Пра беларусаў у часе вайны
«Калі б немцы былі разумнейшыя, далі беларусам зямлю і вярнулі ўласнасьць, дык і беларусы, мабыць, паводзілі б сябе інакш. Прынамсі, як літоўцы, латышы ці эстонцы. Як украінцы нарэшце. Аралі б зямлю, гадавалі дзяцей і плюнулі на бандыцкую партызанку. Тое, што побач нішчылі яўрэяў, іх ня надта турбавала — абы саміх не чапалі. Але ж зачапілі і саміх — пачалі паліць-нішчыць. У тым немцам дужа памагла партызанка — дала падставу. I запалалі хаты. Тут Гітлер са Сталіным былі ў адным хаўрусе, хаўрусе вынішчэньня. Тое, што недарабіў Сталін у 30-я гады, даканаў Гітлер на пачатку 40-х. Беларусь ляжала ў руінах. А затым пачалася эпапэя аднаўленьня». (2002)
Пра падпольшчыкаў
«Падпольлі былі розныя, гэта безумоўна. Ну, але рэч у тым, што камуністы, як выразьнікі таталітарызму, яны не маглі прызнаць нікога побач з сабой, апроч сваіх людзей. І таму мы ведаем, як берыеўскія органы выдавалі сваім калегам з гестапа падпольшчыкаў Менску, якія тут арганізаваліся самастойна, не пад эгідай маскоўскіх чэкісцкіх органаў, а проста з патрыятычных меркаваньняў, каб змагацца зь нямецкімі захопнікамі. Але вось іменна гэтая непадлеглая барацьба была, відаць, непрымальная для чэкістаў, для Берыі са Сталіным, і яны змагаліся з гэтым падпольлем — неафіцыйным, альтэрнатыўным, ці, як яго можна назваць, патрыятычным, беларускім падпольлем — з такой жа лютасьцю, як і зь нямецкімі фашыстамі. Гэта, канечне, яшчэ адна трагічная старонка вайны, якая не раскрытая дагэтуль ні ў літаратуры, ні ў гістарыяграфіі». (1995)
Пра партызанска-чэкісцкія мэтады кіраўніцтва БССР
«У 1944 годзе, улетку, пасьля вызваленьня Беларусі, народ, мужчыны (прынамсі, прызыўнога ўзросту) пайшлі ў войска, у савецкую армію, працягвалі барацьбу на франтах, у тым ліку і многія партызаны. Многія зь іх загінулі пасьля ва Ўсходняй Прусіі, пад Варшавай, а таксама ў Бэрліне. Але — кіраўніцтва партызанскае, чэкісцкае кіраўніцтва было пакінутае тут, незалежна ад таго, пражывалі яны на гэтай тэрыторыі да вайны, ці тут апынуліся да пачатку вайны выпадкова… Натуральна, што партызанскія камандзіры занялі ўсе кіраўнічыя пасады па лініі савецкай улады, па лініі партыйнай улады, па лініі органаў НКВД і ва ўсіх іншых „органах“… І кіравалі яны рэспублікай ранейшымі партызанска-чэкісцкімі мэтадамі». (1995)
Пра Нюрнбэрскі працэс
«У старажытным нямецкім Нюрнбэргу, гэтай калысцы нацызму, антыфашысцкая супольнасьць сьвету прадэманстравала згоду і волю новага кшталту. Прысуд міжнароднага трыбуналу пачуцьцём справядлівасьці лёг на душу ўсяго чалавецтва… Тады мы былі далёкія ад думкі, што ня менш страшнае зло — засталося ня толькі не кранутае ні вайной, ні пэўным прысудам, але яшчэ і ўзмоцненае нашай крывёй і менавіта нашай перамогай над фашызмам. Нашая грамадзкая сьвядомасьць была далёкая ад разуменьня ўласнай віны, асабліва ў дачыненьні да народаў Усходняй Эўропы, якім на паўсотні год мы прынесьлі новае заняволеньне, і якія трапілі, так бы мовіць, з нацысцкага агню ў бальшавіцкае полымя». (1996)
Пра ХХ зьезд КПСС, які адбыўся ў 1956
«З вышыні сёньняшняга дня мы бачым, наколькі наіўнымі былі нашыя намеры і ілюзіі таго часу. Што датычна ХХ зьезду, дык гэта, можа быць, першы пэрыяд зрухаў у дачыненьні да нашага сталінскага мінулага. У нейкай ступені ў масавай сьвядомасьці быў разбураны маналіт сталінізму. І ўпершыню, найперш у пэўных слаях творчай інтэлігенцыі зьявіўся нейкі прагрэс. Наступныя замаразкі шмат што адкідваюць назад, але тым ня менш зерне спадзяваньняў, якія пасеяў ХХ зьезд, далі свае парасткі раней, чым надышло брэжнеўскае пахаладаньне. І таму, калі цяпер гавораць пра „шасьцідзясятнікаў“ як пра пакаленьне абсалютна недзеяздольнае, я думаю, што гэта няслушна: усе пакаленьні нешта зрабілі, далі нейкі ўнёсак у пераадоленьне таталітарызму. Іншая справа, што не атрымалася так, як трэба было». (1996)
Пра ліквідацыю супрацьстаяньня з Захадам
«Найбольшыя перамены адбыліся менавіта ў „гарбачоўскія“ гады, калі было ліквідавана супрацьстаяньне з Захадам, дасягнутыя вельмі важныя дамоўленасьці з Амэрыкай. Гэтыя зьявы, можа быць, і не далі імгненнага выніку. Але іх уплыў адчуваецца і цяпер. Самым важным, канешне, была ліквідацыя супрацьстаяньня, канфрантацыі з Захадам, раззбраеньне». (1996)
Пра ролю Расеі
«Роля Расеі ў нашай гісторыі добра вядомая. Тут усё амаль на паверхні. Каб тое зразумець, вялікіх намаганьняў ня трэба. Кажуць, што іншых дачыненьняў, чым тыя, што стагоддзямі былі між Беларусяй і Расеяй і не магло быць, ужо хоць бы з рознасьці патэнцыялаў вялікай і малой нацыі. Увогуле гэта правільна: вялікі ня роўня малому, бедны — багатаму не таварыш». (1993)
Пра Ўкраіну
«Мне заўсёды — напэўна, яшчэ з маладых гадоў, баліць душа за Ўкраіну. І я б вельмі жадаў, каб украінскі народ дажыў да радаснага дня, хай ён і не надыдзе для ўсіх адразу. Бо я лічу, што ўкраінскі народ сьветлай і радаснай будучыні заслугоўвае. Я жадаю, каб гэтая радасная будучыня надышла як найхутчэй». (2002)
Пра адабраную перамогу
«Адзінае добрае, што зьдзейсьнілі старэйшыя пакаленьні ў ХХ стагодзьдзі, сапраўды была гэтая перамога над нямецкім нацызмам… Але ўзьнікаюць сумненьні і ў перамозе — найперш у яе імпэратыўнай адназначнасьці. Ад чаго яна пазбавіла чалавецтва — мы ведаем. І тое, можа быць, не падлягае сумневу. Але што зь ёю мы набылі? Усё ж кожная перамога павінная ня толькі ўзяць, але і даць. Краіны пераможаныя — Нямеччына, Італія, Японія — стрывалі паразу і менавіта праз тое атрымалі магчымасьць для небывалага росквіту эканомікі, свабоды і дэмакратыі. А мы, пераможцы, дагэтуль ня можам дамагчыся элемэнтарнай свабоды, ня можам накарміць сябе. Можна сказаць, што здабыўшы перамогу, мы не здабылі свабоды. Але без свабоды чаго вартая кожная бліскучая перамога кожнага грамадзтва?» (2001)
Пра камунізм
«Камунізм ніякай рэфармацыі не паддаецца. Таксама, зрэшты, як і вытворная ад яго эканоміка. Яго можна толькі або прыняць, як безумоўную даннасьць, альбо адкінуць да рэшты. Адаптаваць яго да якой-небудзь іншай сацыяльнай сыстэмы нельга, аб тым сьведчыць увесь даволі працяглы вопыт у абыходжаньні з гэтай палітычнай зьявай. І калі некаторыя людзі дзеляць ягоных прыхільнікаў на камуністаў і бальшавікоў, на памяркоўных марксыстаў-палітэканомаў і радыкальных трацкістаў-рэвалюцыянэраў, дык тым самым упадаюць у схалястыку: вялікай розьніцы паміж гэтымі разнастайнасьцямі няма. На практыцы клясычнае ўвасабленьне камунізму — гэта гвалт, кроў, татальны чэкізм». (1993)
Пра Радыё Свабода
«Радыё Свабода ў маім жыцьці адыграла вялікую ролю. Яшчэ даўно, калі яго „глушылі“, я заўсёды яго слухаў. Але справа ня толькі ў ва мне. Яго ўплыў на грамадзкую сьвядомасьць — і элітарную, і масавую — у Савецкім Саюзе быў калясальным. Нават былі размовы ня так даўно пра вылучэньне радыё „Свабода“ на Нобэлеўскую прэмію. Спадзяюся, да гэтага яшчэ вернуцца. Было вельмі сумна даведацца, што Кангрэс ЗША некалькі зьмяніў сваё стаўленьне да радыё „Свабода“ і ва ўмовах „пацяпленьня“ палічыў магчымым аслабіць яго функцыю. Я думаю, што цяпер, калі ў шмат якіх рэспубліках былога СССР сродкі масавай інфармацыі губляюць нават мінімальныя магчымасьці інфармаваць грамадзтва, роля Радыё Свабода толькі ўзрастае. Вас слухаюць». (1996)
Укладаньне цытат — Сяргей Навумчык.
Быкаў на Свабодзе: чытайце і слухайце
Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў (1924–2003) стаяў у першых шэрагах дэмакратычнага руху за нацыянальнае адраджэньне ў Беларусі. Ён удзельнічаў у стварэньні Беларускага народнага фронту (1988) і Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (1990), Беларускага Хэльсынскага камітэту (1995) і Беларускага ПЭН-цэнтру (1995). Пасьлядоўны крытык Аляксандра Лукашэнкі, Быкаў стаў сымбалем змаганьня зь ягоным аўтарытарным рэжымам. У 1995-м, пасьля гвалтоўнага разгону галадоўкі апазыцыйных дэпутатаў у Вярхоўным Савеце, ён заявіў аб «прэлюдыі фашыстоўскага перавароту», прадказаўшы, што «краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта».
Васіля Быкава, якога многія беларусы лічылі «сумленьнем нацыі», прыбралі зь дзяржаўных выданьняў, ягоныя кнігі перасталі друкаваць у дзяржаўных выдавецтвах. Пісьменьніка, намінаванага на Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры, прапагандысты шальмавалі, вымусіўшы ехаць у эміграцыю. На Беларусь ён вярнуўся цяжка хворым, усяго за месяц да сьмерці. Пахаваньне Быкава ператварылася ў шматтысячны жалобны мітынг праз цэнтар Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Апошнія 15 гадоў свайго жыцьця Радыё Свабода стала ці не асноўным каналам звароту Быкава да свайго народу. Нашыя слухачы першыя знаёміліся зь яго новымі творамі, а таксама думкамі, ацэнкамі і прагнозамі.
«Быкаў на Свабодзе» (2005): чытаць кнігу (PDF)
Інтэрвію, выступы беларускага клясыка на Радыё Свабода ў 1991–2003 гг., лісты, малюнкі, фота і ўспаміны. «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю „Свабоду“. Тое сталася звычкай і патрэбай душы».
«Быкаў на Свабодзе» (2004): слухаць аўдыёдыск
Збор выступаў клясыка беларускай літаратуры ў этэры Радыё Свабода
«Доўгая дарога дадому» (2010): слухаць аўдыёкнігу
Кніга мэмуараў народнага пісьменьніка Беларусі гучыць у аўтарскім выкананьні. Запіс зроблены ў 2002 годзе ў Празе ў студыі Радыё Свабода. Працягласьць гучаньня — 6 гадзін і 22 хвіліны, тыя самыя лічбы пазначаюць і дату сьмерці Васіля Быкава — 22 чэрвеня.