тыя самыя лічбы пазначаюць і дату сьмерці Васіля Быкава — 22 чэрвеня.

XS
SM
MD
LG