Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быкаў на Свабодзе. «Стварэньне „саюзнай дзяржавы“ — злачынства стагодзьдзя»


Васіль Быкаў выступае на мітынгу з нагоды Дня Волі ля Опэрнага тэатру ў Менску. Побач зь ім — Вінцук Вячорка (справа) і Лявон Баршчэўскі. 24 сакавіка 1996 году
Васіль Быкаў выступае на мітынгу з нагоды Дня Волі ля Опэрнага тэатру ў Менску. Побач зь ім — Вінцук Вячорка (справа) і Лявон Баршчэўскі. 24 сакавіка 1996 году

Да 100-годзьдзя з дня нараджэньня клясыка беларускай літаратуры і аднаго зь лідэраў руху за незалежнасьць Беларусі Васіля Быкава мы публікуем 100 цытат літаратара, прамоўленых у розныя гады ў этэрах Радыё Свабода.

Пра тое, ці патрэбны Быкаў Лукашэнку

«Я ў Менску не магу пісаць. Па-першае, у мяне халодная кватэра. Я там з маімі хворымі лёгкімі вельмі хутка загнуся, таму што ў Менску ўказам прэзыдэнта ўведзены максымум тэмпэратуры — 12 градусаў… Яму не патрэбны Быкаў. У яго ёсьць згуртаваная, магутная кагорта ўласных пісьменьнікаў, якія пішуць яму біяграфіі. Пішуць пра яго, апісваюць ягонае жыцьцё. І яму гэтага дастаткова. А ўсяго астатняга ён не ўспрымае. Тое, што робіць Лукашэнка і яго рэжым, накіравана на ліквідацыю, на поўную ліквідацыю сувэрэннасьці. Ён абсалютна закабаліў гэты народ». (2000)

Пра зьмену сымболікі як падвоенае злачынства

«Нацыянальная сымболіка — атрыбут нацыі. Сьцяг і герб не ствараюцца пад кожны палітычны момант, ці пад пэўнага ўладатрымальніка — яны вечныя і спрадвечныя. Калі ж на пачатку трэцяга тысячагодзьдзя ад Нараджэньня Хрыстовага ў якой нацыі няма гэтай сымболікі, дык няма і нацыі, і наўрад ці ўжо будзе. Шчасьце беларусаў у тым, што гэткая сымболіка ў нас ёсьць, яна дайшла да нас ад сівой даўніны. Але яе ў нас скралі, нахабна абрабавалі нацыю, што страшней за эканамічны рабунак і аналягічна нацыянальнаму генацыду. Ужо адно тое, ня кажучы пра рабунак свабоды, робіць рабаўнікоў злачынцамі — злачынцамі перад нацыяй. Нават калі яны спрабуюць падмяніць, падкласьці замест сьвятыні фальшыўку і патрабаваць да яе павагі як да сьвятыні. Гэта ўжо падвоенае злачынства». (2001)

Пра Незалежнасьць як умову

«Калі б Беларусь была менавіта незалежная, няхай бы яна была бедная, неразьвітая, адсталая ці слаба разьвітая — але калі б яна мела незалежнасьць, усё астатняе прыклалася б. А пакуль што яна не Беларусь, яна проста ператвараецца ў чарговую губэрню Расеі. Хіба не пра гэта сьведчыць уся палітыка сучаснага беларускага рэжыму?» (2002)

Пра ўпэўненасьць, што ня схопяць на вуліцы

«Невялікі спакойны кут, пісьмовы стол, белае папера — гэтага хапае мне. Ня менш важная і ўпэўненасьць у тым, што мяне сярод дня ня схопяць на вуліцы незнаёмыя людзі, якім за гэта заплацілі. Я стары і ня ведаю, ці дачакаюся зьвяржэньня дыктатара Лукашэнкі». (2002)

Васіль Быкаў зь Нілам Гілевічам (справа) і Генадзем Бураўкіным
Васіль Быкаў зь Нілам Гілевічам (справа) і Генадзем Бураўкіным

Пра разгром культуры

«Цяпер ідзе разгром нацыянальнай культуры. Беларускую мову, і без таго пераўтвораную ў помесь, ў трасянку, улады канчаткова перасталі падтрымліваць і сказалі, што яна ім непатрэбная». (2003)

Пра зьбіцьцё дэпутатаў Апазыцыі БНФ

«Усё тое інсьпіравана зьверху, пад кіраўніцтвам быццам бы дэмакратычна абранага прэзыдэнта, у руках якога і без таго засяроджана вялізарная сіла. Раней ён тую сілу праз сваю славутую „вэртыкаль“ пагрозьліва рэалізоўваў на плошчах ды вуліцах… Але самае на ўвесь сьвет ганебнае ён учыніў у парлямэнце, калі прымяніў сілу да жменькі непакорнай апазыцыі… Сёньня ён перамог рукамі „гарылаў“ у чорных масках. Ужо пэўна, што на Беларусі ня будзе парлямэнту, ня будзе дэмакратычных выбараў, зьнікнуць рэшткі вольнае прэсы. Краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта… Беларусь падае яшчэ глыбей у прорву палітыка-эканамічнага крызісу, на выйсьце зь якога страчваюцца апошнія спадзяваньні. Што ж, можна хіба павіншаваць беларусаў зь мінулымі выбарамі. Горай — ня зробіш. Для сябе, для грамадзтва, для нашчадкаў — таксама». (1996)

Пра непатрэбнасьць выбараў для дыктатараў

«Наша выканаўчая ўлада, усе гэтыя выканкамы, прэзыдэнцкія вэртыкалі, а таксама пракуратура, суды, сродкі масавай інфармацыі — дружна працуюць толькі на новаяўленую дыктатуру, якая хутка набірае моц і пагражае пераўтварыцца ў вайсковую дыктатуру лацінаамэрыканскага тыпу… Дыктатарскай уладзе ня трэба ніякіх выбараў, ёй трэба пэўнасьць, гарант, каб сапраўды — усурʼёз і надоўга». (1995)

Пра духоўнасьць зла

«Кажуць, што ў нашым жыцьці шмат зла ад бездухоўнасьці грамадзтва. Але мы бачым іншы бок справы — высокую духоўнасьць, пэўную духоўнасьць сілаў зла. Аказваецца, духоўнасьць можа служыць ня толькі дабру, але і злу. Тое, што мы бачым, гэта і духоўнасьць рэлігійная, духоўнасьць фанатыкаў. Яны не прызнаюць нашых сучасных цывілізаваных маральных каштоўнасьцяў. У гэтым вялікая хіба сучаснай цывілізацыі, якая не пераадолела яшчэ, відаць, наступстваў, цяжкіх наступстваў зла». (2001)

Пра папулізм

«Папулізм, як адзіна магчымы з адносна прымальных сродкаў, таксама заежджаны, запэцканы, і ў нашых умовах, па-сутнасьці, адыёзны, як і іншыя сродкі з багатага арсэналу нашых праціўнікаў. Наўрад ці гожа БНФ карыстацца імі. Усё ж існуе нешта вышэйшае за палітычную ці іншую мэтазгоднасьць, вышэй за яўны і прагматычны палітычны разьлік. Ці гожа забываць, нават у цяжкія часіны, на пэўныя імпэратывы зь ліку хрысьціянскай этыкі, эвангельскай маралі, чалавечага сумленьня, нарэшце?» (1995)

Пра стварэньне «саюзнай дзяржавы»

«Гэта ня толькі сумная справа, гэта, увогуле — злачынства стагодзьдзя. У адносінах да беларускай нацыі — гэта, безумоўна, генацыд, гэта — канец яе гісторыі… Беларусы не змаглі ў XX стагодзьдзі скарыстаць свой гістарычны шанец. З прычыны пэўных нагодаў, канешне. Што тут зробіш. Канешне, трэба было б недзе набрацца аптымізму. Пра гэта цяпер мы ўсе думаем і гаворым, але ўся справа ў тым, дзе яго ўзяць, адкуль ён можа зьявіцца, гэты аптымізм?» (1999)

Пра выкарыстаньне дэмакратыі супраць дэмакратыі

«Безумоўны набытак нашай цывілізацыі, хрысьціянскай цывілізацыі — гэта дэмакратыя. І як гэтую дэмакратыю навучыліся выкарыстоўваць зусім іншыя сілы, сілы антыдэмакратыі! Здабылі такую магчымасьць апранацца ў мантыю дэмакратыі і праводзіць сваю антыдэмакратычную палітыку». (2001)

Укладаньне цытат — Сяргей Навумчык.

Быкаў на Свабодзе: чытайце і слухайце

Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў (1924–2003) стаяў у першых шэрагах дэмакратычнага руху за нацыянальнае адраджэньне ў Беларусі. Ён удзельнічаў у стварэньні Беларускага народнага фронту (1988) і Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (1990), Беларускага Хэльсынскага камітэту (1995) і Беларускага ПЭН-цэнтру (1995). Пасьлядоўны крытык Аляксандра Лукашэнкі, Быкаў стаў сымбалем змаганьня зь ягоным аўтарытарным рэжымам. У 1995-м, пасьля гвалтоўнага разгону галадоўкі апазыцыйных дэпутатаў у Вярхоўным Савеце, ён заявіў аб «прэлюдыі фашыстоўскага перавароту», прадказаўшы, што «краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта».

Васіля Быкава, якога многія беларусы лічылі «сумленьнем нацыі», прыбралі зь дзяржаўных выданьняў, ягоныя кнігі перасталі друкаваць у дзяржаўных выдавецтвах. Пісьменьніка, намінаванага на Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры, прапагандысты шальмавалі, вымусіўшы ехаць у эміграцыю. На Беларусь ён вярнуўся цяжка хворым, усяго за месяц да сьмерці. Пахаваньне Быкава ператварылася ў шматтысячны жалобны мітынг праз цэнтар Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Апошнія 15 гадоў свайго жыцьця Радыё Свабода стала ці не асноўным каналам звароту Быкава да свайго народу. Нашыя слухачы першыя знаёміліся зь яго новымі творамі, а таксама думкамі, ацэнкамі і прагнозамі.

«Быкаў на Свабодзе» (2005): чытаць кнігу (PDF)

Інтэрвію, выступы беларускага клясыка на Радыё Свабода ў 1991–2003 гг., лісты, малюнкі, фота і ўспаміны. «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю „Свабоду“. Тое сталася звычкай і патрэбай душы».

«Быкаў на Свабодзе» (2004): слухаць аўдыёдыск

Збор выступаў клясыка беларускай літаратуры ў этэры Радыё Свабода

«Доўгая дарога дадому» (2010): слухаць аўдыёкнігу

Кніга мэмуараў народнага пісьменьніка Беларусі гучыць у аўтарскім выкананьні. Запіс зроблены ў 2002 годзе ў Празе ў студыі Радыё Свабода. Працягласьць гучаньня — 6 гадзін і 22 хвіліны, тыя самыя лічбы пазначаюць і дату сьмерці Васіля Быкава — 22 чэрвеня.

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG