Партал «Люстэрка» паразмаўляў з прэзыдэнткай Эўрапейскага парлямэнту Рабэртай Мэтсалай пра тое, што будзе з санкцыямі ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі і як зрабіць так, каб у выніку гэтых абмежаваньняў не цярпелі шараговыя беларусы. Яна таксама адказала на пытаньне, ці прызнае ЭЗ пашпарт новай Беларусі.
— Аляксандар Лукашэнка забараніў беларусам, якія жывуць за мяжой, атрымліваць новыя пашпарты безь вяртаньня ў краіну. Для многіх паездка дадому азначае турэмны тэрмін. Офіс Сьвятланы Ціханоўскай працуе над праектам пашпарта Новай Беларусі. Як вы лічыце, ці ёсьць пэрспэктывы прызнаньня гэтага дакумэнту краінамі ЭЗ?
— Гэта сапраўды ўхвальны і амбітны праект. Ён выклікаў шырокую грамадзкую цікавасьць, таму што такім чынам беларускія дэмакратычныя сілы спрабуюць вырашыць праблемы, зь якімі сутыкаюцца беларусы пасьля выезду са сваёй краіны.
Аднак, як вы можаце сабе ўявіць, рэалізаваць гэты праект ня так проста. Для гэтага неабходна зьвесьці разам мноства парамэтраў, якія не заўсёды злучаныя з рашучасьцю людзей, якія падтрымліваюць гэты праект. Тым ня менш я цалкам згодная з тым, што нам неабходна агульнае эўрапейскае вырашэньне гэтай праблемы.
— Суседнія зь Беларусьсю краіны ЭЗ істотна абмежавалі працу пунктаў пропуску на межах з нашай краінай. Памежныя пункты былі закрытыя з прычыны парушэньня правоў чалавека ў Беларусі і міграцыйнага крызісу, справакаванага беларускімі ўладамі. Ці не падаецца вам, што ў выніку адказнасьць за ўсё гэта нясуць простыя грамадзяне, якія спрабуюць трапіць у ЭЗ?
— Улетку 2021 году рэжым Лукашэнкі пачаў гібрыдную атаку на ЭЗ, асабліва на Літву, Польшчу і Латвію, якія сутыкнуліся з новай падступнай пагрозай у выглядзе выкарыстаньня людзей у роспачы, якія спрабуюць знайсьці лепшае жыцьцё ў ЭЗ. Групы мігрантаў падвозіліся ўзброенымі беларускімі сілавікамі да кардонаў краін-чальцоў ЭЗ з мэтай прымусу да нелегальнага пераходу мяжы. Гэта сьведчыць пра цынізм беларускага рэжыму, які, ствараючы напружанасьць на зьнешніх межах ЭЗ, спрабуе адцягнуць увагу ад сытуацыі ў краіне, дзе працягваюцца і нават пагаршаюцца жорсткія рэпрэсіі і парушэньні правоў чалавека.
Лукашэнка ўскосна пакараў простых грамадзян, якія спрабавалі перасекчы межы ЭЗ. Гэтым дзеяньнем ён зноў спрацаваў супраць уласнага народу.
Будзьце ўпэўненыя, што мы працягнем даваць адпор і асуджаць парушэньні правоў чалавека, якія ўчыняюцца рэжымам супраць уласных грамадзян, а таксама разгледзім далейшыя абмежавальныя меры ў дачыненьні да вінаватых.
— Ці разглядае Эўрапарлямэнт нейкія варыянты дзеяньняў, якія б дазволілі забясьпечыць большую ўстойлівасьць і стабільнасьць дапамогі грамадзянскай супольнасьці і незалежным мэдыя?
— Эўрапейскі парлямэнт нязьменна падтрымлівае дэмакратычную Беларусь. Барацьба за свабодную і дэмакратычную Беларусь увасабляе ў сабе каштоўнасьці, на якіх заснаваны Эўразьвяз. Таму мы ня можам забыць народ Беларусі і павінны прызнаць, што яго барацьба — гэта барацьба за каштоўнасьці, якія вызначаюць наш кантынэнт. Мы цьвёрда перакананыя, што санкцыі супраць нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі павінны быць узмоцненыя за ягоныя злачынствы супраць беларусаў і за ягоную ролю ў агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны.
Мы таксама выступалі за выпрацоўку агульнай пазыцыі па абароне і падтрымцы тых, хто ўцёк ад рэпрэсій і знайшоў прытулак у Эўразьвязе. Гэтыя галасы павінныя быць пачутыя, каб сьвет даведаўся, на якія жахі здольны Лукашэнка.
— У 2023 годзе ў Эўрапарлямэнце абмяркоўвалі намеры ўнесьці зьмены ў заканадаўства, якія дазволяць грамадзянам краін, якія не ўваходзяць у ЭЗ, атрымаць сталы від на жыхарства пасьля трох гадоў сталага пражываньня замест пяці. Як ідзе праца ў гэтым напрамку і ці ёсьць разуменьне нацыянальных урадаў наконт мэтазгоднасьці гэтых зьмен?
— На думку Эўрапарлямэнту, дзяржавы-чальцы павінны даваць статус доўгатэрміновага рэзыдэнта ЭЗ грамадзянам трэціх краін, якія легальна і бесьперапынна пражывалі на іх тэрыторыі на працягу трох гадоў. Мы таксама прапануем паскорыць працэс разгляду заяў.
Сэнс Дырэктывы аб доўгатэрміновым пражываньні палягае ў тым, каб спрасьціць атрыманьне статусу доўгатэрміновага рэзыдэнта ЭЗ, дазволіўшы грамадзянам трэціх краін падсумоўваць пэрыяды пражываньня ў розных дзяржавах — чальцах ЭЗ, каб выканаць патрабаваньне аб працягласьці пражываньня. Прапанова таксама накіраваная на ўмацаваньне правоў доўгатэрміновых рэзыдэнтаў і чальцоў іх сем’яў.
Перамовы паміж Эўрапарлямэнтам і дзяржавамі-чальцамі яшчэ працягваюцца, таму складана назваць тэрміны. Аднак будзьце ўпэўненыя, што Эўрапейскі парлямэнт зробіць усё магчымае, каб прасоўваць гэтае пытаньне і на працягу наступнага тэрміну сваёй працы.
Форум