Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быкаў на Свабодзе. «Мы павінны назваць імёны катаў нашых ахвяр»


Васіль Быкаў з дэпутаткай Менскага гарсавету Галінай Вашчанкай на III зьезьдзе Беларускага Народнага Фронту. Менск, 1993 год. Фота Уладзімера Кармілкіна
Васіль Быкаў з дэпутаткай Менскага гарсавету Галінай Вашчанкай на III зьезьдзе Беларускага Народнага Фронту. Менск, 1993 год. Фота Уладзімера Кармілкіна

Да 100-годзьдзя з дня нараджэньня клясыка беларускай літаратуры і аднаго зь лідэраў руху за незалежнасьць Беларусі Васіля Быкава мы публікуем 100 цытат літаратара, прамоўленых у розныя гады ў этэрах Радыё Свабода.

Пра распад СССР

«Прызнацца шчыра — я ніколі на гэта не спадзяваўся. Я лічыў, што гэтая імпэрыя пабудаваная на многія дзесяцігодзьдзі, хаця канешне я не жадаў ёй удачы, шчасьця і даўгалецьця, але мяркуючы з таго, што мы перажывалі, чаму былі сьведкамі — нельга было ніяк прадбачыць яе такога хуткага развалу. Але, відаць, нейкія працэсы, незаўважныя, можа быць, для простага чалавечага вока, чалавечага розуму, адбываліся ўнутры, працэсы, якія раптам выбухнулі як брызантная граната — усё разьнесла на кавалкі. Значыць, гэтае ўнутранае, спантаннае напружаньне было вельмі вялікае, але зьнешне яно не выяўлялася». (1999)

Пра Гарбачова

«У тым зьвярынцы, да якога ён належаў, і ў якім ушчаў перабудову, кожная ягоная прамашка магла каштаваць жыцьця — яго асабістага, сямʼі, усяго роду. Асабліва пасьля таго, як ён дамогся ядзернага раззбраеньня і прадухіліў атамную вайну на Зямлі. Камуністы з генэральскімі лямпасамі, учоныя-атамшчыкі ў цывільным дараваць такога яму не маглі». (1999)

Пра савецкую эканоміку

«Вядома, што за гады сталінскіх ды іншых пяцігодак беларуская прамысловасьць была пераўтвораная ў так званую „адвёртачную“ вытворчасьць, у зборачны цэх імпэрскага ВПК. Напрыклад, калі ў Менску рабілі балты, дык гайкі ў іх наразалі на Урале (такі быў прынцып сацыялістычнай каапэрацыі), а пасьля гэты болт з навінчанай гайкай везьлі на Украіну, дзе яны выкарыстоўваліся на зборцы ракет, або касьмічных апаратаў, або танкаў, або авіяносцаў, або славутых „калашнікавых“… Але вось гнаць поўнапаточныя праграмы ракетна-ядзернага ўзбраеньня стала немагчыма, і наша родная прамысловасьць аблілася сьлязьмі; спыняюцца заводы, звальняюцца высокапрафэсыйныя спэцыялісты, няма грошай, няма камплектуючых, перакрылі газ і бэнзін. Гвалт, крах эканомікі! Таму хутчэй назад, у Саюз, у сыстэму калектыўнай бясьпекі, да старэйшага брата зь яго імпэрскай псыхалёгіяй». (1993)

Пра галасаваньне камуністаў за незалежнасьць

«Камуністычная намэнклятура тады спалохалася, а яна, як правільна некалі зазначыў Зянон Пазьняк, толькі ў стане спалоху і можа прыняць добрае рашэньне. Але гэты спалох паволі мінуўся — „дэмакраты“ аказаліся зусім лагоднымі, нікога ў Беларусі не арыштавалі, „паляваньня на ведзьмаў“ не дапусьцілі, і камуністычны Вярхоўны Савет ды ўрад хутка зразумелі, што „прадзешавілі“, што дарма паддаліся дружнаму напору жменькі апазыцыянэраў Народнага Фронту. З таго часу Вярхоўны Савет і ўрад пачалі працаваць на рэстаўрацыю. І калі гэтая рэстаўрацыя дагэтуль на адбылася цалкам, дык за гэта трэба дзякаваць зноў той жа жменьцы Апазыцыі БНФ, якая сваёй (я б сказаў, гераічнай) дзейнасьцю сарвала многія спробы такога кшталту». (1993)

Пра ўтварэньне БНФ

«Гэтая зьява — утварэньне Народнага Фронту — неардынарная, можа быць, гістарычная зьява — будзе дасьледаваная не адным пакаленьнем дасьледчыкаў, як трэба, апісаная ў літаратуры, ва ўсіх яе жанрах. Гэта — безумоўна. Таму што гэта вельмі важная падзея. Я б сказаў, гістарычная падзея на шляху, вельмі цярністым шляху нацыянальнага супраціўленьня таталітарызму… Усе мы адчувалі тады вялізны ўціск на сябе з боку ўлады. Я за ўсе свае гады жыцьця на Беларусі столькі разоў ня быў у ЦК і ў Вярхоўным Савеце, як у тыя некалькі тыдняў, калі мяне кожны дзень, відаць, вазілі туды на машыне і я там засядаў у кабінэтах, ну, а часьцей за ўсё — „адзін на адзін“. Гэта, канешне, былі вельмі непрыемныя сустрэчы. Непрыемныя ў тым сэнсе, што даводзілася даказваць такія рэчы, пра якія з разумнымі людзьмі, нармальнымі, проста ніякай гаворкі не магло быць». (1993)

Пра «разбуральны беларускі нацыяналізм»

«Гаворка пра „разбуральны беларускі нацыяналізм“ зусім беспадстаўная. Наш нацыяналізм цалкам заснаваны на стваральнай нацыянальнай тэндэнцыі і хаця скіраваны сваёй увагай на інтарэсы беларускай нацыі, але тое ня ў шкоду іншым нацыям, наадварот — на карысьць іхняму разьвіцьцю таксама. Беларусы валодаюць вялізным вопытам суладнага існаваньня зь іншымі нацыямі і маюць намер ім карыстацца надалей — на карысьць усім. Праблема гэтай справе найперш палягае ў адносінах да нас. Нашыя ж адносіны да расейцаў, палякаў, летувісаў, габрэяў, татараў ды іншых самыя спрыяльныя — як гэта і было на працягу многіх стагоддзяў нашага сумеснага існаваньня. За што беларусы і прыдбалі славу самага талерантнага народу ў Эўропе. Часам нават залішне талерантнага, як на маю думку. Асабліва да безумоўнага зла і насільля». (1993)

Пра празьмерна зацягнуты тэрмін увядзеньня Закону аб мовах

«Усе гэтыя законы, прынятыя былі афіцыйна Вярхоўным Саветам, і расьцягвалі, расьцягвалі на дзесяцігодзьдзе ўстанаўленьне дзяржаўнасьці беларускай мовы. Канешне, тады ўжо было відаць: ва ўмовах нестабільнасьці грамадзтва што можна разьлічваць на дзесяць год?» (1995)

Васіль Быкаў на мітынгу з нагоды Дзядоў на пачатку 1990-х гадоў. Фота з сайту vytoki.net
Васіль Быкаў на мітынгу з нагоды Дзядоў на пачатку 1990-х гадоў. Фота з сайту vytoki.net

Пра Курапаты

«Апрача дарагіх магілаў блізкіх, для беларусаў ёсьць яшчэ ўсеагульны нацыянальны сакральны сымбаль — Курапаты. Хаця сымбалі ў нас не ў пашане, яны традыцыйна бурацца кожнага часу, кожнае стагодзьдзе — і касьцёлы, і цэрквы, і могілкі, але затое ёсьць літаратура, ёсьць пісьменнасьць, гістарыяграфія, дзе ўсё гэта надзейна захоўваецца. І нават у гэтым сэнсе я хацеў бы сказаць, што і Курапаты, незалежна ад таго, ці будуць яны нейкім чынам ушанаваныя ўладамі — што, канечне, вельмі сумніўна — тым ня менш яны ўжо ёсьць. Ёсьць сакральны вялікі сымбаль нацыянальнай гісторыі Беларусі. Таму сёньня я хацеў бы далучыцца да тых, хто паставіць сьвечкі ў Курапатах». (2001)

Пра абавязак перад пакаленьнямі

«Урэшце прыйшоў час сказаць людзям праўду і зрабіць зь яе пэўныя высновы. Найперш, праўду трэба сказаць пра мільёны безыменных людзей Беларусі, рабочых, калгасьнікаў, інтэлігентаў з народа, беларусах, рускіх, паляках, яўрэях, людзях іншых нацыянальнасьцяў, панішчаных у гады сталіншчыны бяз віны, бяз права, бяз сьледу ў народнай памяці. Сымбалем тых, панішчаных, сёньня сталі ўжо славутыя Курапаты. Але Курапаты толькі адна кропля ў моры людзкой крыві. Мы павінны таксама назваць імёны катаў нашых ахвяр. Хто былі гэтыя нелюдзі? Як даўно вядома, кат і ахвяра інфэрнальным чынам зьвязаныя між сабой, і чалавецтва павінна ведаць і памятаць абодвух… У тым наш сьвяты абавязак перад гісторыяй, маральны абавязак перад наступнымі пакаленьнямі, каб ім не давялося дакараць нас за тое, што мы мелі магчымасьці і ўпусьцілі яе. Мабыць, ніхто з нашых папярэднікаў ня меў такой магчымасьці, якую лёс ці гісторыя далі нам, і было б найвялікшай гістарычнай несправядлівасьцю ня выкарыстаць яе». (1988)

Пра парлямэнцкую Апазыцыю БНФ і Незалежнасьць

«Вядома, што кожная гістарычная зьява набывае сваё выразнае разуменьне з адлегласьці часу. У маштабах гісторыі вельмі цяжка зблізку зразумець тое ці іншае. Асабліва такую зьяву лёсавызначальную, як сувэрэннасьць, скажам, той ці іншай краіны. Або яе шлях да гэтай сувэрэннасьці… Што ж датычыцца Апазыцыі ў Вярхоўным Савеце, то я думаю, што ў тых умовах, у той час менавіта Апазыцыя Беларускага Народнага Фронта зрабіла гераічны ўчынак з таго, што дамаглася менавіта гэтай сувэрэннасьці. Гэта, канешне, яе заслуга. І чым далей, незалежна ад таго, чым гэта скончыцца — незалежна ад гэтага — ад лёсу Беларусі наогул, зноў жа, у гістарычным вымярэньні гэта будзе вельмі значна і гэта будзе ацэнена праз вякі». (1997)

Пра прычыны і вынікі рэфэрэндуму аб беларускай мове

«Пачалася апантаная барацьба за захаваньне нацыянальнай мовы. Мы зразумелі, што калі страцім гэты момант, дык наша мова зьнікне праз некалькі гадоў ва ўмовах рэанімацыі таталітарызму і пагрозы рэінтэграцыі ў адзіную імпэрыю. Але і ворагі нацыянальнай ідэі разумелі сытуацыю і зрабілі контрадзеяньні. Адным з рашучых дзеяньняў стаў рэфэрэндум, на якім пад выглядам раўнапраўя моваў была атрыманая фармальная згода народа на палітыку фактычнага зьнішчэньня беларускай мовы. І зараз гэтая палітыка выканаўчай уладай праводзіцца вельмі актыўна. Я ня бачу якіх-небудзь надзеяў на лепшае ў бліжэйшы час». (1996)

Укладаньне цытат — Сяргей Навумчык.

Быкаў на Свабодзе: чытайце і слухайце

Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў (1924–2003) стаяў у першых шэрагах дэмакратычнага руху за нацыянальнае адраджэньне ў Беларусі. Ён удзельнічаў у стварэньні Беларускага народнага фронту (1988) і Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (1990), Беларускага Хэльсынскага камітэту (1995) і Беларускага ПЭН-цэнтру (1995). Пасьлядоўны крытык Аляксандра Лукашэнкі, Быкаў стаў сымбалем змаганьня зь ягоным аўтарытарным рэжымам. У 1995-м, пасьля гвалтоўнага разгону галадоўкі апазыцыйных дэпутатаў у Вярхоўным Савеце, ён заявіў аб «прэлюдыі фашыстоўскага перавароту», прадказаўшы, што «краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта».

Васіля Быкава, якога многія беларусы лічылі «сумленьнем нацыі», прыбралі зь дзяржаўных выданьняў, ягоныя кнігі перасталі друкаваць у дзяржаўных выдавецтвах. Пісьменьніка, намінаванага на Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры, прапагандысты шальмавалі, вымусіўшы ехаць у эміграцыю. На Беларусь ён вярнуўся цяжка хворым, усяго за месяц да сьмерці. Пахаваньне Быкава ператварылася ў шматтысячны жалобны мітынг праз цэнтар Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Апошнія 15 гадоў свайго жыцьця Радыё Свабода стала ці не асноўным каналам звароту Быкава да свайго народу. Нашыя слухачы першыя знаёміліся зь яго новымі творамі, а таксама думкамі, ацэнкамі і прагнозамі.

«Быкаў на Свабодзе» (2005): чытаць кнігу (PDF)

Інтэрвію, выступы беларускага клясыка на Радыё Свабода ў 1991–2003 гг., лісты, малюнкі, фота і ўспаміны. «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю „Свабоду“. Тое сталася звычкай і патрэбай душы».

«Быкаў на Свабодзе» (2004): слухаць аўдыёдыск

Збор выступаў клясыка беларускай літаратуры ў этэры Радыё Свабода

«Доўгая дарога дадому» (2010): слухаць аўдыёкнігу

Кніга мэмуараў народнага пісьменьніка Беларусі гучыць у аўтарскім выкананьні. Запіс зроблены ў 2002 годзе ў Празе ў студыі Радыё Свабода. Працягласьць гучаньня — 6 гадзін і 22 хвіліны, тыя самыя лічбы пазначаюць і дату сьмерці Васіля Быкава — 22 чэрвеня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG