2024-ы — год Васіля Быкава. 19 чэрвеня — 100-годзьдзе пісьменьніка, якім можа ганарыцца кожны беларус. Пра сустрэчы і размовы зь ім, пра тое, які сьлед пакінулі ягоныя кнігі ў асабістых лёсах і лёсе ўсяго народу, у праекце Свабоды «Наш Васіль Быкаў» успамінаюць і разважаюць сябры, паплечнікі, чытачы.
Мне цяжка чытаць Васіля Быкава. Ня толькі цяпер, калі на зямлі суседкі Ўкраіны дзясяты год ідзе крывавая вайна. Такое ўспрыманьне ягонай прозы было ад самага пачатку майго чытацкага досьведу, здаецца, яшчэ ад «Альпійскай баляды».
Дзіця першых паваенных гадоў, я ўвабрала трагізм і разуменьне жаху ды непрадказальнасьці жыцьця пад акупацыяй ад бацькоў і бабулі, суседзяў, якія засталіся жывыя, але з маральнымі траўмамі. Яны памяталі ўсіх сваякоў і суседзяў, згінулых у віхуры вайны ды ранейшай гвалтоўнай калектывізацыі. Размовы былі рэдкія, вельмі стрыманыя, асьцярожныя. Асабліва пры дзецях. Нават сьлязу жанчыны выціралі ўпотай, краем хусткі.
А дзяржаўная прапаганда пасьлядоўна вяла сваю «лінію» гераізацыі «Вялікай Айчыннай». Пра Другую сусьветную ніхто і ня згадваў. У самы першы для мяне школьны дзень настаўніца (яе звалі Вольга Іванаўна) павяла нас на ўскраіну паселішча, дзе за драўляным плотам было пахаваньне зь пірамідкай і чырвонай зоркай. Ня памятаю, быў гэта загінулы партызан ці салдат, але «ён аддаў жыцьцё за нас, — сказала настаўніца, — каб вайна ніколі не паўтарылася». І я шмат гадоў была пэўная, што маё пакаленьне заўсёды жыцьме пад мірным небам.
Васіль Быкаў, адрозна ад многіх іншых пісьменьнікаў савецкай Беларусі, якія пісалі пра фронт і партызанку, быў на той самай эмацыйнай хвалі, што й мае старэйшыя сваякі ды суседзі. Ён быў народны па сутнасьці, па сьветаадчуваньні, па разуменьні адвечных каштоўнасьцяў. Званьні і ўзнагароды ўлада давала яму як бы наўздагон, каб прыўлашчыць тое, што мае сілу ды веліч незалежна ад яе.
Кожны новы твор Васіля Быкава выклікаў захапленьне адных і раздражненьне другіх... Ідэолягі пачыналі «закручваць гайкі» кожны раз, калі Радыё Свабода ўхвальна ацэньвала творчасьць пісьменьніка, і патрабавалі ад журналістаў ды літаратурных крытыкаў разгромных рэцэнзій. Прафэсар Янкоўскі з трыбуны пісьменьніцкага зьезду крытыкаваў яго за шматлікія русізмы ў апісаньні вайсковага побыту. Бібліятэкаркі жаліліся: «Чытала ўсю ноч і плакала...»
Першы раз мы выпадкова сустрэліся на мастацкай выставе ў Горадні, нават перакінуліся словам ля пяшчотных веснавых краявідаў. І толькі пазьней да мяне дайшло, што маім суразмоўцам, нешматслоўным інтэлігентным чалавекам, быў ужо вядомы на ўвесь Савецкі Саюз пісьменьнік.
Бліжэй лёс зьвёў нас у канцы 1980-х. Шмат кім згаданае ў публікацыях галасаваньне пры стварэньні аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту і для мяне стала яркай, запамінальнай карцінкай. Звонку гэта было проста захаваньне працэдуры вядзеньня сходу: калі абвешчана галасаваньне, выступы спыняюцца да яго завяршэньня. А па сутнасьці жэст і словы Быкава былі выказваньнем волі, рашучасьці ў абароне свабоды, закону, правоў чалавека, якія чарговы раз імкнуўся парушыць прадстаўнік камуністычнай намэнклятуры. Як прыгожа і годна выглядаў у гэтым моманце Васіль Уладзімеравіч! Калі галасаваньне скончылася, ён ветліва даў чыноўніку мікрафон. Але гаварыць ужо не было чаго...
Фронтаўскія справы зводзілі нас то на пасяджэньнях Сойму, то на нейкіх сустрэчах з высокімі гасьцямі. Васіль Уладзімеравіч прамаўляў вельмі рэдка. Заўсёды ўважліва слухаў. Адчувалася, што жыцьцёвы досьвед не дае яму такога эмацыйнага аптымізму, якім кіпелі маладзейшыя. Ён бачыў глыбей... Але ж і яго душа прагла, каб Беларусь «заняла свой пачэсны пасад між народамі». І ён працягваў пісаць, гаварыць, пераконваць... Змагацца сваім талентам за незалежную Беларусь.
Гарачым чэрвеньскім днём, ідучы ў шматтысячнай грамадзе па цэнтральным менскім праспэкце, я разьвітвалася зь пісьменьнікам і грамадзкім дзеячам Васілём Быкавым. Але ягоныя кнігі засталіся са мною. Хоць іх цяжка чытаць. Балюча...
Быкаў на Свабодзе: чытайце і слухайце
Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў (1924–2003) стаяў у першых шэрагах дэмакратычнага руху за нацыянальнае адраджэньне ў Беларусі. Ён удзельнічаў у стварэньні Беларускага народнага фронту (1988) і Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (1990), Беларускага Хэльсынскага камітэту (1995) і Беларускага ПЭН-цэнтру (1995). Пасьлядоўны крытык Аляксандра Лукашэнкі, Быкаў стаў сымбалем змаганьня зь ягоным аўтарытарным рэжымам. У 1995-м, пасьля гвалтоўнага разгону галадоўкі апазыцыйных дэпутатаў у Вярхоўным Савеце, ён заявіў аб «прэлюдыі фашыстоўскага перавароту», прадказаўшы, што «краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта».
Васіля Быкава, якога многія беларусы лічылі «сумленьнем нацыі», прыбралі зь дзяржаўных выданьняў, ягоныя кнігі перасталі друкаваць у дзяржаўных выдавецтвах. Пісьменьніка, намінаванага на Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры, прапагандысты шальмавалі, вымусіўшы ехаць у эміграцыю. На Беларусь ён вярнуўся цяжка хворым, усяго за месяц да сьмерці. Пахаваньне Быкава ператварылася ў шматтысячны жалобны мітынг праз цэнтар Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Апошнія 15 гадоў свайго жыцьця Радыё Свабода стала ці не асноўным каналам звароту Быкава да свайго народу. Нашыя слухачы першыя знаёміліся зь яго новымі творамі, а таксама думкамі, ацэнкамі і прагнозамі.
«Быкаў на Свабодзе» (2005): чытаць кнігу (PDF)
Інтэрвію, выступы беларускага клясыка на Радыё Свабода ў 1991–2003 гг., лісты, малюнкі, фота і ўспаміны. «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю „Свабоду“. Тое сталася звычкай і патрэбай душы».
«Быкаў на Свабодзе» (2004): слухаць аўдыёдыск
Збор выступаў клясыка беларускай літаратуры ў этэры Радыё Свабода
«Доўгая дарога дадому» (2010): слухаць аўдыёкнігу
Кніга мэмуараў народнага пісьменьніка Беларусі гучыць у аўтарскім выкананьні. Запіс зроблены ў 2002 годзе ў Празе ў студыі Радыё Свабода. Працягласьць гучаньня — 6 гадзін і 22 хвіліны, тыя самыя лічбы пазначаюць і дату сьмерці Васіля Быкава — 22 чэрвеня.
Форум