Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наш Быкаў». Аляксандар Лукашук: «Быкаў — самы вялікі чалавек, якога я сустракаў»


Васіль Быкаў і Аляксандар Лукашук
Васіль Быкаў і Аляксандар Лукашук

Сёньня сваімі ўспамінамі пра Васіля Быкава дзеліцца Аляксандар Лукашук, дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода ў 1998–2023 гадох.

2024-ы — год Васіля Быкава. 19 чэрвеня — 100-годзьдзе пісьменьніка, якім можа ганарыцца кожны беларус. Пра сустрэчы і размовы зь ім, пра тое, які сьлед пакінулі ягоныя кнігі ў асабістых лёсах і лёсе ўсяго народу, у праекце Свабоды «Наш Быкаў» узгадваюць і разважаюць сябры, паплечнікі, чытачы.

«Саша, дарагі дружа», — так пачынаўся адзін зь лістоў Васіля Быкава да мяне, і я дагэтуль ніякавею, калі ўзгадваю гэты незаслужаны зварот і разьвітальнае, перад подпісам, «абдымаю».

Гэтая кранальная, рэдкая для Быкава праява сантымэнту завяршала іншы ліст, дзе ён адгукаўся на маё прызначэньне дырэктарам Беларускай службы:

«Найперш — маё Вам віншаваньне з высокай і вельмі важнай пасадай, якая па цяперашнім часе робіцца ўсё болей важкай». Быкаў называў рэдакцыю «магутнай кучкай, роля якой у беларускай гісторыі вельмі проста можа аказацца большай, чым тых, што мітусяцца на радзіме».

Дзесяць гадоў перад тым Быкаў напісаў прадмову да маёй першай кніжкі «Зьдзек», якая была прысьвечаная жыцьцю ў сталінскай Беларусі, потым рэкамэндацыю ў Гарвард, і ўжываў такія вызначэньні, што паўтарыць тут іх я не магу.

Я любіў Быкава. Люблю. Перачытваю, чытаю, чую голас. Гэта самы вялікі чалавек, якога я сустракаў. Рэч не ў параўнаньні, напрыклад, з кампазытарам Дзьмітрыем Шастаковічам, які частаваў мяне цукеркамі, прэзыдэнтам Вацлавам Гавэлам ці знаёмымі нобэлеўскімі ляўрэатамі — Алексіевіч, Бродзкім, Бяляцкім. На такой вышыні няма параўнаньняў, ёсьць сугучча.

Быкаў ніколі не адмаўляў Свабодзе ў інтэрвію, камэнтары, удзельнічаў у круглых сталах. У 1997-м ён уручаў мне прэмію імя Францішка Багушэвіча за мае кніжкі. Ён хварэў, абвастрылася астма, але прыйшоў на імпрэзу ў музэй Янкі Купалы, каб асабіста ўшанаваць пераможцаў. Як салдат, які мусіць рабіць сваю справу, бо гэта тое, што трэба рабіць.

У мяне захоўваецца падпісанае ім пасьведчаньне № 57 сябра Беларускага ПЭНу. Я адвёз яго ў праскі шпіталь, дзе пачалося змаганьне з фатальнай хваробай. У чэрвені 2003 году я выступаў на ягоным пахаваньні і змог знайсьці толькі містычную лексыку: «Не пакідай нас, анёл...» Больш такога ўсенароднага разьвітаньня я не пабачу ніколі.

У 2002 годзе Быкаў прыслаў мне свае ўспаміны, якія я, як і іншыя сябры, некалькі год прасіў яго напісаць. Мы запрасілі яго з жонкай у Прагу, і ён прыехаў, тыдзень хадзіў на радыё, як на працу, начытваў. Гэтыя шэсьць гадзінаў — самы вялікі запіс ягонага голасу, які існуе. Самы прыгожы і незабыўны, пад песьню на словы Янкі Купалы «Шумныя бярозы», якую сьпяваў Данчык:

Ой, пайду я ў поле,

Як бы на вайну,

Шукаючы волю,

Шаблячкай махну!

Быкаў найбольш любіў Купалу. Іх мастацкі сьвет існуе ў адных вымярэньнях, туды можна пайсьці, але немагчыма вярнуцца.

Адна зь першых кніг нашай «Бібліятэкі» называецца «Быкаў на Свабодзе» і выйшла двума выданьнямі. Апублікаваныя ягоныя лісты мне, нашым калегам, якія напісалі свае ўспаміны, — зь іх відаць, якім слухачом быў Быкаў, што значыла Свабода ў яго жыцьці.

У шпіталі Свабода дрэнна лавілася, і мы прывозілі яму запісы сьвежых радыёперадачаў, і драты навушнікаў блыталіся з мэдычным рыштункам, які ратаваў яму жыцьцё. Ён і нам такім чынам тлумачыў, што такое Свабода. Часам — напрасткі, як гэтымі двума, магчыма, самымі музычнымі і магічнымі сказамі, ім напісанымі: «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю Свабоду. Тое сталася звычкай і патрэбай душы».

(Фрагмэнт з новай кнігі Аляксандра Лукашука «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода», якая выйшла ў праскім выдавецтве «Вясна» ў траўні 2024-га).

Быкаў на Свабодзе: чытайце і слухайце

Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў (1924–2003) стаяў у першых шэрагах дэмакратычнага руху за нацыянальнае адраджэньне ў Беларусі. Ён удзельнічаў у стварэньні Беларускага народнага фронту (1988) і Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (1990), Беларускага Хэльсынскага камітэту (1995) і Беларускага ПЭН-цэнтру (1995). Пасьлядоўны крытык Аляксандра Лукашэнкі, Быкаў стаў сымбалем змаганьня зь ягоным аўтарытарным рэжымам. У 1995-м, пасьля гвалтоўнага разгону галадоўкі апазыцыйных дэпутатаў у Вярхоўным Савеце, ён заявіў аб «прэлюдыі фашыстоўскага перавароту», прадказаўшы, што «краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта».

Васіля Быкава, якога многія беларусы лічылі «сумленьнем нацыі», прыбралі зь дзяржаўных выданьняў, ягоныя кнігі перасталі друкаваць у дзяржаўных выдавецтвах. Пісьменьніка, намінаванага на Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры, прапагандысты шальмавалі, вымусіўшы ехаць у эміграцыю. На Беларусь ён вярнуўся цяжка хворым, усяго за месяц да сьмерці. Пахаваньне Быкава ператварылася ў шматтысячны жалобны мітынг праз цэнтар Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Апошнія 15 гадоў свайго жыцьця Радыё Свабода стала ці не асноўным каналам звароту Быкава да свайго народу. Нашыя слухачы першыя знаёміліся зь яго новымі творамі, а таксама думкамі, ацэнкамі і прагнозамі.

«Быкаў на Свабодзе» (2005): чытаць кнігу (PDF)

Інтэрвію, выступы беларускага клясыка на Радыё Свабода ў 1991–2003 гг., лісты, малюнкі, фота і ўспаміны. «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю „Свабоду“. Тое сталася звычкай і патрэбай душы».

«Быкаў на Свабодзе» (2004): слухаць аўдыёдыск

Збор выступаў клясыка беларускай літаратуры ў этэры Радыё Свабода

«Доўгая дарога дадому» (2010): слухаць аўдыёкнігу

Кніга мэмуараў народнага пісьменьніка Беларусі гучыць у аўтарскім выкананьні. Запіс зроблены ў 2002 годзе ў Празе ў студыі Радыё Свабода. Працягласьць гучаньня — 6 гадзін і 22 хвіліны, тыя самыя лічбы пазначаюць і дату сьмерці Васіля Быкава — 22 чэрвеня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG